Справаздачы і планы: колькі добрых спраў зрабіў Чырвоны Крыж і колькі яшчэ плануе

15 Февраля 2018 2274

 Сёння на пляцоўцы цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Купалы адбылоя справаздачнае пасяджэнне прэзідыума раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Віктара Пранюка, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірыны Рабец, прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый Лідчыны, што прымаюць найбольш актыўны ўдзел ва ўсіх добрых пачынаннях.

Аб тым, колькі добрых спраў зроблена на Лідчыне і колькі яшчэ іх плануецца ажыццявіць, распавяла старшыня раённай арганізацыі Кацярына Сапега.

Летась непасрэдную дапамогу атрымалі звыш васьмісот лідчан самых розных уразлівых катэгорый – гэта адзінокія і адзінока пражываючыя інваліды, шматдзетныя і няпоўныя сем'і з нізкім узроўнем даходу, дзеці з небяспечных сем’яў, мігранты (з Украіны), людзі з сацыяльна небяспечнымі захворваннямі (ВІЧ, туберкулёз), асобы без пэўнага месца жыхарства, а таксама асобы, якія прыбылі з месцаў пазбаўлення волі. Актыўна працавала служба сёстраў міласэрнасці – яе падапечнымі сталі звыш пяцідзесяці хворых, нямоглых старых. Значна пашырылася кола валанцёраў Чырвонага Крыжа, з актыўным удзелам якіх праведзена звыш сарака мерапрыемстваў і акцый.

IMG 005

IMG 011

IMG 027

На пляцоўцы раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа летась рэалізоўвалася шмат праектаў. Найноўшым з іх стаў праект ”Няня замест мамы” па дапамозе маленькім пацыентам педыятрычнага аддзялення – дзецям, што засталіся без бацькоў. Спраў рэалізавана вельмі многа (больш падрабязна аб іх мы раскажам у вялікім інтэрв’ю Кацярыны Сапегі “Лідскай газеце” ў адным з бліжэйшых нумароў – рэд.). Усе яны сталі магчымыя таму, што многія лідчане ўнеслі сваю маленькую лепту.

Падчас пасяджэння Кацярына Сапега ўручыла Падзячныя пісьмы: галоўнаму ўрачу Лідскай ЦРБ Вадзіму Трубчыку – за актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта “Няня замест мамы”, педагогу-арганізатару СШ №17 Святлане Ермаловіч – за развіццё валанцёрскага руху Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Адзначаны і яшчэ адзін праект, які быў ініцыяваны старшынёй абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа Раманіяй Скамарошка, – па прыцягненні да валанцёрства цяжкіх падлеткаў. Летась на Лідчыне быў створаны валанцёрскі атрад “Тэрыторыя дабра”, вялікі ўклад у яго стварэнне і развіццё ўнесла сацыяльны педагог СШ №11 Вольга Асіпенка.

IMG 017

IMG 022

IMG 029

Віктар Пранюк падзякаваў раённай арганізацыі і яе кіраўніку за праведзеную вялікую працу.

– Чырвоны Крыж не проста робіць дабро для жыхароў Лідчыны, а і дапамагае нам не ператварыцца ў чэрствых людзей. Кожны з нас, хто валодае пэўным дабрабытам і выгодамі, мае магчымасць падзяліцца невялікай часткай свайго заробку, дабрабыту для таго, каб хтосьці таксама адчуў сябе шчаслівым. Бог даў нам усім гэтыя выгоды дзеля таго, каб мы змаглі дзяліцца з тымі, хто гэтых выгод не мае або згубіў па нейкіх прычынах. Мы можам і павінны аказаць падтрымку, – адзначыў Віктар Францавіч. – Людзі ў нас добрыя, спагадныя, умеюць суперажываць. Раней мы дапамаглі дзвюм нашым дзеткам і сабралі грошы на іх лячэнне. Зараз з’явіўся яшчэ адзін хлопчык, вучань СШ №14 Арцём Шульвінскі, якому мы таксама будзем дапамагаць. І чым хутчэй гэта зробім, тым лепей. Для бацькоў любая магчымасць бачыць сваё дзіця здаровым – гэта выратавальная саломінка. Мы павінны не толькі працягнуць саломінку, але і даць чалавеку руку, каб ён ухапіўся і разам з намі рухаўся далей. Карыстаючыся магчымасцю, хачу звярнуцца да ўсіх прадпрыемстваў, каб яны адгукнуліся, як мага хутчэй аказалі дапамогу і каб хлопчык паехаў лячыцца. Мы столькі гадоў дапамагалі – думаю, будзем дапамагаць і далей.

IMG 035

У 2018 у парадку дня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа – зноў шмат добрых спраў. Іх нават яшчэ больш, чым летась! Як адзначыла Кацярына Сапега, таму што стаяць на месцы нельга. Задумана развіццё валанцёрскай сеткі і прыцягненне да дзейнасці Чырвонага Крыжа насельніцтва, звычайных лідчан.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться