Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Сонгін наведаў Бердаўскую школу
06 Сентября 2023
914
Па прыездзе парламентарыя ва ўстанову адукацыі дырэктар школы Сяргей Саўчык прапанаваў яму зрабіць экскурсію па будынку ўстановы. Нельга не адзначыць: у памяшканнях, як і належыць, перад пачаткам навучальнага года ўсё зіхаціць чысцінёй і свежасцю. Самі педагогі ў добрым, пазітыўным настроі, прыветліва ўсміхаюцца насустрач. Разам з тым не ўпускаюць выпадку, каб задаць пытанні, якія іх цікавяць, народнаму абранніку, паслухаць яго інфармацыю.
Так, напрыклад. Аляксандра Генрыхавіча абступілі педагогі дашкольнай адукацыі. З цеплынёй, з зацікаўленасцю расказвалі пра сваю работу, планы і Бердаўскую школу наогул. Высветлілася: частка з іх – выпускнікі гэтай школы. Выхавальнікам з 1990 года працуе Наталля Піута. Работу з дашкалятамі выбрала ў свой час Тэрэза Кандыба. А выпускніца школы Наталля Урбановіч вярнулася працаваць у родную школу настаўнікам-дэфектолагам на так даўно.
Аляксандра Генрыхавіча цікавіла, як ідзе напаўняльнасць класаў вучнямі. Яму падрабязна расказалі, з якімі пытаннямі ў гэтым плане сутыкаецца педагагічны калектыў. Дарэчы, сёлета ўпершыню за парты Бердаўскай базавай школы селі 7 дзетак. Адзін з бацькоў, Андрэй Акрыш, зазначыў:
– Сына Сашу прывялі ў першы клас. Дачка Ульянка падрасце – у гэтую ж школу пойдзе. Родную вёску пакідаць не маем намеру.
Жыве сям’я Акрышаў у Бердаўцы. Сам Андрэй працуе вадзіцелем у КСУП “Ёдкі-Агра”.
Школьная лінейка з нагоды пачатку навучальнага года прайшла ў Бердаўскай школе на належным узроўні: вельмі ўрачыста, запамінальна для дзяцей, настаўнікаў, бацькоў. На лінейцы парламентарый прысутнічаў у якасці ганаровага госця. І, вядома, як госць, не мог не падарыць падарункі гаспадарам – спартыўны інвентар будзе нялішнім у школе. Але, бадай, яшчэ даражэйшы падарунак атрымалі першакласнікі. Ад імя Прэзідэнта краіны кожнаму з іх парламентарый ўручыў кнігу “Беларусь – наша Радзіма”.
Пасля таго як школьны званок паклікаў вучняў у класы, дэпутат не развітаўся з Бердаўкай. Цікавіла, як працуе школьны музей, якімі экспанатамі папаўняецца. Акрамя таго, Аляксандр Генрыхавіч у Дзень ведаў наведаў ветэрана працы, былую загадчыцу дзіцячага садка Вольгу Міхайлаўну Кісялёву. Ён з вялікай павагай адносіцца да старэйшага пакалення педагогаў, бо менавіта яны давалі ў свой час сваім вучням пуцёўку ў дарослае жыццё, закладвалі падмурак сучаснай адукацыі, спрыялі развіццю грамадства.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.