«Сто лят» творчасці жадалі Анатолю Брусевічу лидскія паэты

24 Октября 2013 7975

За вокнамі залатая восень, а ў доміку Таўлая па вуліцы Замкавай – пачатак новага цыкла цікавых літаратурных сустрэч з мясцовымі і прыезджымі аўтарамі. Днямі ў доміку гасцяваў паэт, перакладчык, кандыдат філалагічных навук з Гродна Анатоль Аляксандравіч Брусевіч. Сустрэча з ім адбылася ў рамках чарговага пасяджэння літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”.

Як навуковец Анатоль Брусевіч – даследчык гісторыі польскай літаратуры, польска-беларускіх літаратурных сувязяў, дацэнт кафедры польскай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Як паэт друкуецца з 1989 года ў беларускіх і замежных выданнях. З 2013 года – сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар кніг паэзіі “Дуэль” (1992), “Падаю ў неба” (2006), “Апошні дзень” (2013). Вершы Анатоля Брусевіча перакладаліся на рускую, польскую, літоўскую, грузінскую, англійскую мовы. Сам жа Анатоль Аляксандравіч – аўтар перакладаў таксама з некалькіх моў. На беларускую мову ім перакладзены драма Георгія Каніскага “Уваскрэсенне мёртвых”, “Трэны” Яна Каханоўскага, асобныя вершы Адама Міцкевіча, Лейба Найдуса, Рымантаса Ванагаса, Іраклія Какабадзе. Дарэчы, “Трэны” ў перакладзе Анатоля Брусевіча – першы ў Беларусі пераклад твораў Яна Каханоўскага.

З мэтай прэзентацыі свайго новага зборніка вершаў “Апошні дзень” Анатоль Аляксандравіч арганізаваў невялікае турнэ па гарадах Беларусі і Польшчы. У маршрут паэта трапіў і наш горад Ліда. Ліда стала адным з прыпынкаў Анатоля Брусевіча ў яго паездцы дзякуючы кіраўніку літаратурнага аб’яднання “Суквецце” Алесю Хітруну, які ў бягучым годзе скончыў ГрДУ і чыім выкладчыкам да нядаўняга часу быў Анатоль Аляксандравіч. Ды і Ліда, па прызнанні шаноўнага госця, горад для яго не чужы, з ёй у яго звязаны толькі добрыя ўспаміны: у Лідзе Анатоль Брусевіч дапісваў сваю кандыдацкую дысертацыю, з Ліды родам яго жонка, тут да нядаўняга часу жыла яго цешча (зараз жыве ў Гродне). Наш горад згадваецца ў асобных вершах паэта. А яшчэ Анатоль Аляксандравіч расказваў, што ягоны дзед па мацярынскай лініі пры “польскім часе” трымаў у Лідзе краму. 

Перад лідскімі калегамі па паэтычнаму “цэху” Анатоль Брусевіч чытаў вершы са свайго новага зборніка, адказваў на пытанні прысутных, разважаў з імі аб паэзіі. 

brusq

У кнігу “Апошні дзень” увайшлі вершы, напісаныя паэтам у розныя гады. Сам паэт называе сябе неадэкадэнтам. Верш, на яго думку, нельга скласці розумам – павінна быць праца душы, панаванне эмоцый, перажыванняў. У многіх вершах паэта прысутнічае вобраз шляху, дарогі, блізкі кожнаму чытачу, які крочыць у сваім жыцці да якойсьці мэты. 

Назву зборніка – “Апошні дзень” – Анатоль Брусевіч просіць не лічыць сумнай, змрочнай, песімістычнай. Апошні дзень у кантэксце аўтара – гэта час падвядзення вынікаў, падсумоўвання здабыткаў на пэўным адрэзку жыцця. “Кожны дзень трэба пражываць як апошні, каб не разменьваць жыццё на дробязі, каб яно было поўным, змястоўным, яркім” – такая жыццёвая філасофія паэта.

У заканчэнне варта дадаць, што на сустрэчы з Анатолем Брусевічам у Лідзе, акрамя паэтаў, прысутнічаў і бард Сяржук Чарняк, які зрабіў госцю з Гродна прыемны падарунак – пад гітару выканаў песню-экспромт на адзін з вершаў паэта. Крыху пазней разам з бардам усе прысутныя праспявалі для даследчыка польскай літаратуры вядомае “Сто лят!”

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться