У парадку дня – «Вялікая размова з Прэзідэнтам»

07 Августа 2021 1831
Перш чым падпісаць нумар газеты ў друк, яшчэ раз перачытала яго матэрыялы.

Разлічаныя на розных чытачоў артыкулы аб’ядноўвае актуальнасць тэм: прафесійнае свята будаўнікоў, ушанаванне лепшых працаўнікоў галіны прайшло на ўзроўні раённай улады; у сацыяльнай сферы – кадравае папаўненне маладымі спецыялістамі, поўнымі аптымізму і задаволенымі ўмовамі працы на першым рабочым месцы; цікавыя заняткі дзяцей, якія ў час летніх канікулаў не толькі адпачываюць, але і самі ўносяць уклад у тое, каб адпачынак быў змястоўным; кранальны аповед пра лёс немаладых мужа і жонкі, якія адсвяткавалі залатое вяселле і гісторыя  сумеснага жыцця якіх працягваецца, у тым ліку дзякуючы нераўнадушшу нашых землякоў і прафесіяналізму лідскіх медыкаў. Ёсць і іншыя матэрыялы, а таксама для аматараў гумару – новая падборка анекдотаў.  

Розныя тэмы, розныя матэрыялы, але ў кожным – жыццё раёна, біццё працоўнага і грамадскага пульсу Лідчыны. Яго рытм роўны, усе сферы жыццядзейнасці рэгіёна працуюць у звыклым тэмпе. І гэта рэчаіснасць. Ёсць і іншая рэчаіснасць: з міграцыйнай праблемай Літвы і стральбой на яе мяжы, са скандалам вакол асобы Ціманоўскай, якая ў Токіа на Алімпійскіх гульнях павінна была паказаць спартыўны рэзультат на бегавой дарожцы, а паказала толькі нестабільнасць характару, гібель кіраўніка арганізацыі пад назвай «Беларускі дом ва Украіне» і інш. 

Зразумела, што гэтыя факты маюць дачыненне і да нашай краіны, бо мірнае, спакойнае жыццё ў ёй не дае спакою тым, хто хоча перавярнуць тут усё з ног на галаву. Дзеючая ўлада перашкаджае гэта зрабіць, таму прадпрымаюцца спроба за спробай паказаць яе дзеянні сусветнай супольнаці ў негатыўным святле, пры гэтым у ход ідуць дэзінфармацыя, проста фэйкі. 

Нягледзячы на тое што правакацыі ў нашых нядобразычліўцаў атрымліваюцца дрэнна, у сваіх намерах яны не спыняюцца. Не буду паўтараць тое, што вельмі добра было паказана ў дакументальным тэлепраекце “2020” на каналах БТ, СТВ, які прайшоў на гэтым тыдні. Увогуле, каб мець аб’ектыўную інфармацыю пра ўсе падзеі, якія адбываюцца навокал, раю сачыць і за рубрыкай “Будзе дапоўнена”, якую вядзе на АНТ наш зямляк Ігар Тур. Гэта  праграма выходзіць звычайна ў вячэрнім эфіры, у прайм-тайм.

А ў панядзелак, 9 жніўня, у Палацы Незалежнасці адбудзецца “Вялікая размова з Прэзідэнтам”, якую Аляксандр Лукашэнка правядзе з журналістамі, грамадскай  і экспертнай супольнасцю. 

Пачатак – у 11.00. Прамая трансляцыя пройдзе на галоўных тэлеканалах краіны.

Тэлеграм-канал “Пул Першага” паведамляе, што заявак на ўдзел у мерапрыемстве было пададзена звыш тысячы, арганізатары адбяруць каля 300. 

Упэўнена, што мы пачуем адказы, грунтоўныя і праўдзівыя, на ўсе пытанні, зададзеныя ўдзельнікамі сустрэчы кіраўніку дзяржавы. Не будзе абыдзены і міжнародны парадак дня. 

А “Лідская газета”, яе сайт таксама падзеляцца са сваімі чытачамі інфармацыяй, якая прагучыць у час “Вялікай размовы з Прэзідэнтам”.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться