Вітайце каралёў. У Лідскім раёне праводзяць старадаўні абрад, які мае ўсе перадумовы трапіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі

07 Января 2020 3437

6 студзеня, калі праваслаўныя вернікі перажываюць Куццю, католікі адзначаюць свята Тры каралі. І вось ужо чацвёрты год запар менавіта ў гэты дзень работнікі Ваверскага Дома культуры і мясцовыя жыхары ладзяць аднайменны старадаўні абрад калядавання “Тры каралі”, які бытаваў тут больш за паўвека таму.

Вёска Мэйры знаходзіцца ў чатырох кіламетрах ад аграгарадку. У мінулым стагоддзі калядоўшчыкі дабіраліся туды, мабыць, пешшу альбо на кані, але мы едзем на камфартабельным аўтобусе. Аднак толькі да першай хаты, далей – выключна сваім ходам. І нягледзячы на тое, што ў спісе ўсяго чатыры дамы, знаходзяцца яны ў розных кутках вёскі. Таму “падарожжа” па Мэйрах ледзь укладваецца ў паўтары гадзіны. Ніхто не гоніць, але хочаш ці не, часу прытрымлівацца трэба: калядоўшчыкаў у назначаны час яшчэ чакаюць непасрэдна ў Ваверцы.

І вось за дзіўнымі каралямі – Касперам, Бальтазарам і Мельхіёрам, якія пад гармонік упэўнена маршыруюць па каларытнай вясковай вуліцы. Мімаволі адчуваеш, што гэты абрад – не проста прыгожы тэатралізованы перфоманс, але вяртанне да вытокаў (рытуал цалкам адноўлены па запісах і ўспамінах старажылаў Ваверкі, якія расказвалі, як менавіта 6 студзеня па вёсцы хадзілі каралі. Яны былі не тутэйшыя, а прыезджыя: з Ліды альбо нават з суседніх Літвы альбо Польшчы).

…“Сёння ў Бэтлеем, сёння ў Бэтлеем дзіўная навіна: Марыя Панна, Марыя Панна нарадзіла Сына!” – першай хатай, у якую з гэтай песняй зазірнулі калядоўшчыкі, належыла Антону і Ірыне Роўба, бацькам ксяндза Ваверскай каталіцкай парафіі Андэя Роўбы.

– Родам я з Радзівілаўцаў і добра памятаю, як у дзяцінстве па вёсцы хадзілі тры каралі, праўда, гэта было не кожны год, – распавёў журналісту “Лідскай газеты” Антон Пятровіч. – Разам з імі завітвалі і іншыя калядоўшчыкі, напрыклад, Святы Мікалай, Дзеды Марозы. Яны былі не ад касцёла, бо ў тыя гады ксяндза ў парафіі не было. Але дзверы святыні ніколі не зачыняліся для вернікаў, людзі ўсё роўна прыходзілі да алтара, маліліся… Апошнія гадоў 30 пражываю разам з жонкаю ў Мэйрах, дык вось тут такой традыцыі не было, наколькі мне вядома. І як добра, што знайшліся энтузіясты, якія ўзяліся адрадзіць гэты абрад.

 Дарэчы, бабулькі-старажылы з Мэйраў таксама не памятаюць каралёў са сваёй маладосці. Кажуць, што ў іх мясцовасці па Калядзе хадзілі ў асноўным дзеці.

– Абрад хоць і старадаўні, але, што цікава, ладзіўся ён далёка не ва ўсіх вёсках сучаснага сельсавета, – патлумачыла загадчыца Ваверскім Домам культуры Рыта Вадэйка. – Аб гэтым мы даведаліся пад час адной з экспедыцый у рамках этнапраекта “Абрады маёй краіны”, які ў 2016 годзе рэалізоўваў Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Асобныя ваверчане згадвалі калядаванне менавіта на каталіцкае свята Тры каралі, а не на Божае Нараджэнне. Нас гэта зацікавіла і мы пачылі “капаць” глыбей. Дзякуй Богу, у нашай мясцовасці яшчэ жывуць людзі, якія ў дзяцінстве бачылі рытуал на свае вочы: Тарэза Ясюкайціс, Вальдэмар Аксіновіч і Мечыслаў Трусіла – менавіта па іх успамінах і адраджалася забытая гісторыя. Канешне, нам было цікава, ці ёсць розніца паміж калядкамі непасрэдна на Божае Нараджэнне і на Тры каралі. З гэтым пытаннем мы звярнуліся да нашага ксяндза, пробашча парафіі Перамянення Пана – Андрэя Роўбы. Той адказаў, што істотных адрозненняў няма, хіба што дзеючыя асобы іншыя. У абодвух выпадках калядоўшчыкі ходзяць па дамах, віншуюць гаспадароў са святам, спяваюць касцельныя калядныя песні, паказваюць невялікі спектакль, пасля чаго атрымлівалі пачастункі.

Прынамсі, калі пайшла гутарка аб адраджэнні абрада, ваверскія культработнікі яшчэ раз звярнуліся да ксяндза, але ўжо з іншым пытаннем: “Ці патрэбна гэтая справа?” Той адказаў станоўча, дабавіўшы, што абраны шлях – правільны. Святар, а таксама сёстры законныя аказалі нават усялякае садзейнічанне. Напрыклад, прапанавалі міністрантаў, якія прыслужвалі у касцёле і ведалі калядныя песні. І першыя тры гады, з 2017 па 2019-ы, тыя спраўна прыбіраліся 6 студзеня ў трох каралёў і хадзілі па Ваверцы, віншуючы людзей. Аднак летам мінулага года хлопцы паступілі ў навучальныя ўстановы і з’ехалі з аграгарадку. Таму сёлета гэтая важная місія была ўскладзена ўжо на дарослых вернікаў касцёла, якія з радасцю пагадзіліся пабыць у ролі каралёў. Дарэчы, у гэтым годзе абрад калядавання на Тры каралі ўпершыню “выйшаў” за межы Ваверкі і крочыў па суседніх вёсках. “Мы сапраўды хочам не проста пазнаёміць вяскоўцаў з гэтым рытуалам, але зацікавіць людзей пераняць і працягнуць гэтую традыцыю, каб яна жыла, аб’ядноўвала і была вядома далёка за межамі нашай мясцовасці”, – у канцы сустрэчы дадала культарганізатар Ваверскага Дома культуры Ганна Табала.

… “У нас каралі хадзілі, ходзяць і будуць хадзіць”, – натхнёна запэўнівалі ўсіх, хто пытаўся пра будучыню абрада, ваверскія старажылы. А перадумовы да гэтага ўсе ёсць. Лідскія спецыялісты рыхтуюць пакет дакументаў для ўключэння ўнікальнага абраду ў пералік “жывога здабытку Беларусі” – у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Калі ўсё атрымаецца, ваверскае калядаванне на Тры каралі стане другім у Лідскім раёне (пасля традыцыйнага белаўзорыстага ткацтва), якое мае стутс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

































Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться