28 ліпеня – Дзень работнікаў гандлю. «У пакупніка ёсць выбар, а гэта самае галоўнае»
28 Июля 2019
2107
Чароўная жанчына ў прафесіі без малога трыццаць адзін год. У ёй апынулася невыпадкова і работу палюбіла ўсёй душой.
– Калі з іншымі дзецьмі ў краму гулялі, я заўсёды была прадаўцом, – усміхаецца Алена. – Але гэта былі ўсяго толькі дзіцячыя мары. Шчыра кажучы, толькі калі становімся дарослымі, мы можам выразна ўявіць сабе, кім сябе бачым у будучыні. Неяк само сабой атрымалася, што пасля заканчэння школы пытанне, кім быць, для мяне не стаяла – ведала, што пайду ў гандаль. Так і зрабіла. Як вынік, паспяхова паступіла ў Навагрудскі гандлёва-эканамічны тэхнікум.
Па словах гераіні артыкула, працаваць у гэтай сферы ёй заўсёды было цікава. 1 жніўня 1988 года яна прыйшла на сваё першае месца працы ў Дом гандлю, у секцыю жаночага адзення. А праз некаторы час перайшла ў салон для маладых, які размяшчаўся тут жа.
– У загсе выдавалі спецыяльныя талоны, і маладыя з горада прыязджалі да нас за ўборамі да ўрачыстасці, – успамінае Алена. – Не кожная з дзяўчат ведае, як выбіраць сукенку, які фасон падыдзе на пэўную фігуру. Таму калі да нас прыходзілі жаніх і нявеста, вучыліся быць не толькі ўважлівымі кансультантамі, але і, як модна зараз казаць, стылістамі. Працаваць у салоне вельмі падабалася. Праз нейкі час мяне павысілі – стала загадчыцай секцыі парфумерыі. Мела справу ўжо не з адзеннем, а з водарамі. Увогуле, за ўвесь працоўны стаж працавала ў розных секцыях. А ў 2015 годзе стала загадчыцай аднаго з філіялаў Дома гандлю – крамы «Мой дом». Галоўны асартымент гандлёвага аб’екта – дываны, шпалеры, рольшторы. Стараемся абнаўляць яго ў адпаведнасці з новымі тэндэнцыямі спажывецкага рынку. Сёння ў нас можна ўбачыць як айчынны, так і імпартны тавар. У пакупніка ёсць выбар, а гэта самае галоўнае.
Звярнула ўвагу, што за прылаўкамі крамы, у секцыях – вельмі ўважлівыя прадаўцы. У простых дзеяннях жанчын бачыцца не толькі майстэрства, але і любоў да прафесіі. Штодня яны на сваім месцы. Заўсёды ветлівыя і гатовыя дапамагчы пакупнікам.
– Добразычлівасць у нашай прафесіі – самая галоўная якасць, – адзначыла мая суразмоўніца. – Як гаворыць народная мудрасць, пакупнік заўсёды мае рацыю. Калі прадавец прытрымліваецца такога прынцыпу, то і дзень праходзіць лёгка. Тым не менш людзі бываюць розныя: і сварлівыя, і якія патрабуюць да сябе асаблівай увагі. Да ўсіх трэба знайсці падыход. Таму і сабрала вакол сябе людзей, падобных на саму сябе, – тых, хто любіць сваю работу.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.







