Лідскі сямікласнік прыдумаў, як атрымліваць святло ад скарыстанай батарэйкі

23 Марта 2016 3499

На працягу апошніх год першай у абласным рэйтынгу дасягненняў навучэнцаў заўсёды гучыць Лідчына. Юныя лідчане – гэта і пастаянныя прызёры рэспубліканскіх алімпіяд, і пераможцы прэстыжных конкурсаў, і лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Амаль кожная лідская ўстанова адукацыі можа пахваліцца такімі навучэнцамі. Свае зорачкі ёсць і ў цэнтры тэхнічнай творчасці. Менавіта сюды ў карэспандэнта “Лідскай газеты” была падстава зазірнуць: Антон Лысенка, выхаванец гуртка “Радыёэлектроніка”, кіруе якім Вяслаў Ярмак, стаў лаўрэатам ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон” са сваім праектам “Альтэрнатыўныя крыніцы сілкавання”.

Знешне ўстаноўка Антона выглядае, здавалася б, больш чым сціпла: звычайныя скарыстаныя элементы сілкавання далучаны да тых ці іншых электрычных установак. Але колькі карысці прыносіць!.. Увесь сакрэт: элементы – менавіта скарыстаныя. Дзякуючы вынаходцы Антона іх дзейнасць можна максімальна працягнуць і карыстацца для сваіх патрэб нашмат даўжэй.

– Рабіў Антон усё практычна сам, – гаворыць яго выкладчык Вяслаў Ярмак. – Самому прыйшла ідэя, сам шукаў шляхі яе ажыццяўлення. Увогуле, здатны хлопец. Займаецца ў нас з трэцяга класа (а зараз – у сёмым), апошні год – прафесійна. У школе №16 вучыцца таксама паспяхова. Удзельнічае ўсюды (яго цяжка злавіць): то ў валейбол гуляе, то спявае, то апаратуру школьную рамантуе, штосьці паяе... Такіх, як ён, адзінкі. Штучны “тавар”.

090

У цэнтр тэхнічнай творчасці займацца прыходзіць нямала хлопцаў. Тых, каго выкладчыкі без перабольшання могуць назваць тэхнічнымі геніямі, няшмат, але яны заўсёды ёсць. Вяслаў Часлававіч не можа не назваць свайго леташняга вучня (сёлета ён ужо студэнт БДУІР) Дзмітрыя Сакалоўскага: “Аб ім можна сказаць: ён навучыўся чытаць па падручніку электронікі. Так-так... Мама купіла кнігу, і ён самастойна навучыўся па ёй чытаць”. Неаднаразова Дзіма з Вяславам Часлававічам удзельнічалі ў прэстыжным конкурсе “Тэхнаінтэлект”, які праводзіць БНТУ. Тройчы на абласным этапе ў лідчаніна былі першыя месцы. У рэспубліканскім туры перамога таксама была, лічы, у руках Дзімы. І толькі па некаторых знешніх прычынах дасталася іншаму. Нягледзячы ні на што, упэўненасць і прага да ўдасканалення ў Дзмітрыя толькі ўзмацніліся. Так што аб ім мы тут, у Лідзе, пэўна, яшчэ пачуем.

2016

Дарэчы, у Вяслава Часлававіча адзіны гурток радыёэлектронікі на ўсю Гродзенскую вобласць. Сёлета гуртку спаўняецца дваццаць год. На працягу гэтага часу ён ні разу не зачыняўся і заўсёды быў папулярны сярод лідскіх хлопцаў. “Цяпер у нас чатыры групы, больш за 60 удзельнікаў з усіх школ горада, ліцэяў, гімназіі, – апавядае Вяслаў Часлававіч. – Займаемся пяць дзён на тыдзень (пасля 17.00 у буднія дні і з 11.00 да вечара ў выхадныя дні). Галоўнае – дзецям цікава, пасля заняткаў яны з ахвотай ідуць да нас, дзе не толькі займаюцца любімай справай, але і адпачываюць пасля працоўнага дня ў калектыве аднадумцаў. А між тым навучальны год працягваецца, у планах нашых педагогаў – удзел у раённых, абласных, а магчыма, і рэспубліканскіх конкурсах і выставах. Усё, чаго атрымалася ці яшчэ атрымаецца дасягнуць, дзякуючы таму, што ў нас такі калектыў. Тут усе, пачынаючы з дырэктара, неяк удала падабраліся, сышліся... Таму хочацца працаваць і працаваць, дапамагаць вынаходзіць, адкрываць”.

dip

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться