З лідскімі паэтамі сустрэлася пісьменніца, публіцыст, перакладчык, рэдактар літаратурна-публіцыстычнага інтэрнэт-часопіса «Русская Балтика»

22 Января 2020 1500

Нядаўна ў сяброў літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” зноў з’явілася нагода сабрацца разам у канферэнц-зале раённай бібліятэкі: у Ліду на некалькі дзён прыехала пагасціць пісьменніца, публіцыст, перакладчык, рэдактар літаратурна-публіцыстычнага інтэрнэт-часопіса “Русская Балтика” (Клайпеда, Літва) Наталля Лаяўскене.

Памятаючы аб сувязях часопіса з лідскім “Суквеццем”, наладжаных яшчэ ў 2017 годзе, Наталля Мікалаеўна проста не магла не сустрэцца з лідскімі творцамі. Ды і сам горад Ліда для яе не чужы…

Наталля Мікалаеўна Лаяўскене (дзявочае прозвішча і літаратурны псеўданім – Наталля Карнілава) нарадзілася ў Архангельскай вобласці, але ўжо з ранняга дзяцінства жыла з бацькамі ў Лідзе, тут скончыла сярэднюю школу №6. У 1982 годзе паехала вучыцца ў Калінінград – і з тае пары яе жыццё цесна звязана з Прыбалтыкай. У Калінінградскім універсітэце атрымала філалагічную адукацыю (руская мова), пазней, у 90-я гады, вучылася ў Клайпедскім універсітэце на выкладчыка нямецкай мовы.

Піша пераважна празаічныя творы, займаецца таксама перакладамі з нямецкай, літоўскай і польскай моў на рускую мову. Выйшла сем яе кніг малой прозы і артыкулаў: “Куда приводят сны” (Клайпеда, 2010), “Шаги” (Масква, 2012), “День рождения” (Масква, 2013), “Янтарь” (Масква, Клайпеда, 2013), “Повести. Монах” (Клайпеда, 2015), “Семейное гнездо” (Клайпеда, 2016), “Не прервать связь времен” (Клайпеда, 2019). З’яўляецца складальнікам, аўтарам і перакладчыкам на рускую мову зборнікаў вершаў сучасных літоўскіх паэтаў “Судьбой дана Литва” (Клайпеда, 2014), “Приоткрытые окна” (Клайпеда, 2018). З 2012 года з’яўляецца рэдактарам інтэрнэт-часопіса “Русская Балтика”.

У Лідзе і цяпер жывуць яе маці і сям’я брата. Горад сваіх дзяцінства і юнацтва Наталля Лаяўскене наведвае два разы ў год. Вось і нядаўна пісьменніца, публіцыст, перакладчык і рэдактар часопіса з Клайпеды некалькі дзён гасцявала ў Лідзе. Сустрэлася яна і з сябрамі літаб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”.

– Часопіс “Русская Балтика” існуе ў электронным выглядзе, – расказвае Наталля Мікалаеўна ў інтэрв’ю для “Лідскай газеты”. – Наш сайт – www.russbalt.lt. Спачатку ён быў толькі літаратурным, пазней стаў літаратурна-публіцыстычным, а з 2018 года ў ім змяшчаюцца таксама навіны. Літаратурная частка часопіса абнаўляецца штомесяц, навіны змяшчаем кожны дзень. “Русская Балтика” – стартавая пляцоўка для кожнага паэта, пісьменніка, публіцыста, хто хоча данесці свае творы, артыкулы да шырокай грамадскасці. На сённяшні дзень у нас каля шасцідзесяці аўтараў, кожны трэці з іх – літоўскі. Друкуюцца ў нас таксама аўтары з Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Ізраіля, ЗША. Творы на літоўскай, польскай, нямецкай мовах мы перакладаем на рускую. Беларускамоўныя ж творы не перакладаем, друкуем у арыгінале. Дарэчы, у Клайпедзе існуе вялікая беларуская абшчына, сярод іншых абшчын яна самая актыўная. Старшыня яе – Мікалай Логвін, таксама былы лідчанін, скончыў у Лідзе сярэднюю школу №10.

– У нашым “Суквецці” на дадзены момант амаль няма маладых аўтараў, гэта наша праблема. А як абстаяць справы з маладымі аўтарамі ў вашым часопісе?

– У нас такая праблема таксама існуе. Наш часопіс актыўна шукае маладых творцаў. Моладзь мы імкнёмся друкаваць у першую чаргу.

– Друкуеце і вершы, і прозу? Якім тэмам аддаяце перавагу?

– Творы друкуем і вершаваныя, і празаічныя, на самыя розныя тэмы, але ў апошнія гады ў нашым часопісе дамінуе гістарычная тэматыка.

– З якімі літаратурнымі суполкамі супрацоўнічаеце, акрамя нашага “Суквецця”?

– У Клайпедзе з намі цесна супрацоўнічае вялікае літаратурнае аб’яднанне рускамоўных літоўскіх аўтараў “Среда”, кіруе якім паэтэса з беларускімі каранямі Таццяна Чарных. Аўтары “Среды” таксама маюць магчымасць друкавацца ў літаратурным дадатку да газеты “Клайпеда”, які называецца “Капли янтаря” і выходзіць раз у месяц. Маем мы зносіны і з калінінградскім літаратурным аб’яднаннем, друкуем іх паэтаў і празаікаў, а яны, у сваю чаргу, друкуюць нашых аўтараў у сваім часопісе “Балтия”.

– Ці думалі аб тым, каб выходзіць у папяровым варыянце?

– Мы аб гэтым думалі, але пакуль здзейсніць гэта вельмі складана, патрэбны спонсары, вялікія фінансавыя ўліванні. З другога боку, інтэрнэт сёння даступны вельмі многім, і кола нашых чытачоў вельмі шырокае. Нас чытаюць актыўна, прычым у розных кутках свету. Час паказаў, што часопіс “Русская Балтика” цікавы і патрэбны і аўтарам, і чытачам.

– І на заканчэнне нашай размовы раскажыце крыху аб вашых сувязях з лідскім “Суквеццем”. Якія лідскія аўтары ў вас ужо друкаваліся?

– З вашым літаратурным аб’яднаннем мы падтрымліваем сувязь з 2017 года, яшчэ калі яго ўзначальваў Алесь Хітрун. Хачу адзначыць, што лідскія аўтары таксама здольныя і таленавітыя. На старонках “Русской Балтики” ўжо друкаваліся вершы Смарагда Сліўко (іх нам перадала яго ўдава Ірэна Сліўко), Ірыны Бараздзіной, Ірыны Маркевіч і некаторых іншых. Думаю, пасля сённяшняй сустрэчы спіс нашых лідскіх літаратурных сяброў папоўніцца. Будзем сябраваць і далей.

P. S. У час па-хатняму цёплай сустрэчы ў канферэнц-зале раённай бібліятэкі кожны прысутны сябар “Суквецця” перадаў Наталлі Мікалаеўне кнігу або рукапісы сваіх твораў. У сваю чаргу, не выключана, што на літаратурнай старонцы “Лідскай газеты” ў будучым з’явяцца асобныя творы аўтараў “Русской Балтики”, у тым ліку ўрыўкі з прозы самаго рэдактара інтэрнэт-часопіса Наталлі Лаяўскене, якую Лідчына можа лічыць сваёй.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться