Трафім Ходар: «Я ганаруся, што мяне назвалі ў гонар дзеда»

22 Мая 2020 1505
Трафім Іосіфавіч і Соф’я Іванаўна Ходар з дзецьмі.

У размове з журналістам “Лідскай газеты” намеснік ваеннага камісара Лідскага раёна Трафім Ходар зазначыў: “Ёсць у Пушкіна вельмі трапнае выказванне: “Гордиться славою своих предков не только можно, но и должно. Не уважать оной есть постыдное малодушие” – і расказаў пра свайго дзеда, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Трафіма Іосіфавіча Ходара.

«Калі я яшчэ быў падлеткам і вучыўся ў Першамайскай сярэдняй школе, нярэдка даводзілася ездзіць у Наваельню і дапамагать дзядулі па гаспадарцы. Часцей за ўсё падсабляў пасвіць кароў. Аднойчы, прымасціўшыся ля дзеда на лузе пад блакітным небам, сярод квецені траў, я спытаў яго: “Скажы, а на вайне страшна?” Ён паглядзеў на мяне, задумаўся і адказаў: “Унучак, лепш, каб вы ніколі не ведалі вайны”. 

У гістарычна-дакументальнай хроніцы Дзятлаўскага раёна “Памяць” ёсць такія звесткі: “Ходар Трафім Іосіфавіч, нарадзіўся ў 1909 годзе ў вёсцы Таркачы Дзятлаўскага раёна. Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. У Вялікую Айчынную вайну быў сувязным партызанскіх брыгад імя С. М. Кірава, Ленінскай. З 1944 года – у Чырвонай Арміі. Узнагароджаны ордэнамі: Айчыннай вайны I ступені, Славы III ступені, юбілейнымі медалямі”.

У сям'і, дзе нарадзіўся дзядуля, было пяцёра дзяцей: Трафім, Павел, Юліян, Маня і Барбара. Дваццацігадовым хлопцам дзядулю прызвалі ў польскую армію, дзе ён служыў у кавалерыі. Служба ў кавалерыі на той час была вельмі прэстыжнай. На ўсё жыццё яе гады прывілі дзядулю любоў да коней. А яшчэ менавіта на службе ў войску Трафім Ходар даведаўся аб нацыянальна-вызваленчым руху на тэрыторыі Заходняй Беларусі, бо тут пачалася весціся падпольная агітацыя. І калі дзядуля вярнуўся дамоў, ён уключыўся ў падпольную работу. Хадзіў на тайныя масоўкі і сходкі, якія праводзілі члены КПЗБ. Яны ж тайна распаўсюджвалі лістоўкі і падпольныя газеты сярод насельніцтва. 27 студзеня 1936 года ў Віленскім акруговым судзе слухалася справа камуністаў-падпольшчыкаў, сярод якіх быў вядомы партыйны дзеяч Сяргей Прытыцкі. Сведкам на судзе выступаў правакатар і здраднік Стральчук. У зале суда Сяргей Осіпавіч забіў здрадніка. Смяротнае пакаранне – такі прыгавор быў вынесены Прытыцкаму. Па ўсёй Заходняй Беларусі пачаўся збор подпісаў насельніцтва за адмену рашэння суда. Дзядуля таксама далучыўся да гэтага: на кані ездзіў па вёсках Лідскага, Дзятлаўскага і Навагрудскага раёнаў і збіраў подпісы. За падпольную дзейнасць восенню 1936 года дзядуля быў арыштаваны і трапіў у Навагрудскую турму. Не дабіўшыся ад вяскоўца ніякіх прызнанняў, яго выпусцілі.

У 1939 годзе пачалі стварацца першыя калгасы. Сялянская гаспадарка майго дзядулі пасля з’яўлення ў іх мясцовасці калгаса ўступіла ў яго адной з першых. За высокія паказчыкі ў сельскагаспадарчай вытворчасці ў чэрвені 1941 года дзядулю накіравалі на Усесаюзную сельскагаспадарчую выстаўку ў Маскву. Па дарозе назад пачуў жудасную вестку: фашысцкая Германія напала на Савецкі Саюз. А калі дзядуля ў апошнія дні чэрвеня вярнуўся дамоў, іх мясцовасць ужо была акупіравана.

 Адразу пасля акупацыі на тэрыторыі Лідскага, Дзятлаўскага і Навагрудскага раёнаў сталі ўтварацца партызанскія атрады. Адзін з іх – партызанскі атрад “Кастрычнік” пад камандаваннем Віктара Ільіча Панчанкі. Пасля сустрэчы з начальнікам штаба атрада Аркадзем Рэдзькам дзядуля стаў тайным сувязным атрада. У вёсцы Ігольнікі, каля Навагрудка, жыла сястра яго жонкі, маёй бабулі Соф’і Іванаўны – Тэкля. Туды дзядуля ездзіў, каб наведаць блізкіх, але на самай справе ў яго была задача сустрэцца з Сашкам (на жаль, прозвішча не захавалася). Гэты чалавек служыў у паліцыі, але здабываў і перадаваў важныя звесткі для партызан. Па ўспамінах дзядулі, дзейнасць Сашкі потым была раскрыта немцамі і яго расстралялі ў маі 1944 года. 

Сувязь з партызанамі ледзь не скончылася трагедыяй і для дзядулевай сям'і. Было гэта ў красавіку 1944 года. У хату ўварвалася група ўзброеных мужчын і пачала шукаць дзядулю. Бабулю з дзецьмі вывелі на двор і паставілі ў рад каля гумна. Старэйшы групы загадаў прыгатаваць ружжы. Сямігадовы Санік, уціснуўшы галаву ў плечы, тросся ад страху, маленькі Іван прытуліўся да бабулінай нагі, а на руках бабуля трымала трохмесячную Ганну. Здавалася, усё, канец. Але раптам загад страляць быў адменены. Візіцёры зайшлі ў хлеў і вывелі адтуль жарабя. Прывязалі да плота і стрэлілі некалькі разоў яму ў галаву. Затым пагрузілі жывёлу ў воз, забралі таксама частку зерня, кажух, конскую збрую і паехалі. Казалі, што гэта былі ўласаўцы, а дзядулю яны лавілі па наводцы аднаго з мясцовых жыхароў.

11 ліпеня 1944 года Дзятлаўскім ваенкаматам дзядуля быў прызваны ў Чырвоную Армію. Ен стаў стралком 858-га стралковага палка 283-й стралковай дывізіі. Ваяваў на 2-м і 3-м Беларускіх франтах.

У загадзе 283-й стралковай дывізіі за №155/н ад 11 красавіка 1945 года гаворыцца: “В бою с немецкими захватчиками за д. Эшенау 11.02.1945 г. Т. Ходор первым ворвался в деревню и огнем из своего автомата уничтожил 7 немецких солдат. Своим примером отваги и мужества Т. Ходор увлек за собой остальных товарищей своего взвода, чем способствовал успешному овладению деревней и продвижению вперед. В этом бою Ходор был ранен, но, сделав себе перевязку, снова вернулся в строй. Достоин правительственной награды – ордена Славы III степени». 

У канцы сакавіка 1945 года дзядуля зноў быў цяжка паранены і кантужаны. Знаходзіўся на лячэнні ў эвакашпіталі. У даведцы, выдадзенай малодшаму сяржанту Ходару, напісана: “Сквозное пулевое ранение правого локтевого сустава с повреждением костей и травматическим повреждением правого среднего нерва. Признан инвалидом Великой Отечественной войны II группы. Не годен к военной службе с оставлением на особом учете”.

У канцы жніўня дзядуля вярнуўся дамоў. Указальны палец на руцэ назаўсёды застаўся незгібаемым, але дзядуля налаўчыўся пісаць, заціснуўшы ручку паміж ім і вялікім пальцам.

З першых пасляваенных дзён і да канца свайго жыцця дзядуля шчыраваў у розных сферах дзейнасці. Быў старшынёй Навасёлкаўскага сельскага Савета, загадваў млыном. Доўгі час ён працаваў брыгадзірам Таркачоўскай паляводчай брыгады калгаса “Беларусь”. Бабуля Соф’я Іванаўна таксама працавала ў калгасе. На яе плечы ляглі хатняя гаспадарка і догляд пецярых дзяцей: Саніка, Івана, Ганны, Валерыя і Анатоля. Дзеці выраслі годнымі людзьмі. Сыны дастойна прайшлі службу ў радах Савецкай Арміі і прадоўжылі жыццёвыя поспехі сваіх бацькоў. Напрыклад, Іван Трафімавіч доўгія гады працаваў намеснікам дырэктара, а затым дырэктарам Лідскага раённага вытворчага ўпраўлення бытавога абслугоўвання. Унёс свой уклад у будаўніцтва ў Лідзе Дома быту (цяпер гандлёва-сэрвісны цэнтр), трыкатажнай фабрыкі “Вясёлка” (будынак раённай бібліятэкі), Дома сямейных урачыстасцей (цяпер тут размяшчаецца гісторыка-мастацкі музей). Санік Трафімавіч аддаў усё сваё жыццё сельскай гаспадарцы. Валерый Трафімавіч працаваў настаўнікам, намеснікам дырэктара Першамайскай СШ Лідскага раена. Анатоль Трафімавіч з’яўляўся намеснікам кіраўніка райспажыўтаварыства ў Смаргоні. Дачка Ганна Трафімаўна шмат гадоў была дырэктарам СШ №108 г. Мінска.

У лістападзе 1998 года не стала Трафіма Іосіфавіча Ходара, а ў лістападзе 2006 года – і Соф'і Іванаўны. Усё сваё жыццё яны аддалі сваёй Радзіме, сваёй роднай зямлі, сваім дзецям, будучыні. Мы часта наведваем магілы сваіх родных, каб аддаць ім даніну пашаны. 

Я вельмі ганаруся продкамі, дзядулем Трафімам Іосіфавічам і бабуляй Соф'яй Іванаўнай. Іх жыццё, як і жыццё тысяч такіх жа простых нашых землякоў, заслугоўвае нізкага паклону. Я з гонарам нашу імя Трафім, якое мае бацькі далі мне ў гонар дзядулі”.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться