Годна прадставілі Лідчыну творчыя калектывы Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці

26 Мая 2022 2147


Творчыя калектывы Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці – пераможцы VI  рэспубліканскага фестывалю сямейнай творчасці ​“Жывіце ў радасці”, які праводзіўся напярэдадні Дня сям’і ў горадзе Слоніме. Найлепшыя творчыя сем’і з шасці абласцей​ нашай краіны дэманстравалі свае таленты ў харавым, інструментальным і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.​

Лідскі край і ўвогуле Гродзенскую вобласць прадставілі народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў “Мы з вёсачкі-калыскі” Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра​ (вакальна-харавы жанр) і народны сямейны ансамбль акардэоннай музыкі “Круіз” сям’і Бачыла з Мажэйкаўскага Дома культуры (інструментальны жанр). Дарэчы, не так даўно ансамбль Парфенчыкаў стаў лаўрэатам I ступені на IV Міжнародным фестывалі-конкурсе нацыянальных сучасных мастацтваў «Планета дружбы», які праходзіў пры падтрымцы Беларускага саюза музычных дзеячаў у горадзе Мінску. Тады Аляксандр Парфенчык і Зінаіда Унучко былі адзначаны падзячнымі лістамі аргкамітэта фестывалю.

Не менш цёплых слоў хочацца сказаць і аб народным сямейным ансамблі акардэоннай музыкі “Круіз” філіяла “Мажэйкаўскі Дом культуры”. Ідэя яго стварэння ўзнікла ў 2000 годзе і належыць Уладзіміру Віктаравічу Бачылу, таленавітаму музыканту, акардэаністу. Сваю любоў да музыкі ён прывіў дачцэ Дзіяне, якая скончыла музычную школу па класе акардэона. Актыўную канцэртную дзейнасць ансамбль “Круіз” пачаў у 2004 годзе. За невялікі час існавання калектыву музыканты паспелі выступіць на асноўных канцэртных пляцоўках Лідскага  раёна, прымалі ўдзел у фестывалях, дзе іх творчасць атрымала высокую адзнаку (рэспубліканскі фестываль сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці”, узнагароджаны каштоўным падарункам (г. Слонім, 2007 г.), міжнародны фестываль у г. Браціславе (Рэспубліка Славенія, 2007 г.), ХХІІ міжнародны фестываль фальклорных меншасцей (г. Вегаржэва, Рэспубліка Польшча, 2007 г.).

І вось новая падзея ў творчым жыцці калектываў: кампетэнтнае журы высока ацаніла іх майстэрства і, як вынік,​ яны заслужана занялі першыя месцы ў сваіх намінацыях і атрымалі дыпломы I ступені. 

Віншуем нашыя творчыя сямейныя калектывы з перамогай, дзякуем, што годна прадставілі нашу Гродзенскую вобласць, нашу Лідчыну!

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться