У Лідзе прайшоў дабрачынны марафон «Усе фарбы жыцця для цябе!» у падтрымку мясцовага жыхара – чатырохгадовага Цімафея Катовіча

17 Октября 2018 2007
У Лідзе прайшоў дабрачынны марафон “Усе фарбы жыцця для цябе!” у падтрымку мясцовага жыхара – чатырохгадовага Цімафея Катовіча. Некалькі сотняў чалавек прыйшлі ў адну з мінулых субот у Палац культуры, каб унесці пасільны ўклад у збор сродкаў на лячэнне хлопчыка.

Як распавяла журналісту «Лідскай газеты» сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандра Ганчарова, марафон крочыць па ўсёй краіне з 2013 года. Ён папулярызуе ідэі дабрачыннасці і міласэрнасці. 

– Сёлета Ліда стала трэцяй “станцыяй” дабрачыннай акцыі, – адзначыла Аляксандра Ганчарова. – “Прыпынкі” былі таксама ў Магілёве і Жлобіне, а да канца года плануем правядзенне аналагічных эстафет дабра і неабыякавасці яшчэ ў чатырох абласных цэнтрах краіны, а таксама ў Мінску.  

У нашай вобласці сям'я саюза моладзі падставіла сваё плячо чатырохгадоваму лідчаніну Цімафею Катовічу. У хлопчыка 4-я ступень страты здароўя з-за прыроджанага ДЦП, эпілепсія, частковая атрафія зрокавых нерваў. Цімафей ужо перанёс тры аперацыі: дзве ў нашай краіне і адну ў Кітаі – кожная дала станоўчыя вынікі. У прыватнасці, у галаве хлопчыка перастала збірацца вадкасць. Дзякуючы шматлікім працэдурам, масажу, ЛФК, а таксама ўпартасці і веры бацькоў хлопчык ужо шмат чаму навучыўся. Ён умее пераварочвацца са спінкі на жывоцік, стаў лепш глытаць, вымаўляць больш гукаў.

Мама хлопчыка Вікторыя Катовіч распавяла, што з хваробай сына яны змагаюцца з першага дня яго нараджэння. У Беларусі аперацыі былі бясплатныя. Напярэдадні першай паездкі ў Кітай (дзе грошы былі патрэбныя, і немалыя) сям'я спрабавала звяртацца ў розныя дабрачынныя фонды. Аднак тыя прапаноўвалі толькі дапамогу валанцёраў, якія б у сацыяльных сетках заклікалі неабыякавых людзей адгукнуцца на чужую бяду. “У нас не было гэтага часу, бо грошы былі патрэбныя тэрмінова, таму збіралі іх сваімі сіламі. Фінансавую падтрымку аказалі таксама прадпрыемства “Конус” і ГУП ЖКГ, за што ім вялікі дзякуй”, – гаворыць жанчына. 

– Рэабілітацыя дае станоўчыя вынікі, але каб яе працягнуць, трэба ехаць у Кітай яшчэ на адну аперацыю – па ўвядзенні ствалавых клетак, – дадала мама хлопчыка Вікторыя. – Калі казаць простымі словамі, ствалавыя клеткі павінны актывізаваць сціснутыя ўчасткі мозга і прымусіць іх зноў працаваць. Аперацыя ў Кітаі запланавана на вясну 2019-га і каштуе каля 20 000 долараў. Сабраць такую ​​суму ў адзіночку складана. Таму калі БРСМ прапанаваў нам стаць героямі дабрачыннага марафону “Усе фарбы жыцця для цябе!”, мы не маглі паверыць свайму шчасцю. Бо гэта шанц для нашага сына палепшыць якасць жыцця, стаць больш сацыяльна адаптаваным, актыўным і самастойным.  

– Непасрэдна да марафону мы рыхтаваліся на працягу трох тыдняў, –  расказвае першы сакратар Лідскага РК ГА «БРСМ» Вольга Каспорская. – У сацыяльных сетках, на прадпрыемствах, у навучальных установах горада і раёна была размешчана інфармацыя аб тым, што ў Лідзе адбудзецца канцэрт, сродкі ад продажу квіткоў на які пойдуць на лячэнне Цімафея. Такім чынам, было набыта 580 квіткоў, кошт кожнага – 10 рублёў. Таксама людзі самастойна пералічвалі сродкі на разліковыя рахункі Цімафея Катовіча. І мяркуючы па колькасці жадаючых дапамагчы, нашы намаганні не марныя, для большасці жыхароў нашага горада не існуе паняццяў “чужы боль” і “чужая бяда”. 

Дапамагчы чатырохгадоваму лідчаніну і яго сям’і ў барацьбе з хваробай вырашылі не толькі лідчане, але і беларускія артысты. На дабрачынным канцэрце “Усе фарбы жыцця для цябе!” яны працавалі ад душы і без ганарару. 

Інфармацыя для тых, хто хоча ўнесці свой уклад у лячэнне Цімафея Катовіча: 

дабрачынныя рахункі адкрыты ў філіяле 413/7 ААТ «АСБ Беларусбанк» г. Ліда, вул. Савецкая, 17, УНП 500191715 МФА АКВВВY21413

  • бел. рублі транзітны рахунак ВY33АКВВ38193821041094200000
  • на дабрачынны рахунак ВY87АКВВ31340000143584220007
  • еўра транзітны рахунак ВY66АКВВ38193821057174200000
  • на дабрачынны рахунак ВY42АКВВ31340000143614220007
  • долары транзітны рахунак ВY66АКВВ38193821057174200000
  • на дабрачынны рахунак ВY57АКВВ31340000143604220007
  • расійскія рублі транзітны рахунак ВY66АКВВ38193821057174200000
  • на дабрачынны рахунак ВY27АКВВ31340000143624220007
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться