У Лідзе адкрылася выстаўка, на якой прадстаўлены работы маладой лідскай мастачкі з абмежаванымі магчымасцямі

10 Декабря 2020 2426
Днямі ў Доме паэта Валянціна Таўлая адкрылася выстаўка, на якой прадстаўлены работы маладой лідскай мастачкі з абмежаванымі магчымасцямі Ганны Брэйва. Выстаўка называецца “Перадай дабро па крузе…”, яна стала першай ластаўкай у рэалізацыі сумеснага аднайменнага праекта Лідскага гісторыка-мастацкага музея і аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды.

Ганне Брэйва дваццаць тры гады. З нараджэння яна была асаблівым дзіцём. Ганна – інвалід-калясачнік. Аднак бацькі ніколі не адносіліся да яе як да дзіцяці з праблемамі. Ганна наведвала дзіцячы сад, вучылася ў сярэдняй школе №4. Нароўні са звычайнымі дзецьмі яна шукала сябе. Ганна вельмі таварыская, пазітыўная, не паддаецца суму, не падае духам, яе часта можна бачыць у акружэнні сяброў. 

– Тры гады назад, – расказвае куратар выстаўкі, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун, – яна пазнаёмілася з педагогамі Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія разглядзелі ў ёй талент мастачкі і прапанавалі навучаць Ганну выяўленчаму мастацтву дома. З таго часу яна малюе (дарэчы, пачынала яна як мастак-абстракцыяніст). Малюе Ганна Брэйва не толькі для сябе – дорыць свае работы сябрам, суседзям, знаёмым. Праз свае малюнкі дзяўчына імкнецца паказаць прыгажосць, якая ёсць побач з намі і ўнутры нас – варта толькі прыгледзецца. Наведваючы аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды, Ганна таксама спрабуе сябе ў вышыўцы.

У мінулы чацвер, у Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь, у Доме паэта Валянціна Таўлая адкрылася міні-выстаўка пад назвай “Перадай дабро па крузе…”, на якой прадстаўлена каля дваццаці работ Ганны Брэйва як мастачкі, створаных у розных тэхніках. І гэта толькі частка таго, што яна стварыла з дапамогай акварэлі і гуашы за тры гады. Усе гэтыя малюнкі поўныя цеплыні і святла, у іх перададзены як багаты ўнутраны свет маладой мастачкі, так і тое, што яна бачыць навокал, калі пакідае сваю кватэру (дома яна сядзіць не заўсёды – бацькі вывозяць дачку ў калясцы на прагулкі). 

 Цэнтральным малюнкам на выстаўцы можна назваць малюнак з выявай сэрца – Ганна Брэйва як бы дорыць наведвальнікам праз свае работы сваё добрае сэрца, свой унутраны свет, свой пазітыў. Сярод яе работ часта сустракаюцца выявы кветак, пейзажы, што адлюстроўваюць розныя поры года, ёсць і выявы таго, што мастачка магла ўбачыць толькі дзякуючы свайму ўяўленню, палёту фантазіі, – напрыклад, выявы паўліна, аленя, Эйфелевай вежы. Сапраўды, у творчасці чалавек не абмежаваны, нягледзячы нават на пэўныя фізічныя абмежаванні.

– Выстаўка работ Ганны Брэйва “Перадай дабро па крузе…” падштурхнула да рэалізацыі цэлага аднайменнага праекта сумесна з Лідскім гісторыка-мастацкім музеем, – гаворыць загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды Ірына Звонік. –  Запланавана і ў далейшым арганізоўваць у Доме Таўлая (магчыма, раз у квартал) выстаўкі работ людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама сустрэчы з самімі гэтымі людзьмі. Сярод іх ёсць не толькі мастакі, але і рукадзельніцы, музыканты, паэты, пісьменнікі, якія несвабодныя ў рухах, але з багатым унутраным светам, з жаданнем тварыць і дарыць праз творчасць дабрыню і цяпло сваіх сэрцаў.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться