Цяпер дзяўчаты будуць, бадай, самымі прыгожымі на святах!
01 Мая 2023
1212
– Беларускі нацыянальны строй – гэта комплекс адзення, абутку і аксесуараў, які склаўся на працягу стагоддзяў і выкарыстоўваўся беларусамі ў паўсядзённым і святочным ужытку. Адрозніваецца ён сваёй самабытнасцю. Пры вырабе строю выкарыстоўваліся такія віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці, як ткацтва, вышыўка, пляценне, апрацоўка скуры і іншыя. Сёння мы прадстаўляем калекцыю святочнага верхняга адзення – народныя традыцыйныя жаночыя строі Панямоння канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, – адзначыла Ірына Дыдышка.
Па словах маёй суразмоўніцы, традыцыйнай вопраткай беларускіх сялянак са старажытнасці была суконная світа. Світы мелі назвы на мясцовым дыялекце, разнастайныя пакрой і спосабы аздаблення. Шылі верхняе адзенне з самаробнага сукна ці паўсукна. У якасці ўпрыгажэння яно афармлялася вышытым чорным або сінім аксамітам.
– Наша калекцыя адзення прадстаўлена трыма строямі: ваўкавыска-камянецкім, навагрудскім, мастоўскім, – адзначае Ірына. – Гэта латуха з вёскі Кунакі Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Адметнасць крою складаюць два бакавыя кліны, падразны бачок па спінцы са зборкай. Світа ўпрыгожана сінім шнурком на грудзях, нізе рукавоў, клінах-устаўках. Не менш цікавая сама па сабе сярмяга, якую некалі насілі ў вёсцы Міжэвічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Асаблівасць крою вызначана праз адразную спінку ў складкі, кліны-ўстаўкі. Сярмяга была як дэмісезонным, так і зімовым адзеннем сялянак. Вопратку шылі з грубага і тоўстага сярмяжнага палатна.
Ну, і самы распаўсюджаны строй на тэрыторыі Беларусі – жаночая вопратка прамога крою. Світа з вёскі Курылавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці аздоблена шнурком і аксамітам чорнага колеру. Неверогадна прыгожа! Адным словам, дзякуй майстрам за залатыя рукi!
НА ЗДЫМКАХ: Ваўкавыска-камянецкі строй. Латуха.
Сярмяга была як дэмісезонным, так і зімовым адзеннем сялянак. Вопратку шылі з грубага і тоўстага сярмяжнага палатна (навагрудскі строй).
Світа – самая распаўсюджаная на тэрыторыі Беларусі жаночая вопратка прамога крою. Адзенне аздоблена шнурком і аксамітам чорнага колеру (мастоўскі строй).
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.