Свята, якое яднае

16 Сентября 2022 1728
Адлік гісторыі “Лідскай газеты” ідзе з таго часу, калі заходняя частка Беларусі аб’ядналася з усходняй у складзе Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

У верасні 1939 года быў выдадзены першы нумар “Лідскай газеты”; многія лідчане памятаюць, што раней яна называлася “Уперад”. Газета напачатку выдавалася як орган часовага кіравання Ліды і Лідскага павета, затым – гарадскога і раённага камітэта КПБ. На жаль, нумары газеты за 1939 год не захаваліся, іх не адшукалі нават у Маскве ў галоўнай бібліятэцы былога СССР – “Ленінцы”, хаця ў ёй захоўваюцца нумары лідскай раёнкі, пачынаючы з №3 за 8 студзеня 1940 года.

  Цяпер мы рыхтуем святочны нумар да гадавіны нашага выдання. Сярод матэрыялаў ёсць і архіўныя звесткі, якія сведчаць пра тое, што ў 1939 годзе лідчане з вялікай радасцю і патрыятычным уздымам сустракалі часці Чырвонай Арміі, якія першымі прынеслі вестку пра вызваленне Заходняй  Беларусі і далучэнне яе да Усходняй. Засталіся ўспаміны відавочцаў, як у Лідзе і іншых населеных пунктах нашага раёна людзі ўстанаўлівалі трыумфальныя брамы для сустрэчы воінаў-вызваліцеляў. 

 Ажно васямнаццаць год беларускі народ быў раз’яднаны (па ўмове Рыжскай дамовы ў 1921 годзе землі Заходняй Беларусі адышлі да Польшчы). Што спазнала беларускае насельніцтва за час знаходжання ў складзе іншай дзяржавы – асобная размова. Адно зазначу:  на пачатак новага навучальнага года ў 1938-1939 гадах у Беларусі не засталося ніводнай беларускай школы. Больш за 100 тысяч беларускіх дзяцей не наведвалі ўвогуле ніякай школы. Адукаваныя людзі з ліку беларусаў не былі патрэбны “міласцівай” Польшчы.

 Прайшлі гады… Сёння Беларусь – незалежная, суверэнная краіна. Беларускі народ ведаюць у свеце як народ, унікальны сваёй адукаванасцю, культурай выхавання, уменнем і жаданнем працаваць. Нават нашы прымаўкі і прыказкі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, гавораць пра гэта: «Работу словам не заменіш»; «Рана ўстанеш – зробіш многа»; «Спачатку падумай, потым гавары». Вялікі сэнс, закладзены ў гэтыя выразы, захоўваецца, нягледзячы на тое што беларускі народ на працягу розных гістарычных перыядаў праходзіў праз выпрабаванні, у тым ліку і праз найбольш трагічнае выпрабаванне – Вялікую Айчынную вайну.  

 Ёсць у беларусаў добрая нацыянальная традыцыя: не гледзячы ні на што, заставацца добразычлівымі, лагоднымі, улюбёнымі ў сваю краіну – сапраўднымі патрыётамі Беларусі. І яшчэ адзін важны момант сведчыць пра тое, што наш народ – адзінае цэлае: гэта дні, калі людзі святкуюць. я маю на ўвазе і такія значныя даты, важныя ў жыцці кожнага грамадзяніна, як 9 Мая, дзень Незалежнасці, а таксама народныя святы.

 У кожнай вобласці, раёне праводзяцца Дажынкі, Купалле, Каляды, Гуканне вясны і яшчэ шэраг іншых сучасных  брэндавых мерапрыемстваў. У  кожнага рэгіёна яны свае, асаблівыя. І ўдзел у гэтых святах аб’ядноўвае людзей, дае магчымасць адчуць сябе часткай адной нацыі, аднаго народа. 

 Шчыра віншую лідчан, усіх суайчыннікаў з Днём народнага адзінства і жадаю, каб Беларусь квітнела, каб у нашых паэтаў, песеннікаў, празаікаў заўсёды былі нагода і жаданне сказаць добрае слова пра родную краіну. 
Дарагія землякі! Няхай плённымі будуць вашы працоўныя будні на карысць Айчыны, шчаслівымі ўсе дні жыцця, радаснымі сустрэчы з блізкімі і знаёмымі! 
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться