Праект «Бяром пачатак свой ад замкавых муроў». Што было на тэрыторыі Ліды да будаўніцтва замка і чаму гэту мясцовасць выбраў Гедымін?

04 Октября 2021 1706
Час бяжыць… Зусім хутка, у 2023 годзе, наш слаўны горад Ліда адзначыць сваё 700-годдзе. Для горада 700 гадоў – узрост даволі шаноўны. Юбілей горада, як і юбілей чалавека, – нагода азірнуцца назад, “пракруціць” пройдзены жыццёвы шлях, успомніць самыя яркія, самыя значныя эпізоды з жыцця (у дадзеным жа выпадку – з гісторыі горада). Ліда мае багатую гісторыю, і пагартаць старонкі гэтай гісторыі, пачынаючы з заснавання горада, мы запрашаем чытачоў у рамках нашага новага праекта, сумеснага з Лідскім гісторыка-мастацкім музеем, – “Бяром пачатак свой ад замкавых муроў”. 

Так, менавіта з пачатку ўзвядзення па загадзе Вялікага князя Гедыміна мураванага замка (1323 год) прынята весці адлік гісторыі нашага горада. Аднак Ліда як паселішча існавала задоўга да часоў Гедыміна. Вялікай інфармацыяй аб двух заснаваннях Ліды, аб паходжанні гэтай мілагучнай назвы, якая асацыюецца з жаночым імем, аб узвядзенні Лідскага замка падзяліўся з газетай старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Валерый Васільевіч СЛІЎКІН. Разам з ім пачынаем серыю нашых экскурсаў у гісторыю горада-юбіляра…

Да ведама. У лютым 1991 года ў газеце “Уперад”, папярэдніцы “Лідскай газеты”, быў апублікаваны артыкул Валерыя Сліўкіна “Заснаванне Ліды”, які паклаў пачатак яго краязнаўчым публікацыям. За трыццаць гадоў Валерый Васільевіч апублікаваў больш за 400 артыкулаў. Яго публікацыі ў свой час паўплывалі на ўключэнне ў спіс аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны 50 аб’ектаў Ліды і Лідскага раёна. Агульнымі намаганнямі неабыякавых да сваёй гісторыі гараджан і кіраўніцтва раёна і вобласці быў адноўлены Лідскі замак. Ліда стала буйным турыстычным цэнтрам. У гонар заснавальніка горада Вялікага князя Гедыміна ў Лідзе названы бульвар і пастаўлены помнік – бронзавы Гедымін на кані.

Пагранічны фарпост на мяжы са славянамі

Даўным-даўно, у глыбокай старажытнасці, усю таежную паласу Усходняй Еўропы, ад Балтыйскага мора да басейна Волгі, займалі літоўскія плямёны. У VII-VIII стагоддзях на гэтыя тэрыторыі прыйшлі славянскія плямёны. У Х-ХІ стагоддзях яны занялі левабярэжжа Нёмана, заснавалі гарады Гарадзен, Ваўкавыск, Услонім, Наўгародак. Правабярэжжа Нёмана было заселена пазней – у ХІ-ХІІ стагоддзях. Славяне заснавалі прынёманскія вёскі Дакудава, Ганчары, Ганцавічы, Сялец, Беліцу, Збляны, Панямонцы, Пескаўцы, Моцевічы, Орлю, Турэйск. Паблізу гэтых вёсак археолагі знайшлі вялізныя селішчы: на паўднёвай ускраіне Дакудава – селішча ХІ-ХІV стст. працягласцю 1,5 км, шырынёй да 200 м; у паўтара кіламетрах на захад ад вёскі Агароднікі; каля вёскі Ганцавічы – селішча ХІ-ХІІІ стст.; селішчы ля Беліцы; два селішчы ХІ-ХІV стст. у ваколіцах вёскі Збляны; вялізнае (450х150 м) селішча ля Пескаўцаў; селішча ХІ-ХІІІ стст. у 300 м ад вёскі Моцевічы. Далейшае прасоўванне славян на поўнач упёрлася ў шырокія, непраходныя Дакудаўскія і Дзітвянскія балоты. Гэтыя балоты, як горныя хрыбты, сталі неадольнай перашкодай да прасоўвання.

– Ліда з’явілася на тэрыторыі дагістарычнай Літвы, – сцвярджае Валерый Сліўкін. – Лідская зямля ніколі не ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі, у адрозненне ад гродзенскай, ваўкавыскай, слонімскай і навагрудскай земляў. Ліда існавала ў ХІ-ХІІІ стагоддзях як пагранічны фарпост на мяжы са славянамі, якія жылі на тэрыторыі Прынёмання. Аб дастаткова шчыльным засяленні тэрыторыі вакол Ліды сведчаць знойдзеныя шматлікія крамянёвыя вырабы, сякеры, кераміка. Калі гаварыць адным сказам, Ліда як паселішча была заснавана ў ХІ-ХІІІ стагоддзях літоўскім племем дзукаў.

Лясная высечка на шчупаковай рэчцы

Ліда чатыры разы згадваецца ў «Хроніцы Быхаўца», тры разы – у «Хроніцы літоўскай і жамойцкай», па два разы – у Яўрэінаўскім летапісе і летапісе Рачынскага і па адным разе – у летапісах Акадэмічным, Археалагічнага таварыства, Віленскім, Красінскага, Альшэўскім, Румянцаўскім, Супрасльскім і «Летапісцы Вялікіх князёў літоўскіх». І ўсюды назва горада пішацца як Ліда. У нямецкай хроніцы Ёханеса Фойта, польскіх хроніках Яна Длугаша, Мацея Стрыйкоўскага і Быхаўца пішацца Lida. І толькі ў двух дакументах ад 10 студзеня 1389 г., пераведзеных з рускай мовы на польскую, назва горада запісана як Lyda.

– У Поўным 16-томным літоўскім слоўніку, – гаворыць Валерый Васільевіч, – слова lida мае тры значэнні. Першае – высечка. Другое – праводзіны, суправаджэнне памерлага. І, нарэшце, трэцяе значэнне – здзяйсненне сапраўднай уніі, адзінства, яднанне. Трэці варыянт перакладу – “яднанне” – вельмі эфектны. Можна ўявіць, як на беразе Лідзейкі, у дуброве ля крыніцы, сабраліся літоўскія князі з Нальшан, Упітэ, Дзяволтвы і наваградскі князь і заключылі сяброўскі саюз (такая падзея магла мець месца ў другой палове ХІІІ стагоддзя).

Але гісторыкі прынялі больш верагодную версію ўзнікнення назвы Ліда – ад значэнняў “высечка”, “участак, раскарчаваны ад лесу”. Тым больш што ў беларускай мове ёсць аналагічнае слова ляда – дзялянка высечанага лесу, хмызняку, пустка, высечка, месца ў лесе, расчышчанае пад пасеў або сенажаць. На тэрыторыі Беларусі маецца 14 паселішчаў, назвы якіх паходзяць ад слова ляда: Ляда, Лядо (2), Ляды (4), Лядзец, Лядно, Лядзіны, Лядск, Лядавічы, Каменная Ляда, Старое Лядно. З высечкай добра асацыюецца рэчка Лідзейка (lideka з літоўскай мовы перакладаецца як шчупак). Ліда на Лідзейцы – лясная высечка на шчупаковай рэчцы.

Легенды ў горада таксама ёсць

У 60-я гады мінулага стагоддзя мясцовыя краязнаўцы прыдумалі легенду аб паходжанні назвы горада ад жаночага імені Ліда. Паводле гэтай легенды, самая малодшая (і, канешне, самая любімая) дачка князя Гедыміна Ліда горача пакахала прыгожага, але беднага юнака-слугу. Ён, зразумела, гэтак жа пакахаў Ліду. Але Вялікі князь Гедымін праведаў аб палкім, але недапушчальным  каханні сваёй дачкі. Юнака бязлітасна б’юць на стайні і адпраўляюць на вайну. Да Ліды прыязджае сватацца суседні князь. Дзяўчына адмаўляецца, яе саджаюць у замкавую вежу, з’яўляецца няня-карміцелька,  выпускае князёўну з цямніцы. І як абавязковы фінал – Ліда ў роспачы кідаецца галавой уніз у воды бурлівай ракі. Няшчасны бацька, усвядоміўшы свой страшны грэх, загадвае назваць горад Лідай, а рэчку – Лідзейкай. 

– У Гедыміна было шэсць дачок, – каментуе гэтую легенду Валерый Сліўкін, – аднак Лідзіі сярод іх не было – гэтым імем у Вялікім княстве Літоўскім не карысталіся.

Ёсць яшчэ адна легенда, якая ўзнікла ў 1970-я гады (была напісана настаўнікам матэматыкі СШ №3 г. Ліды Аркадзем Топалем). Жыў-быў хлопец Ясь, які быў не па ўзросце плячысты, у 14 гадоў адзін хадзіў на мядзведзя, у 15 гадоў – на балотную рысь. У 18 гадоў Ясь стаў волатам, да таго ж прыгожым і разумным. Сустрэў хлопец-волат дзяўчыну, якую звалі Лідай, пакахаў яе і хутка прывёў у сваю хату. А сяляне навакольных вёсак месца, дзе жылі разам Ясь і Ліда, назвалі імем той прыгожай дзяўчыны.

Доўгія гады Валерый Васільевіч думаў, што наш горад Ліда – адзіны ў свеце населены пункт з такой назвай. Цяпер жа ён ведае, што ў розных кропках зямнога шара існуюць яшчэ пяць невялікіх паселішчаў з назвай Ліда, а менавіта: у ЗША (два), Швецыі, Індыі і на Філіпінах.

Лідчына – радавое гняздо Гедыміна?

Мясцовасць, дзе ў хуткім часе будзе заснаваны горад Ліда, у пачатку XIV стагоддзя ўяўляла сабой выцягнутую вузкую (400-700 м) сухую паласу шырокаліставога лесу, аблямаваную гразкімі, непраходнымі далінамі дзвюх рачулак. Ля зліцця рачулак была крыніца з чыстай вадой. Над месцам зліцця – два невялікія ўзгоркі: адзін – побач з тым месцам, дзе сёння знаходзіцца царква Усіх Святых, другі – на сённяшнім скрыжаванні вуліц Калініна і Стралкоўскага, дзе ў XVII-XIX стагоддзях была Прачысценская царква.
 
– Чамусьці менавіта гэтую мясцовасць выбраў Вялікі князь літоўскі Гедымін для будаўніцтва замка, – разважае Валерый Васільевіч. – Пры выбары месца ён кіраваўся меркаваннямі, не ўсе з якіх зразумелыя. Прыкрытая з захаду, поўдня і ўсходу моцна забалочанымі далінамі рэк Крупкі, Дзітвы, Лідзейкі, Гаўі, Жыжмы, непраходнымі Дакудаўскімі і Дзітвянскімі балотамі, апаясаная Нёманам, з дрымучымі цяжкадаступнымі лясамі, тэрыторыя Лідчыны ўяўляла сабой прыродную рэзервацыю. Будаваць вялізны мураваны замак у настолькі добра закрытым прыродай ад непрыяцеля рэгіёне, у раўніннай мясцовасці, па-за вялікім горадам, у 300-400 км ад межаў дзяржавы, убаку ад магчымага тэатра баявых дзеянняў – з дзяржаўнага пункту гледжання яўная празмернасць. Была яшчэ якаясьці вельмі важкая прычына… Магчыма, князь Гедымін быў родам з Лідчыны і пабудаваў замак для абароны свайго роду, сваіх родзічаў. Месцазнаходжанне замка зручнае, абароненае балотамі, на дарозе з Вільні ў Наваградак, на адлегласці сутачнага перагону ад Наваградка і ад Меднікаў. А магло быць як у легендзе аб заснаванні Вільні: Вялікаму князю прысніўся вешчы сон як знак, што тут трэба будаваць замак.

Ва ўмовах міру з суседзямі

Будаваўся замак у прамежку з 1323 па 1328 гады, не раней і не пазней, а менавіта ў гэтае пяцігоддзе. Атрымаўшы часовую мірную перадышку на заходніх межах пад абяцанне прыняць каталіцтва, Гедымін атрымаў магчымасць займацца стваральнай дзейнасцю. У 1323 годзе ён перанёс сталіцу княства з Трок (Тракая) у Вільню, у тым жа годзе адправіў папу Іаану ХХІІ пісьмо, у якім выказаў гатоўнасць прыняць каталіцтва за мір з крыжаносцамі. Папа Рымскі забараніў крыжаносцам паходы на Вялікае княства Літоўскае, было заключана чатырохгадовае перамір’е. У 1325 годзе Гедымін выдаў сваю дачку Альдону за Казіміра – сына польскага караля Уладзіслава Лакеткі. У 1326 годзе літоўскія паслы заключылі мір з Ноўгарадам. Ва ўмовах міру з навакольнымі суседзямі Вялікі князь узвёў абаронныя збудаванні: Лідскі і Крэўскі замкі, умацаванні ў новай сталіцы княства – Вільні.

– Будаўнікі Лідскага замка, безумоўна, былі палоннымі, – упэўнены Валерый Сліўкін. – Аб’ёмы работ былі такія, што мясцовых жыхароў для будаўніцтва ніяк не хапіла б. А яшчэ будаўнікі былі праваслаўнымі – у замку адразу ж была ўзведзена праваслаўная капліца. Адкуль маглі прывесці гэтых палонных? Незадоўга да будаўніцтва замка, у 1320-1321 гадах, Гедымін з войскам хадзіў у паход на Валынь і Кіеў, “паваяваў” мноства рускіх гарадоў і прывёў адтуль дзясяткі тысяч палонных. Тэадор Нарбут па гэтым пытанні выказаўся адназначна: “Будавалі яго майстравыя кіяўляне, і палонныя з Валыні выкарыстаныя былі”. А. Кіркор і І. Літвіновіч з Нарбутам згадзіліся: “Будавалі Лідскі замак кіеўскія майстры і валынскія палонныя”. Устаноўлена, што Лідскі замак па сваёй архітэктуры блізкі да Луцкага замка. 

Аб прафесійнай падрыхтоўцы майстроў і будаўнікоў Лідскага замка пытанне не стаіць – паўднёвая сцяна, якая прастаяла амаль 700 гадоў, гаворыць сама за сябе.

Два этапы будаўніцтва замка

Першапачаткова Лідскі замак выглядаў так: чатыры сцяны (вышынёй 12 м) з зубцамі ў верхняй частцы (агульная працягласць сцен – 340 м па знешняму боку), паўднёва-заходняя вежа (вежа Гедыміна, вышынёй каля 20 м), два праезды ў паўночнай і паўднёвай сценах, калодзеж, невялікія драўляныя казармы ля ўсходняй і заходняй сцен.

Трэба адзначыць, што замак будаваўся ў два этапы. І перыяд з 1323 па 1328 гады – гэта першы этап яго будаўніцтва. На другім этапе, у 1402-1405 гадах, пры ўнуку Гедыміна Вітаўце, была ўзведзена паўночна-ўсходняя вежа (вежа Вітаўта), павялічана вышыня муроў, перабудавана баявая галерэя, зроблены байніцы, закрыты паўночны і паўднёвы праезды, з паўночнага боку выкапаны роў, адсыпана дамба, якая перагарадзіла даліну Лідзейкі, запоўнена вадой вялізная сажалка і прабіты маленькі ўваход ва ўсходняй сцяне.

Тое, што замак існаваў у 1379 годзе, пацвярджае хроніка Мацея Стрыйкоўскага: “Ягайла… даў у замужжа Вайдыле сястру сваю родную князёўну Марыю і Лідскі замак у пасаг з усімі ваколіцамі”. Шлюб Марыі Альгердаўны і Вайдылы адбыўся ў 1379 годзе.
Аднак вернемся ў часы Гедыміна. Замак пабудаваны, ён ахоўваецца ваенным гарнізонам. Гарнізон, зразумела, трэба карміць, паіць. Трэба сеяць і збіраць жыта, качаць і варыць мёд, пасвіць кароў, паляваць, нарыхтоўваць дровы… І пры замку ўзнікае горад Ліда з насельніцтвам з мясцовых жыхароў і палонных русічаў.

Доказам існаванння Ліды як горада, а не паселішча ўжо ў першай палове XIV стагоддзя з’яўляецца завяшчанне Вялікага князя Гедыміна сваім сынам: “…Кейстуту Трокі Старыя з усім Жмудскім княствам, з Гродна, Коўна, Упітэ, Лідай аж да Падляшша пры мяжы прускай ідучы, дасталіся з радзелу” (з хронікі Мацея Стрыйкоўскага).

Да пытання аб Дайнаўскім княстве

Аднак ёсць версія, што горад Ліда быў заснаваны значна раней – у 1180 годзе. Мы паіцкавіліся ў Валерыя Васільевіча, на чым грунтуецца гэта версія і ці варта да яе прыслухоўвацца.

– Краязнаўцы заўсёды будуць імкнуцца састарыць горад, а прыслухоўвацца не шкодна, – адказвае  Валерый Сліўкін. – Гісторыя ўвогуле жыве версіямі, меркаваннямі і ўскоснымі доказамі. Дакладныя навукі пакуль яшчэ не выпрацавалі метадаў абсалютных датаванняў. Пакуль галоўным застаецца дакумент. Ёсць дакумент – ёсць дата. Часам бывае па прынцыпе “ёсць меркаванне”. Тэадор Нарбут, гісторык і патрыёт Лідскага павета, да пятага тома сваёй “Гісторыі літоўскага народа”, які быў апублікаваны ў 1839 годзе, прыклаў невялікае – на чатыры старонкі – сачыненне “Крыху аб гісторыі горада Ліды”. Пачынаецца яно наступнай фразай: “Гэты горад, пасля заваявання княства Дайнаўскага, каля 1180 г. у якім знаходзіўся, паселішча літоўскае, паколькі “Ліда” абазначае “высечка”, “поле, ачышчанае ад лесу”. Няясны па сэнсе сказ з часам пераўтварыўся ў сцвярджэнне аб з’яўленні Ліды ў ХІІ стагоддзі. За Тэадорам Нарбутам пайшлі польская “Wielka Encyklopedia powszechna” (“Ліда заснавана каля 1180 года”), літоўскія энцыклапедыі, гамбургская нямецкая і расійская Бракгаўза і Эфрона (“Ёсць меркаванне, што горад заснаваны пасля апусташэння ў 1180 г. Дайнаўскага княства”).

– Дзіўна, – дапаўняе свае разважанні Валерый Васільевіч, – што ў дадатках да 3-га тома сваёй “Гісторыі…” Тэадор Нарбут прадставіў храналагічныя табліцы, у якіх указаў даты заснавання літоўскіх гарадоў Вілкаміра (1025), Коўна (1030), Кернава (1035), Старых Трок (1045) і г. д. – да 1248 года. Ліды ў гэтым спісе няма. І княства Дайнаўскага на лідскай зямлі ніколі не было. 
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться