Прыём правялі дэпутаты
22 Сентября 2023
1194
– Падобная форма правядзення прыёму грамадзян не новая, – кажа старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш. – Прыклад нам у гэтым паказвае Савет Рэспублікі. Яго члены на чале са старшынёй Наталляй Качанавай выязджаюць у пэўны рэгіён краіны, дзе сустракаюцца з людзьмі, цікавяцца пытаннямі, якія іх хвалююць, і не толькі прымаюць самы актыўны ўдзел у вырашэнні, але і робяць высновы, з якімі асноўнымі праблемамі сутыкаюцца мясцовыя жыхары.
Падобныя высновы былі зроблены і пасля таго, як дэпутаты Лідчыны правялі прыём грамадзян. Звароты, нягледзячы на тое што часам да народнага абранніка прыходзілі групай у некалькі чалавек, не мелі нейкага глабальнага характару. Былі сярод іх пытанні, якія могуць быць вырашаны на мясцовым узроўні (дарэчы, і адразу вырашаліся на месцы), а таксама тыя, якія патрабуюць тлумачэння, кансультацыі. Не абышлося без падзяк.
Старшыня раённага Савета дэтутатаў Інэса Белуш праводзіла прыём грамадзян у аграгарадку Мажэйкава. Нядаўна тут адбыліся раённыя дажынкі. Як адзначае Інэса Генадзьеўна, мясцовыя жыхары з цяплом гаварылі пра тое, што правядзенне мерапрыемства не абмежавалася ўручэннем узнагарод і канцэртам. Да імпрэзы загадзя вялася падрыхтоўка: былі выдзелены бюджэтныя сродкі, каб зрабіць пэўнае добраўпарадкаванне. Яно, дарэчы, з правядзеннем дажынак не спыніцца, а будзе працягвацца.
– Мне вельмі прыемна было даведацца пра факт сумеснай працы на агульную карысць, – кажа Інэса Генадзьеўна. – Калі дарожнікі, якія вялі добраўпарадкаванне дарогі, папрасілі насельніцтва падрыхтаваць тэрыторыю на вуліцы ля сваіх участкаў пад асфальтаванне, многія з разуменнем і ахвотай адгукнуліся. Я ўпэўнілася, што жыхары Мажэйкава неабыякава ставяцца да вырашэння не толькі сваіх асабістых пытанняў, але і пытанняў населенага пункта ў цэлым. Наконт гэтага маюцца планы.
Нельга не адзначыць, што ў час свайго прыёму ў рамках Адзінага дня дэпутата некаторыя народныя абраннікі імкнуліся адразу вырашаць пытанне, з якім звярнуўся чалавек. Так, на прыём да дэпутата абласнога Савета Анатоля Вялікіна прыйшлі грамадзяне і расказалі, што на могілках у вёсцы Навіцкія-2 расце векавая хвоя, у дупле якой “кватаруюць” шэршні. Гэта стварае небяспеку для тых, хто наведвае магілы сваіх родных. Анатоль Леанідавіч адразу звязаўся з начальнікам Лідскага РАНС Дзмітрыем Бяляўскім, а той, у сваю чаргу, са старшынёй Траццякоўскага сельскага Савета Аляксандрам Хвайніцкім. Быў агавораны спосаб вырашэння пытання і неадкладна прыняты меры.

Звярнуліся да Анатоля Вялікіна і жыхары вёскі Дуброўня Дубровенскага сельсавета з просьбай аказаць садзеянне ў правядзенні грэйдзіравання праезнай часткі на вуліцы Узорнай і падсыпцы з’езда з дарогі Ліда – Ліпнішкі на гэтую вуліцу. І зноў жа дэпутат звязаўся з кіраўнікамі адпаведных арганізацый – Дубровенскага сельскага Савета і ДРБУ-157, якія, як аказалася, ведаюць пра гэтую праблему і гатовы зрабіць пэўныя захады для яе вырашэння.
– Мяне вельмі кранула, што грамадзяне вялі са мной, як з дэпутатам, размову шчыра, выказвалі свае станоўчыя меркаванні па розных тэмах, – зазначае Анатоль Вялікін.

Грунтоўныя размовы з тымі, хто прыйшоў на прыём, вялі і іншыя дэпутаты. Жыхары вуліцы Хасанаўскай, напрыклад, не прамінулі выкарыстаць магчымасць трапіць на прыём грамадзян, каб звярнуцца да дэпутата Гродзенскага абласнога Савета, дырэктара ДП ”Конус” Андрэя Жамойды. Зварот не выпадковы: прадпрыемства знаходзіцца побач з аб’язной дарогай, якая будуецца. Людзі прасілі Андрэя Пятровіча знайсці адказ на пытанні: ці будзе завершана будаўніцтва згодна з намечаным графікам і як будзе ажыццяўляцца рух на вуліцу Хасанаўскую? Дэпутат звязаўся па тэлефоне з кіраўніком будаўнічай арганізацыі, якая выконвае работы, – ДБУ-24 – Генрыхам Шырокім. Падрабязныя адказы задаволілі наведвальнікаў.
Безумоўна, дэпутацкая дзейнасць – гэта грамадская работа. Кожны народны абраннік працуе на пэўнай пасадзе, у яго непасрэднай кампетэнцыі знаходзіцца вырашэнне пэўнага кола пытанняў. Гэта ўлічвалі жыхары Лідчыны і мэтанакіравана звярталіся да дэпутатаў.
Так, да дэпутата абласнога Савета дэпутатаў Леаніда Валадося грамадзяне звярталіся па пытаннях працаўладкавання, добраўпарадкавання тэрыторыі, сацыяльных і жыллёва-бытавых пытаннях.

Дэпутатам раённага Савета дэпутатаў Валерыю Касяку і Яўгену Серпуку давялося вырашаць пытанне па працаўладкаванні грамадзян.

Як было адзначана вышэй, прыём грамадзян у Адзіны дзень дэпутата вялі і дэпутаты сельскіх Саветаў. Так, напрыклад, у Тарноўскім сельсавеце, акрамя старшыні сельскага Савета Валянціна Астраўца, жыхары маглі звярнуцца да дэпутатаў Антона Сурвілы, Наталлі Бучы, Соф’і Шыш, Яніны Бурбліс і іншых. А людзей хвалявалі такія пытанні, як узаемаадносіны паміж суседзямі, уборка аварыйных дрэў, вываз смецця і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Усе гэтыя пытанні будуць вырашацца ў рабочым парадку.
Што датычыцца правядзення агульных прыёмаў у Адзіны дзень дэпутата, то плануецца, што яны будуць практыкавацца і надалей.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.