Дэмаграфічная сітуацыя на Лідчыне і стымулы жыцця: здароўе, спорт і мінімум фактараў рызыкі

13 Декабря 2018 1354

Заключнае ў гэтым годзе пасяджэнне Міжведамаснага каардынацыйнага савета па дэмаграфічнай бяспецы адбылося ў Лідскім райвыканкаме. Удзельнікі нарады пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Віктара Пранюка прааналізавалі дэмаграфічную сітуацыю на Лідчыне, абмеркавалі найбольш актуальныя праблемы і пытанні, акрэслілі планы на будучы год.

Што ўяўляе сабой сёння дэмаграфічная сітуацыя на Лідчыне?.. Як паведаміла намеснік галоўнага ўрача Лідскай ЦРБ Алена Дапіра, за адзінаццаць месяцаў бягучага года на Лідчыне нарадзілася 1286 дзяцей, гэта на 64 менш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Памерла сёлета 1585 чалавек, і гэта на 7 менш, чым летась. Структура прычын смяротнасці выглядае наступным чынам: на першым месцы – хваробы сістэмы кровазвароту, на другім – новаўтварэнні і на трэцім – траўмы і атручванні. Адзначаецца рост смяротнасці ад хваробаў сістэмы стрававання (гэта ў асноўным фіброзы, цырозы і алкагольная хвароба печані), а таксама ад траўм і атручванняў, у той жа час – зніжэнне смерцяў ад онказахворванняў. Сёлета вырасла смяротнасць у сельскай мясцовасці і ў горадзе над Нёманам. Трывожыць рост смяротнасці працаздольнага насельніцтва: 324 выпадкі, і гэта на восем больш, чым летась. Рост адбыўся за кошт хваробаў органаў стрававання, і гэта зноў жа фіброзы, цырозы, алкагольная хвароба.

Намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Лідскага РАУС Аляксей Берднік паведаміў, што сёлета паменшылася гібель людзей ад знешніх прычын. У той жа час маюць месца тры факты забойстваў, адзін – цяжкіх тялесных пашкоджанняў. На Лідчыне паменшылася колькасць ДТЗ, аднак павялічылася цяжкасць наступстваў ад іх. Узрасла колькасць злачынстваў у стане алкагольнага ап’янення. РАУС у чарговы раз выходзіць з прапановай – праводзіць дні цвярозасці.

Альтэрнатывай можа быць занятак спортам і проста здаровы лад жыцця, гаварылася на нарадзе, тым больш, у Лідзе ёсць столькі магчымасцяў, працуюць спартыўныя комплексы, секцыі! Карысна наведваць іх у тым ліку пажылым людзям. Аддзелу спорта і турызма даручана правесці шырокую інфармацыйную работу аб паслугах, графіках і кошту наведвання басейнаў, секцый, трэнажорных залаў.

Асобным пунктам на павестцы пасяджэння стаяла пытанне аб прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў. Гэта хваробы, якія выкліканы фактарамі рызыкі: курэннем, злоўжываннем алкаголем, нездаровым харчаваннем і недастатковай фізічнай актыўнасцю. Як адзначыла намеснік галоўнага ўрача Лідскай ЦРБ Наталля Буча, у гэтым накірунку на Лідчыне праводзіцца вялікая праца – шматлікія прафілактычныя акцыі, дні здароўя... Сюды ж адносіцца і дыспансерызацыя. Менавіта дыспансерызацыя дапаможа выявіць хваробу на раннім этапе, а значыць, паспяхова яе вылячыць. У Лідзе працуе скрынінгавая праграма ранняга выяўлення рака прастаты ў мужчын і рака малочнай залозы ў жанчын. Скрынінг рака прастаты прынёс вынік: абследавана больш за тры з паловай тысячы мужчын вызначанага ўзросту – у дваццаці з іх выяўлены рак. Хвароба на ранніх стадыях, гэта значыць: пацыенты змогуць пазбавіцца цяжкіх наступстваў.

На Лідчыне спецыялістамі занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі  праводзіцца эпідэмічны надзор за неінфекцыйнымі захворваннямі. Аб гэтым распавяла загадчыца аддзела грамадскага здароўя ЗЦГЭ Вольга Ясюкайць. Шмат увагі ўдзяляецца праблеме барацьбы з ўжываннем тытуню, адной з асноўных прычын неінфекцыйных захворванняў. Спецыялісты цэнтра выйшлі з прапановай аб’явіць некалькі аб’ектаў зонамі некурэння: гэта лясны экалагічны адукацыйны цэнтр “Парк Гарні” і пляж Лідскага возера. Медыкі звяртаюцца на прадпрыемствы з ініцыятывай аб’явіць на іх дні некурэння.

Горад павінен імкнуцца стаць максімальна здаровым. Дарэчы, адзін з паказальных прыкладаў у гэтым кірунку – СШ №9, якая з’яўляецца ўдзельніцай праекта “Школа – тэрыторыя здароўя”. Аб’ектаў з такой накіраванасцю павінна быць больш, дзеля гэтага на дзяржаўным узроўні прымаецца шмат мер. Але перш-наперш стымулы жыцця павінны быць у саміх лідчан, асабіста кожнага. 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться