Месца прыёму грамадзян – аддаленая вёска. Не толькі на ўладу спадзявайся, але і сам старайся
Рэдакцыя «Лідскай газеты» працягвае весці рубрыку “Месца прыёму грамадзян – аддаленая вёска”. Разам са старшынямі сельскіх Саветаў журналіст выязджае ў аддаленыя населеныя пункты сельсавета, каб выслухаць скаргі, просьбы, пажаданні іх жыхароў і давесці да ведама тых арганізацый, якіх непасрэдна датычаць гэтыя людскія турботы.
На гэты раз журналіст накіраваўся ў дарогу з выконваючым абавязкі старшыні Траццякоўскага сельвыканкама Аляксандрам Хвайніцкім. Пунктам нашага назначэння была абрана вёска Біскупцы. Аднак у час паездкі геаграфію пашырылі. Кіраўнік мясцовай улады меў некаторыя занатаваныя просьбы жыхароў іншых вёсак, таму было вырашана па дарозе заехаць па адрасах, каб на свае вочы ўбачыць, чым можна дапамагчы.
У вёсцы Калясішча ў старой адзінокай жанчыны дрэнна цягнула печка, дым ішоў у пакоі. Яна звярнулася да мясцовай улады. Аляксандр Яўгеньевіч паабяцаў жанчыне, што не толькі знойдзе спецыяліста ў пячной справе і накіруе да яе, але і заедзе паглядзець, ці ўдалося паправіць сітуацыю.
– Дзякуй вам, быў пячнік, знайшоў непаладку, выправіў, – пачулі з парога.
У вёску Дакудава мы таксама заехалі невыпадкова. Мясцовы жыхар паведаміў, што старая высачэзная ліпа, якая расце на вуліцы ля дома №122, уяўляе небяспеку не толькі для пабудоў наўкола, але і для лініі электраперадач. З жыхарамі падвор’яў Аляксандр Яўгеньевіч вёў гутарку аб тым, што ад імя сельвыканкама будзе звяртацца ў раённы аддзел МНС і Лідскі раён электрычных сетак з просьбай падсабіць у выпраўленні становішча – абследаванні аб’екта і, пры неабходнасці, поўнай спілоўцы дрэва.
У час знаходжання ў Дакудаве журналіст звярнуў увагу, як прыветліва вітаюцца з кіраўніком улады жыхары вёскі. Аказваецца, працуючы на цяперашней пасадзе паўгода, Аляксандр Яўгеньевіч паспеў не толькі пазнаёміцца з вяскоўцамі, але і вырашыць некаторыя хвалюючыя іх пытанні. На мясцовых могілках патрэбна было ліквідаваць небяспечныя старыя дрэвы. Пры ўдзеле мясцовай улады пытанне было вырашана.
Дакудаўцы ў час паездкі звярнуліся да выконваючага абавязкі старшыні сельвыканкама з чарговымі пажаданнямі. Казалі, што прыйшла ў дрэнны стан агароджа на могілках. (Аказалася, Аляксандр Яўгеньевіч у курсе гэтай праблемы.) Выказвалася і такое патрабаванне: зрабіць пляж ля мясцовага вадаёма, ачысціць і добраўпарадкаваць тэрыторыю. Маўляў, дзеці і ўнукі прыязджаюць з горада, няхай бы для іх тут быў цывілізаваны адпачынак.
– Ведаеце, без людской дапамогі, вашага ўдзелу мясцовай уладзе такія пытанні цяжка асіліць. Ці гатовы працаваць талакой? – казаў Аляксандр Яўгеньевіч.
Пазней мы пабывалі ў двух гэтых згаданых людзьмі месцах. І тут ужо журналісту хочацца выказаць сваё меркаванне. Ля вадаёма мы ўбачылі, як кажуць, пакінутыя адпачывальнікамі сляды: пластыкавыя бутэлькі ад напояў, пакеты ад ежы і г. д. Чаму не паклапаціліся тыя, хто ладзіў пікнікі, аб тым, каб забраць з сабой смецце, як гэта робяць цывілізаваныя людзі ва ўсім свеце? Няўжо абавязак прыбіраць пасля сябе бераг вадаёма адпачывальнікі таксама гатовы пераадрасаваць мясцовай уладзе?
У вёсцы Біскупцы ўсе без выключэння, з кім размаўлялі кіраўнік сельвыканкама і журналіст, цікавіліся далейшым лёсам мясцовага магазіна. Спажыўтаварыства мела намер закрыць гэтую гандлёвую кропку, а замест яе тарговае абслугоўванне арганізаваць праз аўталаўку. Аднак жыхары дружна сталі на абарону магазіна. Абмяркоўвалі пытанне нават на агульным сходзе.
Зразумела пажаданне вяскоўцаў і мясцовая ўлада і не дала дазвол на ліквідацыю стацыянарнай гандлёвай кропкі. Вёска ж немалая, не схавалася дзесьці сярод палёў-лугоў з дзясяткам жыхароў, а мае некалькі вуліц, пражывае ў Біскупцах парадка ста чалавек рознага ўзросту. Цяпер перад Лідскім філіялам аблспажыўтаварыства стаіць задача адрамантаваць дах будынка магазіна, каб меліся ўмовы для работы. Як тлумачыў Аляксандр Хвайніцкі вяскоўцам, спажыўтаварыства на яго запытанне дало пісьмовы адказ, што рамонт будзе праведзены ў бліжэйшы час.
– Ды што ж яны цягнуць з гэтым рамонтам? Чакаюць, пакуль наступіць дажджлівае надвор’е, ці што? – выказвалі свае хваляванні жыхары Біскупцаў.
У час прыёму грамадзян па месцы жыхарства ставіліся і іншыя пытанні.
Зварот мясцовага пенсіянера хутчэй датычыўся саміх вяскоўцаў.
– Была ля вёскі звалка, мы карысталіся ёю, – казаў мужчына. – Не ведаю хто, санстанцыя ці эколагі, запатрабавалі ліквідаваць, маўляў, прыроду знішчае. Ліквідавалі. Камунальнікі ўстанавілі на ўсіх вуліцах металічныя кантэйнеры для смецця і рэгулярна вывозяць яго. Ды людзі цягнуць у скрыні ўсё, што каму ў галаву ўзбрыдзе. Вось і зараз, восенню, бацвінне з агарода нясуць у кантэйнер. Чаму б не пасекчы дробна і на ўчастку не закапаць? Добры перагной на вясну будзе. А то туды-сюды – і скрыня поўная.
Калі зайшлі ў хату да 86-гадовай жыхаркі вёскі Валянціны Ільінічны, яна паскардзілася, што адчувае сябе дрэнна. Аляксандр Яўгеньевіч патэлефанаваў у мясцовы ФАП. Ён маецца ў Біскупцах. Медык Надзея Краўцова дала параду, якія лекі прыняць да яе прыходу (бо ведае ўсе хваробы сваёй пацыенткі). Калі бабулі стала лепей, яна разгаварылася. Жанчыну цікавіла, калі падыдзе яе чарга на замену газавай пліты. У “Лідагаз” маецца на гэта заява. Маўляў, раз прапанавалі зрабіць замену пліты – прадастаўце яе, калі ласка.
Мы не маглі не пацікавіцца ў гаспадыні хаты, як удаецца ёй, у даволі сталым узросце, трымаць хату ў такой ідэальнай чысціні. Яна адказала, што мае трох дачок і сына, а талковыя, акуратныя дзеці – бацькам у старасці добрая падтрымка.
У склад Траццякоўскага сельсавета плошчаю ў 300 квадратных кіламетраў уваходзяць ажно 34 вёскі. Выконваючы абавязкі старшыні сельвыканкама перыядычна стараецца наведаць кожную, бо добра разумее адну са сваіх задач – ведаць патрэбы людзей.