З якімі праблемамі звяртаюцца ў органы ўлады лідчане? Работу са зваротамі грамадзян абмяркоўвалі на пасяджэнні райвыканкама
У цэнтры ўвагі чарговага пасяджэння Лідскага раённага выканаўчага камітэта былі работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, якія паступілі ў Лідскі райвыканкам у мінулым годзе, і рэалізацыя Дырэктывы № 2 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату”. Удзел у ім узялі члены райвыканкама, а таксама члены Пастаяннай камісіі раённага Савета дэпутатаў па законнасці, мясцовым кіраванні і самакіраванні.
Выкананне Дырэктывы № 2 штогод разглядаецца на пасяджэннях Лідскага райвыканкама. Такая пільная ўвага невыпадковая. Гэтая тэма была, ёсць і будзе актуальнай для мясцовай улады заўсёды. Гэта сугучна і адносінам да яе Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Дастаткова ўспомніць словы кіраўніка дзяржавы: “Ні адна праблема, якая хвалюе грамадзян, не павінна застацца па-за ўвагай, ніякай валакіты быць не павінна”.
Кожны зварот людзей у органы ўлады з’яўляецца адлюстраваннем праблем, запытаў і настрою насельніцтва нашага рэгіёна. Менавіта таму, падкрэсліў старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Карповіч, пачынаючы пасяджэнне, кожны прадстаўнік мясцовай улады павінен адказна падыходзіць да разгляду зваротаў, своечасова рэагаваць на пастаўленыя ў іх пытанні і выключыць бюракратычныя адносіны да патрэб і праблем людзей.
Летась на пасяджэнні Гродзенскага аблвыканкама работа са зваротамі грамадзян на Лідчыне была падвергнута крытыцы. І вывады ў нас, вядома, зрабілі. Прайшоў роўна год. Як змянілася сітуацыя? Аналіз яе правяла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Іна Бянкевіч.
– У 2018 годзе ў Лідскі райвыканкам паступіла 1253 звароты. Для параўнання: у 2017 годзе іх было 1542, – адзначыла Іна Антонаўна. – Як станоўчы момант можна адзначыць той факт, што зніжэнне колькасці зваротаў у параўнанні з 2017 годам назіраецца і ў вышэйстаячыя органы і арганізацыі. Так, зваротаў ад жыхароў Лідскага раёна ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь стала напалову менш, чым у 2017 годзе (з 58 да 26), у аблвыканкам – на 18 менш. Як паказаў аналіз зваротаў, па-ранейшаму найбольш хвалюючымі тэмамі застаюцца пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама звязаныя з будаўніцтвам і жыллёвымі праваадносінамі. Хаця ў цэлым па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі назіраецца памяншэнне колькасці зваротаў. Застаюцца актуальнымі пытанні будаўніцтва дарог у мікрараёнах індывідуальнай жылой забудовы, будаўніцтва камунікацый, рамонту дарог. Колькасць зваротаў па пытаннях працы знізілася амаль напалову. Гэта звязана ў тым ліку з растлумачальнай працай, якая праводзіцца ў рамках Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». За мінулы год паступіла трынаццаць зваротаў па пытаннях работы транспарту – гэта на пяць зваротаў больш у параўнанні з аналагічным перыядам пазамінулага года. Павялічылася колькасць зваротаў па пытаннях адукацыі, у асноўным яны былі звязаныя з апекай непаўналетніх. Таксама падымаліся пытанні дзейнасці дашкольных і школьных устаноў, атрымання накіравання ў дзіцячы сад і інш. Знізілася напалову колькасць зваротаў па пытаннях аховы здароўя, эканомікі, прамысловасці. Што тычыцца зваротаў на «Прамыя тэлефонныя лініі», то амаль палова – гэта пытанні па рабоце службаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У большасці сваёй пытанні насілі даведачна-кансультацыйны характар або характар заявак і былі накіраваныя па кампетэнцыі. На другім месцы пытанні добраўпарадкавання дарог і могілак у сельскай мясцовасці, а таксама асвятлення сельскіх населеных пунктаў. Усяго паступіла 483 званкі ў Лідскі райвыканкам і 69 у Лідскі раённы Савет дэпутатаў. Пятая частка званкоў прынятая асабіста старшынёй райвыканкама. З сельскай мясцовасці найбольш часта тэлефанавалі жыхары Траццякоўскага, Дубровенскага, Крупаўскага, Тарноўскага сельсаветаў. Аддзелам па рабоце са зваротамі грамадзян Лідскага райвыканкама праводзяцца пастаянны кантроль і маніторынг работы са зваротамі ў структурных падраздзяленнях і падпарадкаваных арганізацыях. Падчас мінулагодняга маніторынга не абышлося без парушэнняў заканадаўства аб зваротах грамадзян. Дзесьці яны былі нязначныя, выпраўляліся тут жа, а ў некаторых выпадках і сур'ёзныя.
Сапраўды, недахопы ў працы яшчэ ёсць… І звязаныя яны часцей за ўсё з фармальным падыходам да работы са зваротамі адказных асоб і недастатковым кантролем з боку кіраўніцтва тых ці іншых арганізацый. Але нельга не ўзяць пад увагу: у раёне шмат што зроблена і папраўлена. Нарэшце, знойдзены варыянт рашэння калектыўных зваротаў жыхароў дома № 11 па вуліцы Пралыгіна па пытанні мадэрнізацыі сістэмы ацяплення шматкватэрнага дома. Выкананне гэтых работ плануецца за кошт мясцовых бюджэтных сродкаў, прадугледжаных на капітальны рамонт. Летась завершана будаўніцтва адзінаццаці праездаў у мікрараёнах індывідуальнай жылой забудовы «Чахаўцы» і «Маладзёжны», якія ўведзеныя ў эксплуатацыю і перададзеныя для абслугоўвання Лідскім ГУП ЖКГ. Зыходзячы з аб'ёмаў фінансавання будуць вызначаны вуліцы, якія ўвойдуць у наступны этап будаўніцтва праездаў. Лідскім ГУП ЖКГ выкананы капітальны рамонт 18 жылых шматкватэрных дамоў. Пабудаваныя дзве станцыі абезжалезвання вады ў Мінойтах і Ходараўцах, што таксама зняла шэраг зваротаў мясцовых жыхароў. На сённяшні дзень не здымаецца з кантролю і сёлета будзе вырашацца пытанне рамонту моста па вуліцы Наскова.
Рух у вырашэнні праблем ёсць. Дойдзе чарга і да іншых аб’ектаў. Не ўсе праблемы могуць быць вырашаныя адначасова. І гэта трэба разумець і на месцах растлумачваць людзям.
У райвыканкам паступіла інфармацыйная запіска пракуратуры Лідскага раёна аб выяўленых парушэннях заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. Пракурор Станіслаў Дмухоўскі падкрэсліў: “У ходзе праведзеных праверак было ўстаноўлена, што дзейнасць некаторых арганізацый не ў поўнай меры адпавядала прад’яўленым патрабаванням заканадаўства”. Часта звароты на месцах разглядаліся павярхоўна, на некаторыя не даваліся адказы, не праводзіўся аналіз зваротаў, няправільна вялося справаводства.
Па выніках пасяджэння райвыканкама было прынята адпаведнае рашэнне. Сярод першачарговых пастаўленых задач – актывізаваць працу са зваротамі грамадзян. Ва ўзаемадзеянні арганізацый знайсці правільнае рашэнне, якое дасць станоўчы вынік. “Трэба сустракацца з людзьмі, гутарыць, жыць іх праблемамі і пажаданнямі”, – падкрэсліў Міхаіл Карповіч. У сваю чаргу, кіраўніцтва раёна і далей будзе трымаць жорсткі кантроль за гэтым накірункам дзейнасці.