Жых-жых-жых – пракос гатовы. У Лідскім раёне прайшоў конкурс ручнога сенакашэння

23 Июля 2020 2244
На Лідчыне не даюць знікнуць дзедаўскім традыцыям ручнога сенакашэння і пяты год запар ладзяць раённы конкурс «Звініць каса – жыве вёска». Сёлета ён атрымаўся як ніколі відовішчным і масавым: касілі не ад работы, а дзеля яе ажно 22 касцы рознага ўзросту і з розных населеных пунктаў нашага рэгіёна.  

У кожнай сялянскай працы ёсць свой талент. Але нідзе ён так яскрава не праяўляецца, як на касьбе, таму што тут усе становяцца ў доўгі шэраг, адзін за адным, і адразу відаць, хто на што здольны: у каго пракосы шырэйшыя ды чысцейшыя, а трава пасля сенакосу ніжэйшая. Кожная вёска ведае сваіх лепшых касцоў, і самі яны ведаюць, што яны лепшыя, і ўпотай ганарацца гэтым. 

Канешне, звычайную “дзедаўскую” касу сёння выкарыстоўваюць усё радзей, аддаючы перавагу больш зручным бензакосам, трымерам і газонакасілкам. Але думаць, што гэтая калісьці сапраўды фундаментальная традыцыя зусім аджывае сваё, таксама памылкова. Журналіст “Лідскай газеты” асабіста пераканаўся, што многія на Лідчыне па-ранейшаму выкарыстоўваюць ручное сенакашэнне ў гаспадарцы – душа і рукі патрабуюць. Не дзеля таго, каб паставіць пад сумненне, а каб у чарговы раз падкрэсліць майстэрства кожнага касца паасобку, у Ганчарах і праходзіць вядомае на ўсю Гродзенскую вобласць спаборніцтва “Звініць каса – жыве вёска”. 




Пятнічны вечар. Слых лавіў знаёмыя гукі беларускіх народных песень, у такт якім раздавалася рытмічнае і зладжанае “жых-жых-жых” – гэта ўдзельнікі конкурсу “Звініць каса – жыве вёска!” стараліся. І з кожным узмахам трава, якая толькі шамацела, падала-сцялілася, а за спінай касца заставаўся шырокі пракос. Усё як у даўніну – прыгажосць! Перабівала гэтую “музыку” хіба што шушуканне шматлікіх гледачоў, якія досыць крытычна абменьваліся меркаваннямі аб выступленні касцоў (зразумела, кожны перажываў і падтрымліваў свайго). “Хутка пакасіў”, – з веданнем справы казаў свайму таварышу мужчына сярэдніх гадоў. “Што з гэтай хуткасці, калі не чыста?!” – уступіла ў размову жанчына, якая стаяла побач.




А 22 касцы стараліся. І справа была не столькі ў жаданні перамагчы, колькі ў тым, каб напрацавацца ўдосталь, атрымаць асалоду ад моманту. І нараўне з усімі ішла адзіная жанчына-ўдзельніца з аграгарадка Беліца Галіна Брэйва.


– Я з 10 гадоў кашу – бацька навучыў. І заўсёды я з ім плячо ў плячо нарыхтоўвала сена для жывёлы. Я вам так скажу: не складаней гэта, чым мыць, прыбіраць або гатаваць. Ды і жанчыны нашы, беларускія, фору любому мужыку дадуць! – з гонарам, каб усе пачулі, сказала Галіна.


Здаўна нашы продкі лічылі, што сенакос нясе абнаўленне душы і цела: пакосныя травы, сплеценыя ў травяныя паясы, давалі чалавеку здароўе, пазбаўлялі ад многіх хвароб, выконвалі функцыю абярэга. Таму, згодна з традыцыяй, у пачатку конкурсу кожны ўдзельнік быў апаясаны такім абярэгам 

Зрэшты, мужчыны на гэтыя словы не пакрыўдзіліся, толькі ўсміхнуліся. Найбольш шырокай, напэўна, была ўсмешка ў 63-гадовага Эдуарда Келя з аграгарадка Дзітва. На конкурс ён прыехаў упершыню, ды не адзін, а з памочнікамі – двума сынамі Аляксандрам і Віталіем.

– Я ўжо на пенсіі, да гэтага працаваў начальнікам участка на торфабрыкетным заводзе, – апавядае Эдуард Дамінікавіч. – Каса, канешне, не шарыкавая ручка – цяжэй будзе, але абыходзіцца з ёй я ўмею добра. У апошнія гады мы з касой летам амаль не расстаёмся: у мяне ёсць вёска, там вялікі ўчастак, з выхадам на пенсію завёў скаціну. Дык для яе трэба ж корм нарыхтаваць. Адна карова з’ядае некалькі вазоў сена! Вось і лічыце… 


Эдуард Кель звярнуў увагу на час, калі праходзіў конкурс. “Вось мы косім увечары, а не раніцай, хаця кажуць, што раса касе памочніца. Тут некаторыя абураліся, маўлялі, непарадак. Але я чуў, што скошаная менавіта ўвечары трава захоўвае больш карысных якасцей. Аднак дзе праўда, я не ведаю. Сам кашу і раніцай, і ўвечары – арыентуюся выключна на надвор’е, таму што настрой на гэтую працу ў мяне ёсць заўсёды. Па-першае, у маім узросце патрэбны пастаянны рух. Па-другое, каса – гэта лепшы трэнажор (тут табе і спіна роўная, і рукі моцныя, і талія нешырокая) і псіхолаг, падчас “размовы” з якім пра ўсё перадумаеш, успомніш, знойдзеш адказы на жыццёвыя пытанні”, – падзяліўся разважаннямі Эдуард Кель. А ў канцы паўшэптам жартаўліва дадаў: “Я сыноў навошта ўзяў? Каб шанцаў на перамогу было больш. Глядзіш, хто-небудзь з нас якое месца ды зойме”.


Стаўка згуляла, ды яшчэ як! Старэйшы сын – Аляксандр (на здымку зверху) – стаў не проста прызёрам, а пераможцам пятага, юбілейнага, раённага конкурсу “Звініць каса – жыве вёска!”. Якасць і чысціня касьбы, эстэтычны выгляд пракосу, выпраўка і стан самаго касца падчас касьбы журы ацаніла вышэйшым балам. Прынамсі, Аляксандр Эдуардавіч займае кіруючую пасаду – з’яўляецца начальнікам вытворчага ўчастка будаўнічай кампаніі БМУ №7. Другое месца заняў лідчанін Леанід Станіславовіч. 


84-гадовы Іван Матусевіч з аграгарадка Ганчары быў самым старэйшым удзельнікам конкурсу (самаму маладому было 20 гадоў, і ён прадстаўляў Пескаўцы). Нягледзячы на свой сталы ўзрост, пенсіянер заняў трэцяе месца ў спаборніцтве і атрымаў з рук намесніка старшыні Лідскага райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольгі Наройчык дыплом, ад старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Аляксандра Марсава – грашовую ўзнагароду   

Конкурс ручнога сенакашэння ў гэтым годзе арганізатары ператварылі ў сапраўдны фестываль-свята. Акрамя спаборніцтваў касцоў, для гасцей мерапрыемства прайшоў канцэрт з удзелам творчых калектываў Лідчыны, былі арганізаваны выязны гандаль, майстар-класы, працавалі атракцыёны. Сапраўднай іскрынкай мерапрыемства стаў гадзінны канцэрт заслужанага калектыву Беларусі дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца наш выбітны зямляк Вячаслаў Статкевіч (інтэрв’ю з ім і ўспаміны аб малой радзіме чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў “Лідскай газеты”).











Касьба лічыцца традыцыйна мужчынскім заняткам. Жаночая справа – сабраць касцу з сабой на пакос “i хлеб, i да хлеба”





Леанід Станіславовіч з Ліды паказаў майстар-клас па разборцы і зборцы касы з завязанымі вачыма. Вось табе і гарадскі! 







Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться