Абраны птушыны сімвал раёна. Ім стала белая чапля

14 Июня 2017 2164

Народнае галасаванне па выбары пярнатага сімвала Лідскага рэгіёна завяршылася. Большасцю галасоў перамога дасталася…

Але перш чым аб'явіць вынікі, хацелася б нагадаць, што лідчанам былі прапанаваны тры кандыдаты: цецярук, белая чапля і дрозд-рабіннік – усе гэтыя віды, акрамя таго што жывуць на тэрыторыі раёна, яшчэ і з'яўляюцца значнымі ў нацыянальным і нават міжнародным маштабе. А значыць – прывабнымі для фотааматараў, турыстаў.

Галасаванне адбывалася ў сацыяльных сетках “Аднакласнікі” і “ВКонтакте” розных груп. Найбольш актыўна наконт лепшага ў іх разуменні татэма лідчане выказвалі сваю пазіцыю ў групах “Лідскай газеты”: за тры тыдні тут назбіралася амаль 180 “галачак”, і гэта без малога палова ад усёй колькасці галасоў. У выніку на трэцім месцы спыніўся дрозд-рабіннік, на другім – цецярук. Безумоўным лідарам жа стала белая чапля – за яе прагаласавалі 224 чалавекі.

Што далей? Гэта мы спыталі ў дырэктара Лідскага раённага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Жанны Цехановіч, якая непасрэдна курыруе гэтае пытанне. Як патлумачыла Жанна Мікалаеўна, у бліжэйшы час будзе накіраваны ліст у Лідскі райвыканкам – на афіцыйнае зацвярджэнне птушкі-сімвала рэгіёна па выніках народнага галасавання (гэтае пытанне разгледзяць на бліжэйшай сесіі раённага Савета дэпутатаў (як мы даведаліся ў яго старшыні Інэсы Белуш, мерапрыемства запланавана на ліпень)).

Далей будзе распрацаваны план мерапрыемстваў па папулярызацыі пярнатага татэма. Напрыклад, у іншых гарадах Беларусі, дзе птушка-сімвал ужо зацверджана, яе вобраз шырока выкарыстоўваюць на сувенірнай прадукцыі, у добраўпарадкаванні горада (у выглядзе малых архітэктурных формаў, графіці на будынках).

– За парадай, як зрабіць белую чаплю брэндам Лідскага раёна, мы таксама звернемся да ініцыятараў ідэі – грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», – у іх ужо маецца напрацаваны вопыт, які можа быць нам карысным, – дадала Жанна Цехановіч. – Як бы там ні было, аб тым, што белая чапля з'яўляецца сімвалам Лідскага раёна, будзе заяўлена гучна!

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться