У Лідзе прайшоў рыцарскі турнір «Меч Лідскага замка»
Адным з самых відовішчных мерапрыемстваў у рамках святкавання 695-годдзя Ліды стаў рыцарскі турнір “Меч Лідскага замка”, арганізаваны ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” аддзела культуры Лідскага райвыканкама і народнай студыяй рыцарскіх мастацтваў “Dies Magna”, якая дзейнічае пры названым цэнтры. Жыхары і госці горада, якія ў гэты святочны дзень наведалі замак, змаглі стаць сведкамі і ўдзельнікамі рэканструкцыі яркіх гістарычных падзей, паглядзець на майстэрства конных рыцараў і баі пешых, бліжэй пазнаёміцца з сярэднявечнымі мастацтвамі, акунуцца ў атмасферу сярэднявечча. У пешых турнірах удзельнічалі рыцары з клубаў гістарычнай рэканструкцыі Беларусі і Расіі, конныя прадстаўленні і шоу паказвалі гледачам удзельнікі мінскага конна-гістарычнага клуба “Залатая шпора”, свае забавы для наведвальнікаў замка ладзілі і рэканструктары з клуба “Шатландская пяхота” (Маладзечна)… Але аб усім па парадку…
Ва ўрачыстым адкрыцці турніру прынялі ўдзел гурт “Hardwood”, тэатр гістарычнага танца “Soleil” (абодва калектывы – з Мінска), тэатр агню “Flash Lights” (Гомель). Турнір, як звычайна, быў падзелены на тры часткі, кожная з іх мела штосьці агульнае, а таксама мела свае асаблівасці.
Новаўвядзеннем турніру ў гэтым годзе стала “Бітва двароў” – масавыя бугурты (камандныя баі) рыцарскіх клубаў па асаблівых правілах. Гледачы ўбачылі сапраўднае рыцарскае шоу – захапляючыя поўнакантактныя баі на рысталішчы з удзелам беларускіх рыцарскіх клубаў “Белы тур”, “Паходня”, “Шляхецкая застава”, “Дружына Патрыка”, расійскага клуба “Кайзер”. Ладзілі пешыя рыцары таксама індывідуальны пешы турнір “Меч-бастард”. Меч-бастард – паўтараручны меч, якім можна біцца, трымаючы яго абедзвюма рукамі. Шчыты ў двубоях на мячах-бастардах не выкарыстоўваюцца, таму баі гэтыя заўсёды праходзяць актыўна (за шчытом тут не схаваешся).
Трэці год запар упрыгажэннем фестывалю з’яўляецца выступленне конных рыцараў клуба “Залатая шпора” з Мінска. На гэты раз конна-гістарычным клубам была прадстаўлена новая анімацыйна-гістарычная праграма “Чароўныя коні Вялікага княства Літоўскага”, якая з поспехам прайшла на многіх фестывальных пляцоўках Беларусі. Гледачы бліжэй пазнаёміліся з грацыёзнымі, натрэніраванымі конямі ўдзельнікаў клуба, даведаліся аб іх мянушках і пародах, а таксама аб тым, што Вялікае княства Літоўскае лічылася адной з лепшых кавалерыйскіх дзяржаў у свеце, вершнікі княства атрымлівалі шэраг перамог у гістарычна значных бітвах. “Вершнік павінен паважаць свайго каня, па-сяброўску ставіцца да яго – і конь адкажа яму тым жа”, – гаварыў кіраўнік клуба Павел Калінкоў (пан Павел Заслаўскі).
***
У рамках турніру “Меч Лідскага замка” выступалі гурт “Hardwood”, тэатр сярэднявечнага танца “Soleil” з Мінска. На працягу ўсяго мерапрыемства ў замку праводзіліся майстар-класы па сярэднявечных і побытавых танцах, музыкальныя выступленні. Жадаючыя мелі магчымасць пакатацца на конях.
Дарэчы, гэта ўжо пяты рыцарскі турнір у Лідзе, на якім выступае мінскі ансамбль сярэднявечнай музыкі “Hardwood” (“Цяжкое дрэва”). Увогуле, як адзначылі ўдзельнікі ансамбля, Ліда для іх месца знакавае. Менавіта ў Лідзе шэсць гадоў назад калектыў даў свой першы канцэрт. Што тычыцца творчасці ансамбля, сярэднявечныя кампазіцыі яго музыканты робяць блізкімі да сучасных, выкарыстоўваючы ўдарную ўстаноўку, барабаны, бас-гітары, каб сярэднявечная музыка была больш блізкай сучаснаму слухачу.
Таксама ў праграме турніру было прадугледжана нямала інтэрактыўных мерапрыемстваў. Парадавала гледачоў выступленне клуба “Шатландская пяхота” з Маладзечна, які прадставіў сваю ўражальную анімацыю як у замку, так і ля яго муроў.
– Мы, адзіныя ў Беларусі, рэканструюем побыт шатландскіх наёмнікаў XVI стагоддзя, якія ваявалі ў Еўропе, – расказвае кіраўнік клуба “Шатландская пяхота” Аляксандр Шоць. – Дарэчы, яны маюць дачыненне і да гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Напрыклад, у асабістай гвардыі Радзівілаў былі шатландцы. Наш клуб выступае па ўсёй Беларусі, удзельнічае ў розных фестывалях. У радах “Шатландскай пяхоты” налічваецца чалавек пятнаццаць, у тым ліку мая жонка і малодшы сын. У турніры “Меч Лідскага замка” мы ўдзельнічаем другі раз.
***
Праграма рыцарскага турніра “Меч Лідскага замка” цягнулася да позняга вечара. Самым насычаным і яркім стала вячэрняе дзвюхгадзіннае прадстаўленне, у рамках якога адбыліся фіналы групавога і індывідуальнага турніраў. Перамогу ў турніры “Бітва двароў” падзялілі каманды рыцарскіх клубаў “Белы тур” (Мінск) і “Кайзер” (Масква), а па выніках індывідуальнага турніру найлепшым з найлепшых байцоў быў прызнаны пан Кшыштаф, прадстаўлены як таямнічы рыцар з Мінска. Тут жа, у замку, адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў.
Вечар – гэта яшчэ і час інтэрактыўнага коннага рыцарскага шоу ад клуба “Залатая шпора”. На гэты раз гледачы сталі сведкамі індывідуальнага і групавога конных турніраў. У фінале індывідуальнага турніру сышліся з дзідамі на конях кіраўнік клуба пан Павел Заслаўскі і пан Вацлаў Мсціслаўскі. Кожны рыцар абраў сабе даму сэрца сярод гледачоў-жанчын. Дама сэрца таго рыцара, які перамог (а перамог пан Павел), была абвешчана каралевай турніру і атрымала ўнікальную магчымасць праехацца з ваяром-пераможцам на кані.
У заканчэнне турніру з яркімі фаер-шоу і піратэхнічным прадстаўленнем выступілі адпаведна лідская студыя агню “ZHARA” і фаер-каманда “Flash Lights” з Гомеля. Спецыяльна для турніру ў Лідзе фаершчыкі падрыхтавалі яркія, маштабныя вогненныя нумары з выкарыстаннем вялікай колькасці складанага рэквізіту і піратэхнікі.
Але на гэтым забавы ў Лідскім замку не скончыліся – жадаючых патанчыць чакала начная супердыскатэка “ZAMOK DANCE”.