У гасцях літаратурнага аб’яднання «Лідскай газеты» «Суквецце» – пісьменнікі з Гродна
Чарговы сезон творчых сустрэч у рамках дзейнасці літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” завяршыўся сустрэчай з дэлегацыяй пісьменнікаў з Гродна, якая адбылася ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. У госці да сяброў “Суквецця” прыехалі старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, паэтэса Людміла Кебіч, паэтэсы Людміла Шаўчэнка, Вікторыя Смолка.
На сустрэчы прысутнічала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, в. а. дырэктара – галоўнага рэдактара ДУ “Рэдакцыя “ЛідаМедыяКампанія” Кацярына Серафіновіч. У сваім прывітальным слове Кацярына Адамаўна адзначыла, што ёй прыемна бачыць у канферэнц-зале столькі людзей, якія застаюцца вернымі мастацкаму слову, падкрэсліла, што вершы лідскіх паэтаў рэгулярна друкуюцца на літаратурнай старонцы “Лідскай газеты”, а таксама падзялілася задумкай арганізаваць творчы конкурс да 700-годдзя Ліды, якое будзе адзначацца ў наступным годзе.
Затым перад сябрамі “Суквецця” выступілі госці з Гродна. Паэты з абласнога цэнтра азнаёмілі са сваімі новымі кнігамі (якія ў час сустрэчы можна было набыць), зачыталі асобныя свае вершы, прэзентавалі новы нумар альманаха “На нёманскай хвалі”.
Паэты Лідчыны, у сваю чаргу, мелі магчымасць зачытаць свае вершы гродзенскім калегам па літаратурнаму цэху, на месцы атрымаць ад іх парады.