Па старонках нашай гісторыі. Школа №1

15 Ноября 2017 4350

У чэрвені 1928 г. магістрат горада Ліды аб'явіў тэндар на будаўніцтва гмаху агульнаадукацыйнай школы аб’ёмам каля 12 610 м3.

Будынак Лідскай агульнаадукацыйнай школы з'яўляецца цікавай ілюстрацыяй праблемы каадукацыі (сумеснага навучання хлопчыкаў і дзяўчынак) у міжваенны перыяд. Праблема мела вялікі ўплыў на праектаванне школ. Першыя каадукацыйныя школы з'явіліся у другой палове XIX ст. Але каадукацыя яшчэ доўга заставалася дыскусійнай праблемай. Таму школы ў архітэктурным сэнсе часта праектаваліся ў адным будынку, але былі падзеленыя на дзве паловы з асобным уваходам. У вёсках і малых мястэчках сумеснае навучанне мела і эканамічны сэнс з-за невялікай колькасці вучняў. Некаторыя, рэдка ўжываныя, памяшканні – гімнастычная зала, спецыялізаваныя навучальныя класы ці адміністрацыйныя памяшканні – праектаваліся як супольныя, але так, каб хлопцы не маглі патрапіць на жаночую палову.

Такія «сіметрычныя» школы добра атрымлівалася праектаваць у стылі неакласіцызму, дастаткова папулярным у 1920-х гг. у Еўропе. Адно крыло школы было мужчынскім, а другое – жаночым, яны мелі свае ўваходы, а ў частцы, якая злучала два крылы школы, месціліся пакоі настаўнікаў, гімнастычная зала, тут жа быў галоўны ўваход у школу. У новым гмаху размясціліся агульнаадукацыйныя школы №№ 1 і 2, левае крыло – для хлопчыкаў, правае – для дзяўчынак. Лідская агульнаадукацыйная школа – ідэальны ўзор такога праекту.

Падчас будаўніцтва

Да канца 1928 г. будаўнікі павінны былі выканаць земляныя, цяслярскія работы і пабудаваць сцены. «Камень і цэглу дае магістрат. Да тэндара будуць дапушчаны толькі зарэгістраваныя будаўнічыя фірмы. ... Праект школы і варункі тэндара знаходзяцца ў Магістраце. ... Ліда, 21 ліпеня 1928 г.». Так пачыналася будаўніцтва гмаху сучаснай школы №1 г. Ліды.

У канцы жніўня 1929 г. прэса пісала: «На будаўніцтве вялікага падвоенага будынка агульнаадукацыйнай школы імя прэзідэнта Рэчы Паспалітай ужо цалкам скончаны вонкавыя работы. Таксама заканчваецца будаўніцтва вялікага будынка новай дзяржаўнай гімназіі». Яшчэ да канца будаўніцтва будучай школе было нададзена імя прэзідэнта Габрыэля Нарутовіча, забітага тэрарыстам у 1922 г.

Раніцай 25 верасня 1929 г. тагачасны прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі наведаў Ліду. Павітаўшыся і паразмаўляўшы з лідзянамі, прэзідэнт наведаў Фарны касцёл, потым прысутнічаў на ўрачыстым пасяджэнні ўправы Народнага банка. У 13 гадзін Масціцкі паехаў да гмаху толькі што пабудаванай школы імя Габрыэля Нарутовіча і прыняў удзел у яе ўрачыстым асвячэнні і адкрыцці. Потым у актавай зале школы прэзідэнт паабедаў з прадстаўнікамі грамадскасці Ліды.

12

Прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі ўрачыста адчыняе школу (25 верасня 1929 г.). За спінай прэзідэнта – пляцоўка, дзе хутка пабудуюць стадыён.

Пасля абеду вышэйшая службовая асоба наведала выставу ў рамеснай школе і выехала ў Беняконі. Прэса паведаміла, што, акрамя агульнаадукацыйнай школы, дзякуючы магістрату, у новым будынку «з пачаткам навучальнага года адкрыецца ... школа павышэння кваліфікацыі рамеснікаў».

Першыя ўрокі

Аднак адкрыццё школы прэзідэнтам Польшчы яшчэ не азначала, што будаўніцтва закончылася. Праца будаўнікоў працягвалася, і толькі ў пачатку красавіка 1930 г. школьны гмах імя прэзідэнта Нарутовіча быў прыняты адмысловай камісіяй, якая прызнала, што будынак узведзены якасна і цалкам адпавядае свайму прызначэнню. Было вырашана зрабіць яшчэ агароджу і школьны стадыён. Першыя ўрокі ў новым будынку адбыліся толькі 10 красавіка 1930 г. Гэты дзень можна святкаваць як дзень нараджэння сучаснай школы № 1 г. Ліды.

На левым порціку школы быў пазначаны 1928 г. (пачатак будаўніцтва школы), на правым – 1929 г. (год ганаровага адкрыцця школы прэзідэнтам Масціцкім).

Газета “Навагрудскае жыццё” пісала: «Адкрылася агульнаадукацыйная школа. ... гмах памерам 13 300 м3 пабудаваны за 801 000 злотых згодна з найноўшымі патрабаваннямі і складаецца з дзвюх школ-блізнятаў, мае 7 класных пакояў для агульнага выкладання, 1 залу прыродазнаўства, 1 залу ручной працы і 1 гімнастычную залу». Першай пачала працаваць мужчынская школа.

Амаль што адразу ў школе пачаў працаваць краязнаўчы музей. У пачатку сакавіка 1930 г. ў Забалацкай гміне знойдзены 2 малаткі з часанага каменю, якія праз нейкі час былі перададзены ў музей школ №№ 1 і 2.

3

Выгляд школы ў пачатку 1930-х гг.

У маі 1930 г. у новы гмах імя прэзідэнта Нарутовіча была перамешчна і жаночая школа. «Зараз школьная моладзь зможа карыстацца самым новым абсталяваннем школы, і мы не памылімся, калі скажам, што вучні будуць мець усё самае лепшае. Школа мае вялікія класы, дасканалую вентыляцыю, шырокія вокны, замест былых лавак – столікі з пюпітрамі, і для кожнага вучня – зручнае крэсла. Таксама ёсць адмысловы гімнастычны зал і майстэрні». А з «Навагрудскага жыцця» дазнаёмся, што «ў новы школьны гмах на Выгане жаночая школа перанесена з вуліцы Замкавай».

Педагагічны калектыў

У канцы 1930-х гг. дырэктарам школы №1 быў Юзаф Міхнеўскі. Настаўнікі: Уладзіслаў Бочак, Дуброўнікава, Ян Казлоўскі, Казлоўская, Тэадозія Каметава, Калокшча, Юзэфа Міхнеўская, Эдвард Крыстафовіч, Анна Аляхновіч, Вінцэнт Новак.

Лідзянін Уладзіслаў Нарушэвіч пісаў: «Таксама перайшлі са старой ў гэтую новую школу прэфект ксёндз Лявонці Касперак і настаўнік спеваў Міхал Драмовіч – самы сімпатычны і любімы класам, навучыў нас мноству песеняк, пераважна з часоў студзеньскага паўстання, вялікім знаўцам якога быў. Польскай мове і гісторыі вучыла нас Тэрэза Тарашэвіч, прыстойная бландзінка ў веку Талімены... Настаўнікам матэматыкі, якая называлася ў той час лічэннем, быў Яўген Абуховіч, высокі, хударлявы мужчына з лысінай, якая ўсё павялічвалася. Вучыў нас таксама фізіцы... Настаўнікам ручной працы і малявання быў Станіслаў Філіповіч, бландзін сярэдніх гадоў і прыемнай знешнасці. Пачаў піць пасля смерці жонкі, якую вельмі кахаў. Настаўнікам гімнастыкі быў Ян Сякула, высокі, са спартыўнай фігурай, смуглым тварам... У нашай школе, як і ў іншых агульнаадукацыйных школах, хлопцы павінны былі быць стрыжаныя пад нуль. Гэта было зразумелым, як неабходнасць у барацьбе з вашывасцю, і ні ў каго не выклікала супраціўлення».

У 1930-я гг., падчас выбараў, у школе месцілася выбарчая камісія 3-й выбарчай акругі горада.

Зараз у будынку былых школ № 1 i № 2 знаходзіцца СШ № 1. Падчас вайны тут працаваў шпіталь. У 1970-х гг. школа № 1 славілася сваім матэматычным класам, які скончыла шмат цікавых і вядомых людзей.

Цікавыя знаходкі

Нядаўна школьны будынак перабудаваны, і ў значнай ступені, ён страціў рысы свайго першапачатковага архітэктурнага стылю – неакласіцызму. Падчас рэканструкцыі на школьным гарышчы быў знойдзены школьны сцяг з імем Габрыэля Нарутовіча. Сцяг з аднаго боку белы, з другога – чырвоны, на ім вышыты абраз Маці Божай і герб у выглядзе арла з каронай. Сцяг школы знайшлі паміж кроквамі, калі пачалі капітальны рамонт даху, ён быў у нядрэнным стане і пасля кансервацыі захоўваецца ў школьным музеі. Пры рэканструкцыі школы былі знойдзены і савецкія дакументы, выдадзеныя перад вайной у Казахстане і Узбекістане, іх маглі схаваць у пачатку вайны, у 1941 г.

Па суседстве са школай

Трэба сказаць пра цікавы жылы дом (яго сучасны адрас – вул. 7 Лістапада, 4), які стаіць каля школы. Гэта дом павятовага лекара Вітольда Стасевіча (1900-1975), быў пабудаваны да 1935 г. (тагачасны адрас – вул. 11 Лістапада, 4). Дом мае выразныя рысы новазакапанскага стылю – малыя пакойчыкі на паддашшы і высокі «ламаны» мансардны дах з выгнутымі кроквамі. Дачка лекара Стасевіча – прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюкова (1929-2011) – пісала пра гэты дом: «Бацькі вырашылі пабудаваць уласны дом, прыстасаваны да іх патрэб. Акрамя жылых пакояў, у ім павінен быў быць асобны лекарскі кабінет з пачакальняй, каля дома быў пабудаваны гараж (сям'я доктара валодала аўтамабілем «Фіят». – Л. Л.), быў сад-агарод ... Не ведаю, у якім годзе паўстаў дом, але памятаю, што ў 1935 годзе мы ўжо жылі ў ім і бацька займаў пасаду павятовага лекара... Як выглядаў той мураваны дом па вуліцы 11 Лістапада? Ён стаяў на невялікім прыгорку і меў два ўваходы. Перад двума ўваходнымі дзвярамі было некалькі прыступак, адны дзверы вялі ў чатыры жылыя пакоі з кухняй і ваннай, другія – у маленькі калідорчык, з якога быў уваход у лекарскую пачакальню, а з пачакальні – у кабінет лекара, дзе працаваў мой бацька... Ён працаваў практычна цэлы дзень, з кароткім перапынкам на абед і гадзінным адпачынкам».

4

Лідзянка Ларыса Канчэўская ўспамінала пра гэты дом: «У нашым коле ў 1950-1960-х гадах усе называлі гэты ... дом ... «генеральскім». ... У ... доме, глуха агароджаным высокім плотам, адзін час жыў генерал Ігнацьеў, вельмі высокі, прыгожы стары, Герой Савецкага Саюза. Ён часта выступаў на гарадскіх піянерскіх злётах, вельмі цікава апавядаў аб тым, як ваяваў у партызанскай кавалерыйскай брыгадзе Каўпака, і аб многім іншым. Па-мойму, ён ваяваў і ў грамадзянскую вайну. Мне і маім аднагодкам ён здаваўся вельмі старым, а ён быў равеснікам стагоддзя – гэта значыць, у 1957-м яму было 57 гадоў... Увесь наш раён лічыўся элітным для таго часу. І сапраўды: паблізу – ні адной разваліны, акуратныя тратуары, усё ў зеляніне, дарогі забрукаваныя, а зусім побач – прамавугольнік паміж вуліцамі Перамогі, Савецкай, Кірава і Ленінскай – руіны, бітая цэгла, заваленыя камянямі падвалы, варонкі ад бомб. Улетку яны зарасталі крапівой, лопухам, высокай лебядой. Так добра было там хавацца, ладзіць гульні!»

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться