Восень у гасцях у мінойтаўскіх школьнікаў (фота)
Восень – гэта не толькі час дажджу, пажоўклага лісця і развітвання пералётных птушак, але і час восеньскіх кірмашоў. Адзін з такіх кірмашоў пад назвай “Шчодрую восень у госці просім” прайшоў у шосты школьны дзень у Мінойтаўскай сярэдняй школе.
Праводзіць такія святы стала ўжо добрай традыцыяй. Дзеці, настаўнікі і бацькі рыхтуюцца да вызначанага дня загадзя. Спачатку прадумваюцца ідэі падзелак з прыроднага матэрыялу. Асабліва актыўнымі ў гэтай справе з’яўляюцца малодшыя школьнікі. Чога тут толькі не ўбачыш: ад хаткаў з гарбузоў і кабачкоў да карабельных флатылій і тапіярыяў!
Кірмаш заўсёды пачынаецца са святочнага канцэрта. Кожны клас рыхтуе цікавы нумар на асеннюю тэматыку. Першакласнікі загадваюць загадкі, старэйшыя вучні паказваюць сцэнкі, спяваюць песні, танцуюць. Гэты год адрозніліся вучні другога класа, якія акрамя сцэнкі “Агарод”, правялі яшчэ і флэш-моб. Жадаючыя змаглі патанцаваць усе разам пад вясёлую музыку. Вучні дзясятага класа выступілі з беларускімі народнымі песнямі і пляскамі.Паміж выступленнямі класаў праводзяцца конкурсы на асеннюю тэматыку: “пазнай агародніну навобмацак”, “хто першы схопіць бульбу”, “пазнай варэнне на смак” і г.д. Школьнікі заўсёды з вялікім задавальненнем бяруць у іх удзел.
А пасля заканчэння свята пачынаецца самая доўгачаканая частка мерапрыемства – “Восеньскі кірмаш”. Дзеці прапануюць купіць у іх ласункі, згатаваныя пры дапамозе бацькоў. А фантазіі ў іх матуляў не занімаць! Тут можна набыць сабе і кап-кейкі, і печыва, і жэле, і пірагі, і нават дранікі са смятанай! Асабліва кемлівыя прынеслі на кірмаш кампот, чай з зёлкамі, морс з ягад.
Неабходна дадаць яшчэ, што ў школе на працягу ўсяго навучальнага года праводзіцца конкурс “Лепшы клас года”. За ўдзел у мерапрыемствах кожны клас зарабляе на свой рахунак дадатковыя балы. Таму педагогам-арганізатарам былі распрацаваны крытэрыі, выкананне якіх улічвалася пры ацэнцы дадзенага мерапрыемства. Так, трэба было напоўніць і аформіць выставу падзелак з прыроднага матэрыялу, прывабна аформіць сваё гандлёвае месца, якасна падрыхтаваць канцэртны нумар і запрасіць як мага больш гасцей. У выніку найбольшую колькасць балаў атрымаў калектыў вучняў другога класа, на другім месцы апынуўся трэці клас, а трэцяе месца падзялілі вучні пятага і дзясятага класаў.
Школьны кірмаш штогод збірае шмат гасцей. Бацькі, бабулі і дзядулі прыходзяць паглядзець на выступленні сваіх дзяцей, унукаў, знаёмыя – каб купіць сабе на вячэру слодычы, пакаштаваць новыя стравы. Падрыхтоўка і правядзенне восеньскіх кірмашоў згуртоўвае школу і сям’ю, бацькоў і дзяцей. Вучні набываюць першыя эканамічныя веды, атрымліваюць магчымасць праявіць сваю крэатыўнасць і ініцыятыўнасць. А аднавяскоўцы доўга яшчэ абмяркоўваюць прошлыя падзеі, гаспадыні абменьваюцца рэцэптамі ўпадабаных страў.