Аляксандр Вярсоцкі: “Ліда – горад, дзе слова жыве, гучыць і аб’ядноўвае”

06 Сентября 2025 563

Аляксандр ВЯРСОЦКІ, старшыня Лідскага райвыканкама:

– Для нас вялікі гонар і адказнасць прымаць у сябе такое маштабнае духоўнае свята як XXXIІ Дзень беларускага пісьменства. Мы рупліва да яго рыхтаваліся і зрабілі ўсё магчымае, каб Ліда сустрэла гасцей абноўленая, добраўпарадкаваная і прыбраная. Каб кожны тут знайшоў нешта захапляючае, адметнае, дакрануўся да мінуўшчыны і парадаваўся сённяшняму стваральнаму дню. Каб кожнаму гараджаніну і госцю было камфортна.

Падрыхтоўка была ўсеабдымнай. Гэта дазволіла нам не толькі прывесці ў парадак гарадскую прастору, але і рэалізаваць шэраг значных праектаў. Мы зрабілі ўпор на стварэнне камфортнай велапешаходнай інфраструктуры: пабудавалі новую дарожку працягласцю больш за тысячу метраў каля нашага сімвала – Лідскага замка. На праспекце Гедыміна, дзякуючы нашым мясцовым прадпрыемствам, стварылі алею арт-лавак, якая стала адной з новых “разынак” горада. Радуюць вока абноўленыя цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы і кніжны магазін, арт-аб'ект «Верабейкі» ад нашага таленавітага земляка, скульптара Рычарда Грушы і многае іншае. З поўнай адказнасцю магу сказаць: горад змяніўся і папрыгажэў. Цешыць, што жыхары гэта бачаць і цэняць.

Сэрца свята пісьменства – кніга. Асобную ўвагу заслугоўваюць унікальныя кніжныя праекты, падрыхтаваныя да свята. Для ўсіх нашых першакласнікаў мы з асаблівай цёплынёй падрыхтавалі ў падарунак кнігу «З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі», разам з нашымі расійскімі сябрамі з Алтайскага краю выдалі фотаальбом «Беларусь і Расія: дзве дзяржавы – адзін лёс», які ўзгадвае нашых агульных продкаў-герояў, што асабліва значна ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі. Актыўная падтрымка Міністэрства інфармацыі дапамагла з’явіцца на свет двум выданням: паэтычнаму зборніку «Край наш вольны, край любімы», які прасякнуты любоўю да нашай малой радзімы, і рамантычнаму фотаальбому «Лідскі край: з любоўю і назаўжды». А сапраўдным гонарам для нас стала выданне факсімільнай копіі найстарэйшай царкоўнай кнігі на Лідчыне – Мінеі 1724 года. Гэта не проста кніга, гэта жывы гістарычны артэфакт, які дазваляе дакрануцца да духоўнай спадчыны нашага краю.

Мы гасцінна запрашаем усіх у Ліду – горад, дзе слова жыве, гучыць і аб’ядноўвае! Свята падрыхтавана сапраўды насычанае: літаратурныя чытанні, прэзентацыі, інтэрактыўныя пляцоўкі і, вядома, прэзентацыя новага турыстычнага маршруту «Месцы сілы Лідчыны», які адкрывае наш рэгіён з новага боку.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться