Статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь атрымала лідчанка Валянціна Сільвановіч
18 Февраля 2023
1570
Валянціна Сільвановіч, майстар па ткацтве аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, з 2018 года з’яўляецца носьбітам нематэрыяльна-культурнай спадчыны элемента “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння”. Напрыканцы 2022 года Валянціна атрымала статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь.
Калі разглядаеш калекцыю адноўленых ёю ручнікоў, узнікаюць захапленне і адначасова здзіўленне. Для сучаснага чалавека, даўно адарванага ад ручной працы, з’яўляецца загадкай, з дапамогай якога чараўніцтва атрымліваюцца рэчы з мінулага.
– Каб дасягнуць такога плённага выніку ў ткацтве, мяне вызвалілі ад іншых абавязкаў майстра з мэтай паглыблення ведаў у ткацкім рамястве і практычнага засваення навыкаў. На дасканалае выкананне копій аўтэнтычных узораў патрэбен час, каб іх расшыфраваць і аднавіць, – адказвае зацікаўленым турыстам падчас майстар-класа Валянціна. – Носьбіты рамяства, да якіх звярталіся за дапамогай, па прычыне сталага ўзросту не змаглі ясна і пераканаўча растлумачыць некаторыя прынцыпы запраўкі станка ў патрэбнай нам тэхніцы. Мне пашанцавала, што на маім творчым шляху сустрэліся маладыя, апантаныя справай людзі, якія дапамаглі разабрацца ў гэтай нялёгкай справе.
Сапраўды, Валянцінавым працавітасці, уседлівасці і жаданню давесці пачатую справу да канца можна толькі пазайздросціць. Шмат год, аддадзеныя ткацтву, назапасілі вопыт і прывялі да высокага майстэрства выканаўцы. Даўней сакрэты рамяства вякамі перадавалі з вуснаў у вусны, з рук у рукі. Сучасныя магчымасці захаваць ткацтва дазваляюць выкарыстоўваць інтэрнэт-рэсурсы, літаратуру, практычныя заняткі навучання рамяству. Як майстар, які прафесійна валодае традыцыйнымі рамёствамі, Валянціна актыўна ўдзельнічае ў правядзенні навучальных курсаў. Яна пастаянны ўдзельнік раённых і абласных мерапрыемстваў і святаў, майстар-класаў па пляценні паясоў на ніце і ткацтве.
Хочацца дадаць, што Валянціна – аўтар мэтадычнага дапаможніка па ткацтве. Зборнік складаецца з чатырох раздзелаў, дзе чытач паглыбляецца ў самае старажытнае рамяство беларусаў і паступова ўключаецца ў працэс стварэння палатна. Першыя два раздзелы апавядаюць пра сыравіну для ткацтва, інструменты для стварэння пражы, прадзенне і снаванне, складовыя часткі ткацкага станка, падрыхтоўку да працэсу ткацтва. Трэці і чацвёрты раздзелы знаёмяць з тэхнікамі ткацтва, фотагалерэяй традыцыйнага адзення і вырабаў тэкстылю, партрэтаў майстроў-носьбітаў рамяства або іх нашчадкаў. Матэрыялы зборніка могуць зацікавіць не толькі аматараў народнай культуры, але і спецыялістаў, музейных работнікаў і проста людзей, якія вывучаюць традыцыйныя рамёствы Беларусі.
На думку загадчыка аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Алены Шчэлінай, чалавек, які праяўляе свае здольнасці і талент дзеля захавання нашай агульнай культурнай спадчыны, выклікае бязмерную павагу і гонар. Папулярызацыя традыцыйнага ткацтва ў рэгіёне Панямоння – пачэсны накірунак прыкладнога мастацтва, эстэтычны прадукт нашага часу, які захапляе усё больш насельніцтва і натхняе майстроў на стварэнне новых вырабаў.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.