У Лідзе распачаліся урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 75-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

02 Июля 2019 2230

Фінальным акордам сённяшніх мерапрыемстваў стаў урачысты сход «Я з гонарам гляджу на незалежную Радзіму», які адбыўся ў вялікай зале Палаца культуры горада Ліды. Першым вітаў гасцей старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Карповіч:

— Усё далей і далей адыходзіць той вялікі дзень, калі 75 гадоў таму вораг быў выгнаны з нашай роднай зямлі. Сотні слаўных сыноў і дачок склалі галовы на палях бітваў, загінулі ў лагерах, у фашысцкай няволі, ад голаду і хвароб. Але праяўленыя імі гераізм і стойкасць былі па заслугах ацэнены Радзімай. Роўным баявому быў і подзвіг аднаўлення народнай гаспадаркі. Мы цэнім незалежнасць маладой беларускай дзяржавы. Аднак незалежнасць прадугледжвае не толькі свабоду. У першую чаргу гэта каласальная адказнасць. Прычым адказнасць кожнага з нас — за краіну, народ, выбар гістарычнага шляху. За гэтым — велізарныя намаганні тых, хто сваёй карпатлівай штодзённай працай умацоўвае магутнасць нашай краіны.

Па словах Міхаіла Канстанцінавіча, Лідскі раён можа ганарыцца сваім годным укладам у развіццё Гродзеншчыны, якая ў гэтым годзе адзначае сваё 75-годдзе. На працягу шэрагу гадоў сістэмы адукацыі і спорту нашага раёна з'яўляюцца лідарамі ў вобласці. Прадпрыемствы Лідчыны, якія вырабляюць прадукты харчавання, хімічную прадукцыю, вылічальную, электронную і аптычную апаратуру, сельскагаспадарчую тэхніку, складаюць значную частку яе прамысловага комплексу.

— Тры ганаровыя ўзнагароды па выніках конкурсу "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь" уручаны ААТ “Лідскія харчовыя канцэнтраты”, — адзначаў у сваім выступленні кіраўнік раёна. — ЗАТ "Каскад" распрацавала серыю столевых люстраў, якія ўпрыгожылі залы Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Мінскага гарадскога Палаца культуры, храма Усіх Святых. У нашым раёне немалая ўвага ўдзяляецца стварэнню камфортных умоў пражывання грамадзян, паляпшэнню іх жыллёвых умоў. На працягу апошняга перыяду было пабудавана 12 шматкватэрных жылых дамоў. Ужо сёлета ўведзены 2 дамы на 137 кватэр, у 57 з якіх паселяцца шматдзетныя сем'і. Таксама набліжаецца да завяршэння будаўніцтва дзіцячага садка ў мікрараёне Індустрыяльны. Сёлета ў свае сцены ён прыме 230 дзяцей.

Ганарыцца Лідчына і сваімі землякамі. Звання «Чалавек года Гродзеншчыны» ў гэтым годзе ўдастоены галоўны рэдактар “Лідскай газеты” Кацярына Серафіновіч, начальнік раённага вузла паштовай сувязі Ала Віннічак, урач-педыятр пульманалагічнага аддзялення Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы Эла Рында. Лепшымі па выніках 2018 года, з занясеннем на абласную Дошку гонару, сталі гімназія №1 г. Ліды (дырэктар – Ірына Рубцэвіч) і адкрытае акцыянернае таварыства «Лідскі камбінат бытавых паслуг» (дырэктар – Святлана Дыска).

З нагоды свята – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – традыцыйна ўшаноўваюцца Ганаровыя грамадзяне Лідскага раёна. Сёння іх спіс папоўніўся новымі імёнамі. У іх ліку выкладчык установы адукацыі “Лідскі дзяржаўны музычны каледж” Сяргей Бугасаў. Акрамя педагагічнай дзейнасці, Сяргей Іванавіч актыўна займаецца складаннем харавых твораў, якія карыстаюцца папулярнасцю, уваходзяць у рэпертуар прафесійных творчых калектываў Рэспублікі Беларусь. Творчыя калектывы пад яго кіраўніцтвам адрозніваюцца высокім узроўнем выканальніцкага майстэрства і неаднаразова станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх, абласных аглядаў-конкурсаў. А хто не ведае загадчыка музея Лідскага гарадскога ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віктара Вайтулевіча, які працуе ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі з 1978 года, а са студзеня 2019 года кіруе музеем Лідскага ГУП ЖКГ? Больш за 19 гадоў узначальвае дзяржаўную ўстанову сацыяльнага абслугоўвання "Лідскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў" Ядзвіга Стацэвіч. Праца калетктыву была адзначана на самым высокім узроўні. Установа ўжо не раз станавілася пераможцам рэспубліканскага конкурсу сярод псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў. Дарэчы, сёння ён стаў першым у рэспубліцы, які ўкараніў новую форму працы – вяртанне дзеяздольнасці.

У святочнай атмасферы нвшым землякам былі ўручаны пасведчанні, падарункі, ганаровыя стужкі і кветкі. Цырымонія ўзнагароджання прадоўжылася. Пад апладысменты прысутных на сцэну выходзілі ганаровыя грамадзяне: пракурор Лідскага раёна з 1984 па 2003 год Аляксандр Аляксандравіч Жураўскі, старшыня праўлення калгаса “Бердаўка” Лідскага раёна з 1964 па 1993 год Аляксандр Аляксандравіч Каранюк, загадчык уралагічнага аддзялення ўстановы аховы здароўя “Лідская цэнтральная раённая бальніца” з 1988 па 2011 год Станіслаў Іванавіч Мамчыц, генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Лідскае піва” з 1986 па 2009 год Уладзімір Якаўлевіч Юфа, старшыня Лідскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю Віктар Дзям’янавіч Кандратаў, начальнік Лідскіх цеплавых сетак з 1957 па 2002 год Пётр Рыгоравіч Гардзіёнак.

Па розных асабістых абставінах на свяце, на жаль, не мелі магчымасці прысутнічаць архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, урач-неўролаг установы аховы здароўя “Лідская цэнтральная раённая бальніца” Людміла Мікалаеўна Фаміна, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта з 2004 па 2011 год Андрэй Паўлавіч Худык, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія №1 горада Ліды” Наталля Андрэеўна Зайцава, дырэктар сярэдняй школы № 8 г. Ліды з 1969 па 2004 год Валянцін Фёдаравіч Казакоў. Ад імя ўсіх лідчан за прыклад для сучаснай моладзі, імкненне паспяхова здзяйсняць добрыя справы і ствараць новае дзеля росквіту нашай краіны ім былі выказаны словы ўдзячнасці.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь заснаваны юбілейны медаль «75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». У гэты святочны дзень дзяржаўную ўзнагароду атрымалі прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый Лідскага раёна.

Падчас святочнага мерапрыемства перад прысутнымі ў зале выступалі вядучыя творчыя і самадзейныя калектывы Лідчыны, а таксама эстрадна-духавы аркестр Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь.
























Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться