Крэатыўнасць ва ўсім, або чым на Дні пісьменства ў Слоніме здзіўлялі лідчане
04 Сентября 2019
2197
На фестывалі кнігі і прэсы – і кнігі лідскіх паэтаў
Прыняла ўдзел у свяце і рэдакцыя «Лідскай газеты». Да прамастойкі на плошчы па вуліцы Чырвонаармейскай падыходзілі жыхары і госці горада. Жывую цікавасць у іх выклікалі не толькі свежыя нумары раёнкі, але і кнігі мясцовых аўтараў, якія спецыяльна на свята ў горад Слонім прывёз супрацоўнік “Лідскай газеты”, кіраўнік літаратурнага аб'яднання «Суквецце» Аляксандр Мацулевіч.
– Галоўнымі героямі невялікай, але вельмі пазнавальнай выставы сталі самыя свежыя паэтычныя зборнікі лідскіх аўтараў, старонкі якіх яшчэ пахнуць фарбай выдавецкага станка, – заўважыў Аляксандр. – Гэта кнігі Уладзіміра Васько, Міхася Мельніка, Станіславы Белагаловай, Таццяны Сямёнавай, Ірыны Бараздзіной і многіх іншых. Вельмі хацелася азнаёміць сланімчан з літаратурным жыццём Лідчыны, паказаць, наколькі яно насычанае.
– У зборнік увайшлі гістарычныя творы, а таксама творы, прысвечаныя знакавым асобам агульнанацыянальнага маштабу, і, вядома, на сучасную тэматыку. Рады, што да яго такая цікавасць.
А вам «слабо» скласці літаратурнае меню?
Упершыню ў рамках Дня беларускага пісьменства ў Слоніме прайшоў гастрафэст. Кулінарныя шэдэўры, якія да свята падрыхтавалі прадпрыемствы Гродзеншчыны, – тэма нумар адзін для абмеркавання. Кожная пляцоўка была прысвечана пэўнаму беларускаму твору, а стравы, узятыя з яго, абавязкова адпавядалі сваім літаратурным аналагам. Хтосьці звярнуўся да твораў Адама Міцкевіча, хтосьці – Якуба Коласа. Лідчане таксама не засталіся ўбаку, узяўшы за аснову канцэпцыі стала «Энеіду навыварат».
– Нацыянальныя стравы беларускай кухні, якія згадваюцца ў творы, мы прадставілі як гастранамічнае падарожжа Энея, – распавядае культарганізатар кафэ «Стары горад» ГЦ “Патсдам” Леанід Парынюк. – Тут можна азнаёміцца з рознымі кулінарнымі шэдэўрамі, якімі частаваўся галоўны герой. Моманты яго падарожжа ў выглядзе гарачых харчовых ласункаў прадстаўлены на нашай выставе.
Крупеня з грыбамі, камы са смятанай, парасяціна смажаная, пернікі... Лідскія кулінары сцвярджаюць: усе прапорцыі выкананыя, стравы аўтэнтычныя. Паспрабаваўшы, разумееш: адарвацца ад іх немагчыма.
– За тыдзень пачалі рыхтавацца да свята, – заўважыла намеснік дырэктара па грамадскім харчаванні ГЦ «Патсдам» Жанна Казлоўская. – Зрабілі 1000 порцый свінога і 300 порцый курынага шашлыка. У шырокім асартыменце выпечка. Адбою няма ад жадаючых прадэгуставаць лідскія гасцінцы. А мы толькі рады. Прыемнага апетыту ўсім гасцям сталіцы Дня беларускага пісьменства!
Ткалі ручнікі
Нарасхват, як гарачыя піражкі, разыходзіліся ў тыя святочныя дні сувеніры ад аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Як аказалася, найбольшым попытам у мясцовых жыхароў і гасцей свята карысталіся тканыя паясы і ручнікі ад лідскіх майстроў.
– На такія важныя мерапрыемствы мы заўсёды з гонарам прывозім нашу нематэрыяльную спадчыну – шматнітавае белае ткацтва Панямоння, а таксама шырокі асартымент сувенірнай прадукцыі, – заўважыла карэспандэнту «Лідскай газеты» загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Алена Шчэліна. – Карыстаюцца попытам і вельмі папулярныя ў моладзі сучасныя сумачкі з тэкстылю, якія былі вытканыя нашымі майстрыхамі, абярэгі, гліняныя статуэткі, карціны.
– Ахвотных паспрабаваць сябе ў гэтым рамястве шмат, – адзначыла малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая. – У асноўным гэта людзі старэйшага пакалення, паколькі ткацтва ім знаёмае. Падыходзяць, размаўляюць, фатаграфуюцца і, вядома, захапляюцца: станок з тых далёкіх часоў працуе, а значыць, ёсць пераемнасць традыцый.
Закахаліся ў «Каханачку»
Годна прадставілі сябе на свяце сама-дзейныя калектывы Лідчыны. Гэта ўзорны ансамбль танца «Крышталікі», народны ансамбль песні і танца «Лідчанка», народны ансамбль музыкі «Гудскі гармонік», народны ансамбль беларускай музыкі «Прынямонцы» настаўнікаў ДУА «Бярозаўская ДШМ», народны ансамбль бытавых інструментаў «Каханачка», а таксама народны клуб рыцарскіх мастацтваў і сярэднявечнага мадэлявання «Dies Magna».
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.