Крокі пілігрымаў да святыні ў Тракелях

12 Июля 2018 2404

6Вёска Тракелі Воранаўскага раёна вельмі блізкая да нашага. Але не столькі адлегласцю па карце, колькі праезджанымі кіламетрамі, пройдзенымі крокамі пілігрымаў – кожны год некалькі соцень каталіцкіх вернікаў з усіх парафій Лідскага раёна прымаюць удзел ва ўрачыстасцях у гонар Божай Маці Тракельскай, заступніцы сем’яў. А ў гэтым годзе адзіны ва ўсёй Гродзенскай вобласці санктуарый стаў для лідчан яшчэ бліжэй: капелан капліцы Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы, вікарый парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі слабадскога касцёла Юрый Бяганскі быў прызначаны каталіцкім біскупам Аляксандрам Кашкевічам новым пробашчам парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях.

– Шмат гадоў я быў удзельнікам розных пілігрымак: спачатку хадзіў пад сцягам ваўкавыскай парафіі, затым лідскіх – Святой Сям’і і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, – распавядае журналісту “Лідскай газеты” ксёндз Юрый Бяганскі. – Цяпер я аўтар гэтай вялікай урачыстасці ў гонар Маці Божай Тракельскай. Канешне, я адчуваю адказнасць, але мне падабаецца гэтая арганізацыйная праца. У гэтыя выхадныя я сустрэў больш за паўтары тысячы пілігрымаў з усіх куткоў не толькі Беларусі, але і другіх краін. Самаму маленькаму з іх было ўсяго 7 месяцаў, самаму сталаму – каля 80 гадоў. Яны прыйшлі з вялікай радасцю, з’яўляючыся прыкладам для іншых. Я ўдзячны кожнаму. Упэўнены, каб данесці штосьці іншым сэрцам, трэба ўкласці нешта сваё. І людзі гэта робяць.

Кожны год у Тракелі пілігрымы нясуць шмат інтэнцый, як падзяк, так і просьбаў. Людзі вераць, што моц блаславення спашле на іх сем’і і блізкіх Божыя ласкі, а просьбы, якія яны трымаюць у сваіх сэрцах і давяраюць Марыі, будуць споўнены. Напрыклад, найбольшае жаданне сям’і Сургель з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны касцёла Святога Юзафа Каласанса, што ў мікрараёне Індустрыяльны, – гэта здароўе для дзетак.

– У сыноў праблемы са зрокам, за іх вырашэнне і молімся, – сказала маці Ірына. – Пяшком я ішла са старэйшым – дзесяцігадовым Аляксеем. Уначы ён, праўда, паехаў дамоў. Але замест яго прыехаў малодшы – чатырохгадовы Павел.

2

Ірына Сургель прызналася, што пасля школы пешшу ў пілігрымку не хадзіла, і сёлета быў яе першы раз пасля доўгага перапынку (не дазваляла праца, а цяпер яна ў водпуску). Між іншым, яны з мужам Аляксандрам пастаянна ходзяць у касцёл, прывялі да веры і сваіх дзяцей. “У групе нас было больш за 90 чалавек. Па дарозе пад'ехаў біскуп Аляксандр Кашкевіч, даў блаславенне. Вялікая радасць напаўняе маё сэрца, адчуваю такую лёгкасць і адухоўленасць, што не перадаць словамі”, – дадала верніца.

3

Кожны год далучаюцца да ўрачыстасцяў ў Тракелях і гандлёвыя прадпрыемствы Ліды, выстаўляючы тут свае палаткі. У гэтым годзе ўласную прадукцыю і прадукцыю іншых вытворцаў прадставілі ГПФ “Ліда” і УКП ГЦ “Патсдам”.

4

Але галоўнае, канешне, малітва, якая не спынялася амаль суткі, і святочная літургія. У наступным годзе Тракелі адзначацца трайным мерапрыемствам: 25-годдзем існавання санктуарыя, 10-годдзем каранацыі абраза Маці Божай Тракельскай і 220-годдзем з дня адкрыцця касцёла. “Плануецца новая праграма, якая будзе агучана прыкладна за паўгода да вялікай урачыстасці. Канешне, чакаем яшчэ больш пілігрымаў, бо без іх адзіны ў Гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі санктуарый не можа жыць. Гэта зямля напоўнена цудамі, вылячэннямі многіх людзей – аб гэтым ёсць сведчанні. Але хачу папрасіць тых, хто атрымаў свой цуд, але яшчэ не засведчыў, зрабіць гэта – для гісторыі і спадчыны, для новых пакаленняў”, – запрасіў усіх новы пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях – ксёндз Юрый Бяганскі.

5

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться