Цуд спыніўся над Нёманам. Мясцовы абраз Маці Божай Крывіцкай аднолькава моцна ўшаноўваецца лідскімі католікамі і праваслаўнымі

08 Апреля 2020 4048

У касцёле Святога Юрыя і ў царкве Узвіжання Святога Крыжа аграгарадка Беліца ёсць незвычайны абраз, які аднолькава моцна ўшаноўваюць католікі і праваслаўныя. 

Гэта ікона, па легендзе, некалькі стагоддзяў таму з’явілася ў нашых – лідскіх – мясцінах, у невялікай вёсцы Крывічы і носіць назву Маці Божай Крывіцкай. А ў каталікоў да таго ж мае найменне Каралевы Наднёманскай. Вялікую павагу маюць да абраза мясцовыя жыхары, лічачы яго цудатворным. Моцную веру яны ўвабралі ад сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў. А вось гісторыю мясцовай ушанаванай іконы сёння ведаюць, на жаль, толькі самыя старэйшыя. Адна з іх – 92-гадовая Вера Гулевіч з Табалы.

Цудоўнае з’яўленне

З Верай Аляксандраўнай мы знаёмыя не першы год. Яна не проста старажыл, а сапраўдны самародак – мае ясную памяць, чыстае сэрца і вялікае жаданне – захаваць гісторыю мясцовай святыні. Скажам болей: яна запісвае свае ўспаміны з гісторыі наваколля – усё, што памятае ад бацькоў, дзядулі. Да яе ідуць цяперашнія дзеці, унукі былых яе аднавяскоўцаў з просьбай: “Бабуля Вера, раскажы”.

Сама ж жанчына прызнавалася: убачыць артыкул аб іконе Божай Маці Крывіцкай на старонках раённага выдання – яе мара.

Пра ікону Маці Божай Крывіцкай яна памятае па аповедах свайго дзядулі Яна Вяршылы. “Менавіта ён і перадаў мне моцную веру ў гэты абраз”, – гаворыць жыхарка Табалы.

– Дзядуля расказваў, што калісьці ў Крывічах быў панскі маёнтак. Там, на грушы, і з’явіўся гэты абраз. На ім была выяўлена Маці Божая з немаўлём Ісусам ва ўлонні. (У іконаграфічнай традыцыі такія абразы называюцца “Ва ўлонні” (“Во чреве”). – Аўт.) Калі гэта адбылося, дакладна невядома. Але на гэтым месцы збудавалі драўляную каплічку.

Сведчанні дзядулі адносяцца прыкладна да 1850-1860 гадоў. Ён расказваў, што яму ішоў сёмы год, калі матуля вадзіла яго да першай споведзі ў Крывіцкую каплічку. Сцены ў яе меліся, а замест падлогі быў пясок. Ён памятаў, што сядзеў і перасыпаў пясок з рукі ў руку.

Дванаццаць год ён пасвіў у пана кароў. Як і ўсе мясцовыя жыхары, хадзіў на фэсты ў гонар іконы Маці Божай Крывіцкай, якія праводзіліся кожны год у дзясятую пятніцу пасля Вялікадня. Гэтая дата называлася Дзесятухай. Маліўся перад абразом, прасіў міласці, здароўя і дабрабыту. Праваслаўныя і католікі святкавалі разам і маліліся разам. Фэсты былі шматлюдныя.

Фэсты доўжыліся з году ў год да 1914 г., калі пачалася Першая сусветная вайна. «У 1915 годзе многія мясцовыя жыхары выязджалі, стаўшы бежанцамі, у тым ліку праваслаўныя святары, – расказвае Вера Гулевіч. – Цэркваў не стала».

З 1917 года ход гісторыі змяніўся.

Звінела Табала на ўсё наваколле!

У Табале сапраўды была свая царква (на перыяд адсутнасці ў Беліцы). Гэты будынак, у якім пазней размяшчалася школа, захаваўся і зараз знаходзіцца непадалёку ад дома Веры Аляксандраўны.

– Царква размяшчалася ў доме Іосіфа Вяршылы (гэта мой хросны), – расказвае Вера Гулевіч. – Прыхаджане вёсак Баравічы, Дзітрыкі, Жомайдзі хадзілі маліцца ў Ганчарскую царкву (туды бліжэй), а вянчаліся ў сваім прыходзе, у Табале. Мае тата і мама вянчаліся ў Табольскай царкве на Сёмуху ў 1923 годзе. Звычайна вянчанні адбываліся менавіта на Сёмуху і на Пятра. Бывала, з’язджаліся па сем пар. Увесь выган запоўнены брычкамі, коні ў стужках, на шыях званочкі. Звінела Табала на ўсё наваколле!

Напамінак аб тым, што ў Табале была царква, сёння можна знайсці на мясцовых могілках, у цэнтры якіх ёсць магіла жонкі святара. У 1937 годзе ў Табалу прыязджалі яе сыны і зрабілі каменную пліту. На ёй напісана: “Жена священника Ольга Яцкевич. Умерла 21 февраля 1923 года. Незабвенной маме”.

Копія з-пад пэндзля баброўскага мастака

У 1928 годзе была пабудавана царква ў Беліцы. Па сведчаннях, прыхаджане купілі ў Эйшышках драўляную каплічку царскарускіх салдат, вазамі перавезлі яе і паставілі ў Беліцы. На фундаменце і па сённяшні дзень ёсць надпіс: “Церковь сия построена в 1928 году при священнике Лебедеве».

Вернікі моцна жадалі мець у храме абраз Маці Божай Крывіцкай. І іх мара ажыццявілася. У 1935 годзе жыхары вёскі Яманты Стэфан і Антаніна Карабачы ахвяравалі царкве копію мясцовашанаванага абраза (аб чым на ім захаваўся надпіс). А заказалі яго напісанне ў мастака з вёскі Бабры. Так, жыў тут чалавек, які пісаў абразы, і ў народзе яго звалі Багамаз.

– Калі ў 1930 годзе ў Крывіцкай каплічцы перасталі святкаваць Дзесятуху, католікі нашай мясцовасці сталі хадзіць на свята ў Беліцкую царкву. Аднавіліся фэсты, на якія прыходзіла шмат людзей з усяго наваколля. Вядома ж, такога праяўленага абраза ў Лідскім павеце не было! Яго вельмі шанавалі! Тады ксёндз Няцецкага касцёла таксама набыў копію абраза Маці Божай Крывіцкай, размясціў яго ў Няцецкім касцёле і ўстанавіў свята Дзесятуху ў мясцовай парафіі. Копія абраза і цяпер стаіць з левага боку ад алтара. Яго носяць кругом касцёла, калі праходзяць з працэсіяй. Ксёндз парафіі Віктар клапоціцца аб касцёле і парафіянах. Бог яму ў дапамогу. А жанчынам, якія спяваюць у касцельным хоры, Божай ласкі, здароўя і шчырае дзякуй.

Вера Аляксандраўна добра памятае фэст на Дзесятуху 1947 года: “Я была маладая, мне ішоў 18-ы год. Як і ўсе, чакала свята. У новай штапельнай сукенцы, туфлях, белых шкарпэтках, якія былі вельмі модныя. Жанчыны старэйшага ўзросту – у саматканых спадніцах, хустках-батыстоўках. Апраналі ўсё самае лепшае з таго, што мелі. Дзень быў гарачы, народу вельмі многа. Каля царквы дрэў не было, ды і пляц малы, з левага боку – могілкі, з правага – бульбяныя ямы. Усе людзі месціліся перад царкоўнай брамай. Вады няма. Жадаючыя ішлі праз дарогу, да студні Балабанскіх. Паналіваюць!.. Але гаспадары, спакой іх душам, не зачынялі вароты і нікога не праганялі. Духавенства (а былі восем бацюшкаў і дыякан) рыхтавалася да службы. І вось зазваніў звон, і ўсе прыціхлі. Хто ў царкве, хто каля царквы. Пачалася літургія. Хор спявае ўсю службу нотныя спевы. Ганна Місюкевіч (Сакалоўская) – галоўная пеўчая. Голас яе, здаецца, прабівае неба і душы вернікаў. Вечная памяць Ганне”.

Маці Божая Крывіцкая спынілася ў Беліцы

Калі ў 60-70-х гадах мінулага стагоддзя была разбурана каплічка ў Крывічах, цудатворны абраз быў перанесены ў Беліцкую каталіцкую каплічку. А пазней – у збудаваны тут касцёл Святога Юрыя. Трэба сказаць, што захавалася святыня цудам і патрабавала неадкладнай рэстаўрацыі. Што і было зроблена.

– Рэстаўрацыяй займаўся прафесійны калектыў майстроў рэстаўрацыйнай майстэрні Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, – расказвае ксёндз Беліцкай парафіі Валянцін Хвядук. – На гэта спатрэбіліся не адзін месяц і шмат намаганняў. Аклад дэталёва разбіралі, шліфавалі і паліравалі. Патрабавала ўмяшання і сама выява пад ім. Па пэўнай тэхналогіі аклад быў пакрыты срэбрам, месцамі – золатам, як са знешняга, так і з унутранага боку. Мецэнатам работ выступіў былы парафіянін Беліцкага касцёла, жыхар Санкт-Пецярбурга Мечыслаў Жыгала, які ўзяў на сябе матэрыяльныя выдаткі.

Падчас рэстаўрацыі высветлілася, што выява калісьці (і кімсьці) была пакрыта лакам для мэблі. Такім чынам, людзі, самі таго не ведаючы, закансервавалі выяву, выратавалі яе ад выцвітання і разбурэння. Яшчэ адным адкрыццём стала тое, што абраз раней ужо падвяргаўся рэстаўрацыі. Пад акладам Маці Божая была ў чырвоным адзенні. Але калі рэстаўратары пачалі знімаць мэблевы лак, высветлілася, што першапачаткова адзенне было залаціста-карычневага колеру. Гэта пацвярджае той факт, што абразу вельмі шмат гадоў. 

Сёння абраз у абноўленым выглядзе размешчаны ў касцёле злева ад алтара. Да яго прыходзіць маліцца вялікае мноства вернікаў. Жывуць, перадаюцца з пакалення ў пакаленне гісторыя абраза і яе шанаванне. Мясцовыя жыхары сталага ўзросту ўспамінаюць, што ў Крывічы прыходзілі паломнікі з розных вёсак і на каленях здзяйснялі вакол капліцы хрэсныя хады з просьбамі аб дабрадзействе. Вера Гулевіч расказала, як праз малітву і заступніцтва Маці Божай Крывіцкай адна з жыхарак Беліцы, якая ад нараджэня не магла хадзіць, а толькі поўзала, на вачах у вернікаў атрымала вылячэнне. Вера Аляксандраўна ўдзячная ксяндзу Валянціну за яго клопат аб святыні, якая набыла новае жыццё ў абноўленым выглядзе.

Дарэчы, ксёндз Валянцін расказаў аб сваім назіранні: апошнім часам каля абраза часта моляцца маладыя людзі – аб дараванні дзяцей. І атрымліваюць жаданае.

Па благаславенні біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча ікона атрымала тытул Каралевы Наднёманскай. Размножаны маленькія абразкі, іх можна ўзяць у касцёле і маліцца дома. На адваротным баку іх – малітва. Зацверджана яна таксама па благаславенні біскупа Кашкевіча. У ёй прыгожыя і кранальныя словы: “Маці Божая Крывіцкая, Каралева Наднёманская, шматлікімі ласкамі Ты абудзіла нашу веру ў Тваю дапамогу, атулі нас Сваёй дабрынёю. Падтрымлівай святы Касцёл, захоўвай і ўмацоўвай нашу веру, абудзі дух любові ў нашых сем’ях. Няхай Міласэрны Бог праз Тваё пасрэдніцтва дадасць адвагі церпячым і адчыніць брамы неба для паміраючых. Будзь нашаю заступніцаю ў кожную хвіліну жыцця і вядзі нас у неба. Амэн”.

Верце, маліцеся – і ўсё атрымаецца

…У вачах Веры Аляксандраўны Гулевіч падчас нашай размовы не раз блішчаць слёзы. “У жыцці было многа радасных хвілін, якія немагчыма забыць. Успомніш – і слёзы, як ручаёк крынічны, цякуць… Вось мама ўзяла мяне ў Зблянскую царкву. Мне 10 год, і ад радасці я падскокваю. А вось фэст, Дзесятуха ў Беліцкай царкве. Мне 18. А зараз ужо 92-і. У 90 год мне надарылася радасць: бацюшка, айцец Іаан, на Дзесятуху звазіў мяне на літургію ў Беліцкую царкву. Не чакаючы, не думаючы, напаткалася мне такая радасць. Вялікі дзякуй айцу Іаану за цуд, які я атрымала. Хутка зноў Вялікдзень. А за ім – праз дзесяць тыдняў – Дзесятуха. Так і хочацца сказаць: “Маладыя, рыхтуйцеся, старыя, спадзявайцеся на цуд! Такога з’яўленага абраза, як абраз Маці Божай Крывіцкай, няма ва ўсім наваколлі. Верце, маліцеся, спадзявайцеся – і ўсё атрымаецца!”


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться