Лідскі раён з канцэртам наведаў выбітны зямляк, кіраўнік дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята» Вячаслаў Статкевіч

05 Августа 2020 1630
Вярнуўшыся з раённага свята “Звініць каса – жыве вёска”, я запытала ў калег: “Адгадайце, хто ў рамках рэспубліканскай акцыі “Майстры мастацтва – працаўнікам сяла” наведаў з канцэртам Лідчыну? Даю падказку: мастацкі кіраўнік, артыст-вакаліст гурта “Свята” – першага ў Беларусі ансамбля, які пачаў адраджаць народную музыку, уладальнік медаля Францыска Скарыны, але галоўнае – наш зямляк”. Ведаеце, ніхто не прасіў “дапамогу залы” або пару хвілін на тое, каб падумаць, – адказ быў імгненны: “Вячаслаў Статкевіч”.

Так, менавіта ён наведаў наш раён і даў за адзін дзень два канцэрты: у аграгарадках Дзітва і Ганчары. А яшчэ Вячаслаў сам падышоў да мяне са словамі: “Я ведаю “Лідскую газету”, я адданы яе прыхільнік. У мяне нават захоўваюцца некалькі нумароў “Уперад”, выразкі з газет. Ды што там, я рос, сталеў разам з вашымі журналістамі і працягваю гэта рабіць. Я падпісаны на ўсе акаўнты вашага выдання ў сацыяльных сетках, штодня сачу за жыццём малой радзімы”, – эмацыйна адзначыў ён.

Што ж, спадзяёмся, што дадзеная публікацыя таксама зойме сваё месца ў асабістай газетнай падшыўцы Вячаслава Статкевіча, будзе “пралайкана” і “разрэпошчана” ў інтэрнэце. 

Дарэчы, нагодай напісаць гэты тэкст быў не толькі прыезд нашага вядомага земляка (хаця, безумоўна, дадзены факт заслугоўвае ўвагі), але і тое, з чым, з якім падарункам ён завітаў на малую радзіму. А размова ідзе пра канцэрт “Жыве ў сэрцы музыка народа”.




– Гэта юбілейны канцэрт, прымеркаваны да 35-годдзя ансамбля “Свята”, з якім мы гастралюем амаль год. У праграме – і добра вядомыя песні, і прэм’еры. Дзевяноста працэнтаў яе – гэта народныя песні і танцы, а астатнія… А вось няхай чытачы “пагугляць” у інтэрнэце, знойдуць поўнае відэа і самі паслухаюць, – захоўвае інтрыгу Вячаслаў.

Журналіст “Лідскай газеты” пацвярджае: відэаверсія канцэрта ёсць, яе можна знайсці і яе насамрэч варта паслухаць усім аматарам жывога гуку, якаснай музыкі і народных матываў. Паўтары гадзіны асалоды вам гарантаваныя.





Аднак хіба магла гутарка з таленавітым і выбітным земляком абысціся без яго ўспамінаў пра дзяцінства, пра тую Лідчыну, якую ён памятае юнаком? Канешне, не.

– Я нарадзіўся на хутары недалёка ад вёскі Рэпнікі, – апавядае Вячаслаў Статкевіч. – Калісьці ў гэтай вёсцы жыло больш за 150 чалавек, а цяпер… Цяпер жыхароў па пальцах можна пералічыць. Майго бацькоўскага дома наогул не захавалася… Я люблю прыязджаць на малую радзіму. Заўсёды адчуваю цэлую гаму пачуццяў – ад радасці да суму, – таму што большасці людзей, родных і вельмі дарагіх мне, ужо няма. Але застаюцца тыя, хто па-ранейшаму жыве на Лідчыне і чые дзверы для мяне заўсёды адчыненыя. На жаль, часу завітаць да кожнага заўсёды не хапае. У гэты раз я заехаў на могілкі павітацца з бацькамі, праехаў міма касцёла ў Белагрудзе, дзе мяне хрысцілі, сустрэўся з сястрой, якая жыве ў Вінкаўцах… Ведаеце, ночы перад прыездам у Ліду ў мяне заўсёды праходзяць неспакойна. Раз за разам я пракручваю ў памяці свае дзяцінства, юнацтва, якія прайшлі ў Рэпніках. Ведаеце, я аб’ездзіў шмат краін і гарадоў, але ўсе мае сны звязаныя менавіта з гэтым месцам.


Вячаслаў Статкевіч запэўніў, што, нягледзячы на тое што ён даўно стаў жыхаром сталіцы – Мінска, – хлопец ён самы што ні на ёсць вясковы. І ён памятае свае карані, ганарыцца імі. 

– Я і сенаваць умею, і дровы рыхтаваць, і лапату ў руках трымаць, і кароў пасвіць. Вяскоўцы мяне заўсёды хвалілі (хаця і не без жарту): “Артыст, а стог складзе лепей за каго!” – з усмешкай расказаў кіраўнік ансамбля “Свята”. 

А затым Вячаслаў Статкевіч падзяліўся вось такімі назіраннямі: “Каля Рэпнікаў працякала рачулка, якая ўпадала ў Дзітву, – Чарняўка. І яна працякла, лічы, праз усё маё жыццё. Пад Мінскам у мяне ёсць дача, дык побач працякае таксама… Чарняўка. Дзявочае прозвішча маёй жонкі – Чарняўская”.




У канцы нашай сустрэчы артыст дадаў, што быць патрыётам сваёй краіны – гэта значыць, быць з ёй заўсёды, прытрымлівацца тых традыцый, якія былі закладзеныя продкамі, захоўваць мір і спакой, цаніць тое, што стваралася і ствараецца. “Я не ведаю іншых краін, дзе людзі адчувалі б сябе ў такой бяспецы, як у Беларусі, дзе б аб народзе клапаціліся так, як робяць гэта ў нас. Я ўдзячны за гэту ўпэўненасць”, – скончыў размову Вячаслаў Статкевіч.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться