Інэса Белуш: «Штотыднёва рабіць крокі да здароўя магчыма»

08 Февраля 2020 1479
Удакладнім: у дадзеным выпадку размова ідзе пра аграгарадок Дзітва. Менавіта гэты населены пункт Лідчыны, згодна з рашэннем Лідскага райвыканкама, стаў базай для правядзення прафілактычнага праекта “Дзітва – здаровы аграгарадок”. 

Рашэнне раённай выканаўчай улады было прынята ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы Рэспублікі Беларусь “Здароўе насельніцтва і дэмаграфічная бяспека” на 2016-2020 гады. Мэта дадзенага праекта – стварэнне сістэмы, якая будзе працаваць на паляпшэнне здароўя мясцовага насельніцтва, павелічэнне працягласці і якасці яго жыцця, паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі.

У мінулы чацвер прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума Лідскага раённага Савета дэпутатаў, на якім быў разгледжаны і зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі названага праекта “Дзітва – здаровы аграгарадок” на 2020 год. Удзельнікам пасяджэння (а гэта не толькі члены прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, але і старшыня Дзітвянскага сельскага Савета Іна Мяшкевіч, дырэктар ААТ “Торфабрыкетны завод “Дзітва” Казімір Банцэвіч, кіраўнік філіяла «Дзітва» ААТ «Лідахлебапрадукт» Ігар Волчак, начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Генадзь Уладыка, начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Макей, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Алена Дапіра, іншыя спецыялісты раённых службаў) была прадастаўлена інфармацыя з аналізам медыка-дэмаграфічнай сітуацыі ў аграгарадку да пачатку рэалізацыі праекта.

Галоўны ўрач ДУ “Лідскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Аляксей Арачоў падчас свайго выступлення заўважыў: сярод крытэрыяў ацэнкі рэалізацыі мерапрыемстваў – паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў аграгарадку (павелічэнне індэкса здароўя, зніжэнне пярвічнай захворваемасці  ад хвароб органаў дыхання сярод дзяцей і дарослых, зніжэнне смяротнасці працаздольнага насельніцтва аграгарадка ад хвароб сістэм кровазвароту, цукровага дыябету, знешніх прычын); зніжэнне ўзроўню інфекцыйнай захворваемасці; паляпшэнне якасці асяродку пражывання; прыцягненне да заняткаў спортам і грамадскай дзейнасці насельніцтва аграгарадка; павышэнне ўзроўню ведаў насельніцтва па асноўных фактарах рызыкі для здароўя і альтэрнатыўных формах паводзін.

На дадзены момант вызначаны крытэрыі ацэнкі работы, старт якой ужо дадзены, складзены план мерапрыемстваў, вызначаны адказныя за іх правядзенне. Але галоўнае нават не тое, каб мерапрыемствы праводзіліся ў адпаведнасці з графікам, а каб былі ахвотныя прымаць у іх удзел. Тым больш што Дзітва ў нашым рэгіёне лічыцца адным з найбольш буйных населеных пунктаў Лідчыны па колькасці насельніцтва, у ім пражывае звыш паўтары тысяч чалавек, налічваецца 25 шматдзетных сем’яў. Сярэдні ўзрост мясцовых жыхароў па даных на канец 2018 года – 40,5 года (жанчыны – 43 гады, мужчыны – 38 год), працаздольнага насельніцтва – 919 чалавек (57,7 працэнта), у тым ліку 408 жанчын, 511 мужчын. У мясцовай школе налічваецца 222 вучні. Гэтыя даныя прыведзены для таго, каб было зразумела: у праекце могуць быць задзейнічаны нават не дзясяткі, а сотні людзей. У цэлым, праект на гэта і разлічаны. Ён адаптаваны для таго, каб актыўны лад жыцця, увага да свайго здароўя сталі неад’емнымі рысамі характару кожнага чалавека, незалежна ад яго ўзросту, сацыяльнага становішча.

А мерапрыемствы для ўцягнення ў актыўнае грамадскае, культурнае, спартыўнае жыццё прадуманы дасканала. Акцэнт зроблены на канкрэтныя дзеянні. Пра іх рэальнасць і мэтанакіраванасць ішла размова падчас пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. 

 – Мерапрыемствы павінны праводзіцца кожны тыдзень, і ваша задача – забяспечыць інфармаванасць і ўдзел у іх мясцовых жыхароў, – сказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, звяртаючыся да Іны Мяшкевіч, кіраўніка мясцовага сельскага Савета.

Дэпутат раённага Савета дэпутатаў, начальнік Лідскага РАУС Дзмітрый Уляшка таксама акцэнтаваў увагу на канкрэтыцы ў дачыненні да запланаваных мерапрыемстваў: “Супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх могуць правесці гульні, спаборніцтвы сумесна з падлеткамі”. 

Начальнік аддзела спорту і турызму Аляксандр Макей гаварыў пра магчымасць правядзення велапрабегаў, Дзён здароўя ў Дзітве, разам з тым адзначаючы, што як для дзяцей, так і для дарослых неабходна адпаведная інфраструктура для заняткаў спортам. Спартыўныя залы, якія ёсць у Дзітве (адна з іх школьная), гэтай мэце адпавядаюць. Праўда, з адной агаворкай: зале, якая цяпер знаходзіцца на балансе аддзела культуры, патрэбны рамонт. На дадзены момант яна больш-менш прыведзена ў належны стан сіламі работнікаў мясцовай школы і не пустуе. 

*  *  *

Дарэчы, у студзені ў Дзітве ўведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання, так што якасць пітной вады ў аграгарадку належная. І надалей мяцовай выканаўчай уладай, адміністрацыяй торфапрадпрыемства будуць прымацца адпаведныя меры, каб умовы жыцця мясцовых жыхароў былі на ўзроўні. Але многае залежыць і ад кожнага з дзітвянцаў. З іх асэнсаванага стаўлення да ўласнага здароўя пачынаецца шлях да актыўнага жыцця без шкодных звычак, да заняткаў фізкультурай, разумення прынцыпаў здаровага харчавання і г. д.  
Вопыт прафілактычнага праекта “Дзітва – здаровы аграгарадок” затым будзе асэнсаваны, і ён працягне рэалізацыю ў Лідзе. Хаця ўжо і ў Бярозаўцы выказалі жаданне далучыцца да пілотнага праекта. 
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться