А вы ведалі, што лялька можа гаварыць? У Лідзе адраджаюцца традыцыі народнага лялечнага тэатра «Батлейка»

18 Января 2021 1438
Лялечны тэатр – адно з самых яркіх відовішчаў. Ён прыцягвае сваёй дынамікай і маляўнічасцю. Незвычайнасць таго, што адбываецца, захоплівае дзяцей і нават дарослых, пераносіць у зусім іншы, займальны свет, дзе ўсё магчыма. Але хто яны – героі з чароўнага доміка, якія ажываюць у руках лялькавода?

Карэспандэнт «Лідскай газеты» зазірнуў за кулісы народнага тэатра «Батлейка» аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці», каб даведацца, як нараджаецца казка.

Аб густах спрачаюцца

Кіраўнік народнага лялечнага тэатра «Батлейка» Ірына Вашкевіч расстаўляе ўсе кропкі над «і»: першы спектакль тэатра адбыўся дзесяць гадоў таму ў Доме рамёстваў пасёлка Першамайскі. А падчас «Дажынак» разам з усімі атрыбутамі ён пераехаў у новы будынак – аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры «Спадчына». Праўда, званне «народны» атрымаў толькі праз восем гадоў. Бо спектакль павінен не толькі прыносіць радасць маленькаму гледачу, але і выхоўваць інтарэсы, пэўнае стаўленне да навакольнага свету, апавядаць пра традыцыі нашага народа. І за ўсім гэтым стаіць каласальная праца.

– Сёння ў арсенале лялечнага тэатра сем п'ес, – расказвае Ірына. – Самая старая з іх – спектакль пра цара Ірада, які са з'яўленнем Хрыста павінен быў страціць сваю карону і таму загадаў забіць усіх нованароджаных хлопчыкаў, але ў выніку ўсё ж такі панёс заслужанае пакаранне. Ды і сама назва “Батлейка” паходзіць ад слова “Віфлеем” – месца нараджэння Хрыста. Таму гісторыя ўзнікнення тэатра звязана з каляднымі святамі. Першапачаткова ўсе сюжэты былі выключна на біблейскія тэмы. Героямі былі Дзева Марыя, немаўля Ісус, святыя. Але ўжо сёння мы звяртаемся і да народных казак, і да фальклору. Знайшлі сваіх прыхільнікаў п'есы «Курачка і каласок», «Вясновая песня», «Казіная хатка», «Патрыкей», «Зімовыя прыгоды Юрася і Ганкі», «Чароўны лес». У распрацоўцы спектакль, прэм'ера якога адбудзецца ўвесну, напярэдадні свята Сёмухі. Яго галоўнымі героямі стануць вядомыя ў беларускім фальклоры міфічныя істоты.

Артысты тэатра ўпэўненыя: беларуская міфалогія не менш цікавая, чым любая іншая. Напрыклад, русалкі, якія з'яўляюцца галоўнымі героямі новай п'есы, незвычайныя, яркія персанажы. Самае дзіўнае – гэта тое, што ў іх няма рыбінага хваста. Дзяўчат з распушчанымі доўгімі валасамі перад Сёмухай прыбіралі ў святочныя адзенні і адводзілі ў жыта, здзяйснялі абрады.

– Лялечны тэатр прыносіць дзецям задавальненне і шмат радасці, – кажа Ірына. – Аднак нельга разглядаць спектакль лялек толькі як забаву. На самай справе яго выхаваўчае значэнне нашмат шырэй. Школьны ўзрост – гэта перыяд, калі ў дзіцяці пачынаюць фарміравацца густы, таму вельмі важна паказваць прыклад праведнасці, сяброўства, спагадлівасці, дабрыні.

Здзівіць і ўразіць

Штогод лідскія артысты прымаюць удзел у фестывалі «Чароўны свет батлейкі», які праходзіць ў Залессі. Гэта рэгіянальны фестываль, на які з'язджаюцца лялечныя тэатры са сталіцы, абласных цэнтраў і іншых гарадоў краіны. Галоўнае – не толькі паставіць спектакль, але і здзівіць сюжэтнай лініяй, вобразамі герояў, іх касцюмамі.

– Кожная наша лялька зроблена ўручную, – расказвае Ірына Вашкевіч. – Напрыклад, у спектаклі «Казіная хатка» персанажы пашытыя з анучак – гэта значыць, з непрыдатнага матэрыялу. Але ёсць больш складаныя вобразы. Усё залежыць ад таго, які тыпаж патрэбны: злосны, мілы, адухоўлены або сумны.

Працэс стварэння лялькі для батлейкі даволі працяглы. Першапачаткова робяцца замалёўкі, а ўжо потым прыступаюць да працы сапраўдныя майстры сваёй справы. Напрыклад, твар і рукі для нашага беларускага Дзеда Мароза – Зюзі (як і для іншых герояў) – на пачатковым этапе стварала кераміст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Алена Свідэрская. А затым вобраз дапаўняўся касцюмамі. Над імі “варажылі” нашыя калегі.

Вобраз батлеечнай лялькі ўнікальны. Перш чым прыступіць да яе вырабу, Ірына вывучае характар усіх персанажаў. Вельмі важна адчуць сэрцам кожнага героя і прапанаваць яго бачанне ў эскізе.

Менавіта касцюмы часцей за ўсё з'яўляюцца іскрынкай у знешнім выглядзе персанажа. 

– А як увогуле ствараліся персанажы для п’есы “Зімовыя прыгоды Юрася і Ганкі”? – пытаюся ў кіраўніка тэатра.

– Першапачаткова многія ідэі падказвала творчасць адной мастачкі. Яна кераміст і стварае цікавых фантастычных істот. А дзеці любяць незвычайных персанажаў. Стала думаць, як, не выходзячы за рамкі нашых традыцый, унесці ў вобраз часцінку сучаснасці. У выніку сталі атрымлівацца незвычайныя, часам нават вельмі смешныя персанажы. І заўжды вельмі прыемна, што яны падабаюцца нашым маленькім гледачам.

Сцісласць – сястра таленту

Сцэнай для спектакляў батлейкі служыць двух'ярусная шафа, знешне падобная на хатку. Звычайна яна ўпрыгожана каляровай тканінай і паперай. Лялечнікі-батлейшчыкі кіруюць персанажамі на стрыжнях з праёмаў у падлозе. Пры гэтым кожны спектакль батлейкі доўжыцца пятнаццаць-сямнаццаць хвілін. На маё пытанне, чаму ў дадзеным выпадку актуальны мінімалізм у часе, мастацкі кіраўнік тэатра справядліва заўважае, што п'еса не павінна стамляць. Хоць некалі спектаклі былі доўгімі, як паўнавартасны фільм. 

– Бачыла саракамінутныя спектаклі і, шчыра кажучы, сама ад іх стамлялася, – кажа мая суразмоўніца. – Дык я дарослы чалавек, а што казаць пра дзяцей? У маім разуменні выступленне, асабліва для маленькага гледача, павінна быць не толькі вясёлым, зразумелым, але і нядоўгім. Дзеці не павінны засумаваць, як і артысты-лялькаводы.

Сёння Ірына Вашкевіч з’яўляецца ідэйным натхняльнікам юных лідскіх артыстаў. Яе выхаванцы (а многія з іх – навучэнцы мясцовых школ) не даюць тэатру страціць актуальнасць і плануюць пастаноўкі на перспектыву. Хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем наведваюць рэпетыцыі, іграюць ролі розных характэрных персанажаў і дзеляцца планамі. Прыемна, што традыцыі беларускага народа працягваюцца, а значыць, гэты старадаўні від мастацтва атрымлівае другое нараджэнне.

– Лялечны тэатр з даўніх часоў прыцягваў да сябе і дарослых, і дзяцей, – кажа мая суразмоўніца. – І сёння, прайшоўшы праз многія стагоддзі, ён па-ранейшаму актуальны. Уяўленні аб маральных каштоўнасцях у сучасным свеце мяняюцца досыць хутка. А класічныя батлеечныя пастаноўкі заўсёды прасякнутыя павучальнымі момантамі. Яны вяртаюць нас да вытокаў беларускіх традыцый, далучаюць да духоўна-маральных каштоўнасцей, дапамагаюць аднавіць сувязь паміж мінулым і сучаснасцю.

З нядаўніх часоў Ірына Вашкевіч уваходзіць у адну з супольнасцей батлейшчыкаў у сацыяльных сетках. Усяго ў ёй каля 180 удзельнікаў. Ёсць знакамітыя. Многія з іх самі робяць лялек, самі ствараюць п'есы і іх жа іграюць. Усе разам яны абмяркоўваюць важныя моманты тэатральнай дзейнасці, а таксама дзеляцца ўражаннямі ад падарожжаў са спектаклямі па краіне, наведвання фестываляў.

– Раней батлейшчыкі ў адзіночку хадзілі па гарадах і вёсках, і гэта былі цэлыя сямейныя ансамблі, – у канцы гутаркі заўважыла Ірына. – Галава сямейства быў рэжысёрам і лялькаводам у адной асобе, астатнія – музыкамі. Тэатральнае майстэрства перадавалася з пакалення ў пакаленне, яго сакрэты трымалі ўпотайкі ад іншых. Прадстаўленне пачыналася з уступлення музыкаў. Потым усе артысты зацягвалі песню і нарэшце прыступалі да п'есы. Гэта было прыгожае дзейства. Сёння мы і прытрымліваемся старых традыцый, і рухаемся далей. Упэўнена: дзейнасць нашага тэатра дазволіць пашырыць веды пра гісторыю гэтага самабытнага мастацтва не толькі сярод лідчан, але і сярод жыхароў іншых гарадоў. Праўда, з адной папраўкай: далучаючы гледача да народнай культуры, мы не толькі адраджаем нацыянальныя традыцыі, але і прыўносім у іх нотку сучаснасці. Батлейка атрымлівае новае жыццё.

Гэта цікава. З'яўляліся батлейкі з 25 снежня і калясілі па гарадах і вёсках па 2 лютага. Суправаджаліся яны групамі харыстаў або музычным трыа. Звычайна размяшчаліся ў самых шматлюдных месцах – на кірмашах. Трапіць на прадстаўленне імкнуліся ўсе. Часам тэатр запрашалі і ў дом.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться