«Шукайце і прыводзьце да нас маладых аўтараў». Адбылася творчая прэзентацыя членаў народнага аматарскага аб’яднання «МузАльянс»

05 Февраля 2020 1487

У мінулую пятніцу ў Палацы культуры адбылася творчая прэзентацыя членаў народнага аматарскага аб’яднання «МузАльянс» «Смиренный друг поэзии прекрасной».

Упершыню ў новым 2020 годзе члены аб’яднання сабраліся разам, каб з вуснаў яго кіраўніка Васіля Горгуля пачуць, якія мерапрыемствы з удзелам «МузАльянса» запланаваны на гэты год, а таксама самім выступіць перад аўдыторыяй.

А запланавана на гэты год шмат. Гэта будуць і масавыя мерапрыемствы, і камерныя, і літаратурныя гасцёўні, і арт-сустрэчы, і мастацкія выстаўкі (нагадаем, што ў «МузАльянс» уваходзяць не толькі паэты, але і мастакі, спевакі, кампазітары, чытальнікі).

Да Міжнароднага дня роднай мовы будзе прымеркавана музычна-паэтычная праграма «Жывы выток зямлі беларускай», у якой, акрамя «МузАльянса», прымуць удзел некаторыя іншыя калектывы Палаца культуры, а таксама калектывы і салісты музычнага каледжа. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны, 22 лютага, адбудзецца музычная арт-гасцёўня з удзелам паэтаў, кампазітараў і мастакоў Лідчыны «И память рождает поэзии строки», прысвечаная 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Свае мерапрыемствы запланаваны і да Дня жанчын, да Дня паэзіі.

А яшчэ ёсць у Васіля Канстанцінавіча задумка арганізаваць арт-сустрэчу з маладымі аўтарамі. Дарэчы, дзве зусім маладыя пачынаючыя паэткі – Яна Гурская і Мілена Лаванда – прысутнічалі на прэзентацыі, ім таксама была дадзена магчымасць выступіць. «Моладзь мы будзем усяляк падтрымліваць, – адзначыў Васіль Горгуль і звярнуўся да сталых членаў аб’яднання: – Шукайце, прыводзьце да нас маладых аўтараў – мы ім заўсёды дапаможам самарэалізавацца на сцэне».

У больш аддаленай перспектыве – арт-канект праграма «So-творчество» з удзелам паэтэсы, мастачкі, работніка аддзела рамёстваў Ірыны Вашкевіч, мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства, да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча (апошняе – сумесна з народным драматычным тэатрам «Ракурс»). Зразумела, будуць прыцягвацца ўдзельнікі «МузАльянса» і да ўдзелу ў мерапрыемствах у рамках культурнай сталіцы года. Само аб’яднанне «МузАльянс» сёлета будзе пацвярджаць званне народнага.

Была дадзена ў той вечар магчымасць выступіць лідскім паэтам-членам «МузАльянса». Ваенна-патрыятычныя вершы чыталі перад прысутнымі Уладзімір Дронаў, Людміла Шахлай-Краснадубская, Людміла Русь, вершы пра каханне – Вольга Верасняк, Вольга Ашмяна-Бічэль, Сяргей Аўласаў, гумарыстычныя вершы – Ірына Маркевіч і Ала Юшко. Былі ў праграме вечара таксама музычныя нумары ў выкананні даўняга сябра «МузАльянса», скрыпачкі, кіраўніка народнага ансамбля скрыпачоў «Славяначка» Аліцыі Казак.



 
 
 
 
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться