Член Савета Рэспублікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш сустрэлася з жыхарамі вёскі Карытніца
Мерапрыемства, якое на мінулым тыдні прайшло ў вёсцы Карытніца ў рамках Адзінага дня інфармавання, пры ўсім жаданні цяжка назваць афіцыйным – найперш з-за незвычайнай атмасферы ўзаемаразумення, добразычлівасці падчас дыялогу суразмоўцаў. А імі ў гэты дзень сталі мясцовыя жыхары і старшыня раённага Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Інэса Белуш, старшыня Беліцкага сельскага Савета Сяргей Кулеш, начальнік Лідскага РАУС Дзмітрый Уляшка, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Наталля Буча, участковы інспектар міліцыі Аляксандр Валынец.
Пра каштоўныя набыткі беларусаў у сферы культуры, пра тое, што традыцыі, абрады нашых продкаў, як найвялікшы скарб, трэба захаваць і перадаць нашчадкам, гаварыла Інэса Белуш. З цікавасцю слухалі прысутныя Інэсу Генадзьеўну і згаджаліся: так, моладзь павінна ведаць свае карані, вывучаць спадчыну нематэрыяльнага кшталту, каб і наступныя пакаленні мелі ўяўленне аб тым, хто яны і адкуль.
Паступова ад сферы культурных дасягненняў размова перайшла да спраў надзённых. Старшыня раённага Савета дэпутатаў цікавілася сённяшнім днём вяскоўцаў, а іх, нягледзячы на аддаленасць вёскі ад раённага цэнтра, налічваецца 38 чалавек. У летнія дні Карытніца становіцца прыцягальнай не толькі для дзяцей гэтых немаладых лю-дзей, але і проста для адпачываючых: мясціны ж тут цудоўныя, паветра такое, што дыхаеш і водарам яго наталіцца не можаш, а блізасць Нёмана прыцягвае ўвагу патэнцыяльных дачнікаў. І гэтай увазе мясцовыя жыхары радуюцца: “Вось дом тут купілі людзі, прыязджаюць – нам весялей”. Ад лірычных выказванняў перайшлі да канкрэтных пажаданняў. Адчуўшы ўвагу прадстаўнікоў мясцовай улады, жыхары выказвалі свае просьбы. Найперш яны тычыліся транспартных зносін. Цяперашні расклад руху грамадскага транспарту, які абслугоўвае гэты напрамак, вяскоўцаў не вельмі задавальняе. Ім хацелася б, каб быў перагледжаны графік руху аўтобуса Ліда – Слонім, бо нярэдка здараецца так, што жыхары вёскі не паспяваюць на аўтобус Дзятлава – Гута (праз вёску Карытніца). Людзі вельмі прасілі, каб аўтобус Дзятлава – Гродна хадзіў не толькі па пятніцах, але і па нядзелях.
Просьбы вяскоўцаў былі занатаваныя, каб перадаць іх для разгляду кіраўніцтву аўтапарка №2, якое пасля вывучэння сітуацыі прыме адпаведнае рашэнне.
Больш маладыя жыхары Карытніцы хацелі б, каб у іх трансліравалася ZALA і быў падключаны Інтэрнэт. На гэты запыт у занальным вузле электратэхнічнай сувязі адказалі, што з падключэннем шматканальнага тэлебачання праблем не будзе, дастаткова звярнуцца з заявай у ЗВЭС. Што тычыцца Інтэрнэта, то тут сітуацыя больш складаная: у сувязі з аддаленасцю населенага пункта ад АТС, у цяперашні час выканаць гэта не прадстаўляецца магчымым тэхнічна. У якасці альтэрнатывы для тых, хто хацеў бы мець выхад у сусветнае сеціва, можна карыстацца паслугамі мабільных аператараў.
Зайшла размова і пра тое, што Карытніца можа быць далучана да Дзятлаўскага раёна. Звязана гэта з тым, што ў рэспубліцы праводзіцца работа па нармалізацыі і ўстанаўленні межаў раёнаў, якія апошні раз былі ўстаноўлены ў шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя.
Летась Мінская вобласць адкарэкціравала свае межы, цяпер плануецца, што праз гэту працэдуру пройдуць і ўсе раёны Гродзеншчыны. Карытніца, якая адносна горада Ліды знаходзіцца на другім беразе Нёмана, усяго ў дваццаці кіламетрах ад Дзятлава, лагічна ўвойдзе ў спіс яго населеных пунктаў. Увогуле, мясцовыя жыхары не супраць гэтага, бо ўжо і цяпер іх аблугоўваюць хуткая і аўталаўка з Дзятлава, дарожныя пытанні таксама дапамагаюць вырашаць мясцовыя службы. Да таго ж і дзеці некаторых жыхароў Карытніцы жывуць і працуюць у Дзятлаве – дык які сэнс бацькам настойваць на тым, каб лічыцца жыхарамі іншага раёна? Як тут не згадаць народную прыказку: “Не месца красіць чалавека…”, каб дапоўніць яе: “…і не статус жыхара адпаведнага раёна дае перавагі перад іншымі”?
Пры такім раскладзе іншыя пенсіянеры цікавіліся, ці змогуць яны разлічваць на абслугоўванне лідскімі медустановамі, калі на зіму прыедуць у Ліду да дзяцей. Прадстаўнік адміністрацыі цэнтральнай раённай бальніцы дала станоўчы адказ на гэта пытанне, параіўшы пры пераездзе да дзяцей узяць выпіску з амбулаторнай карты і напісаць заяву, у якой патрэбна ўказаць, на які перыяд чалавек будзе знаходзіцца на тэрыторыі Ліды і па якім адрасе.
Напрыканцы сустрэчы гасцямі былі нагаданыя правілы бяспечных паводзін. Начальнік Лідскага РАУС Дзмітрый Уляшка рэкамендаваў жыхарам вёскі, а большасць з іх сталага ўзросту, не адчыняць дзверы незнаёмым людзям, не купляць у іх рэчы і не ўступаць у абмеркаванне нейкіх пытанняў.
Вяскоўцы гаварылі пра сваю пільнасць, дзякавалі за ўвагу да сябе і запрашалі наведвацца ў вёску часцей.