Адзіны ў вобласці гурток радыёэлектронікі існуе на базе Лідскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці

27 Июня 2017 2360

Адзіны на Лідчыне і нават у вобласці гурток радыёэлектронікі існуе на базе Лідскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці не першы год: старонкі яго гісторыі бяруць адлік з 90-х гадоў ужо мінулага стагоддзя. І трэба адзначыць, што з кожным годам праца, якая вядзецца на базе ўстановы, дае свой важкі плён. Учора невялікае, а сёння ўжо сур’ёзнае аб’яднанне аматараў схем, узмацняльнікаў, радыёпрыёмнікаў на слыху. І гэта заслуга, безумоўна, чалавека, які шмат гадоў прывіваў дзецям любоў да фізікі, – былога педагога сярэдняй школы №16, педагога дадатковай адукацыі цэнтра тэхнічнай творчасці Вяслава Ярмака.

– Гурток радыёэлектронікі ў маім жыцці з’явіўся яшчэ з тых часоў, калі працаваў настаўнікам фізікі ў школе, – дзеліцца ўспамінамі мой суразмоўца. – Некаторыя дзеці вельмі цікавіліся прадметам, разумелі яго. Акрамя лабараторыі, часта збіраліся ў класным пакоі, на школьнай дошцы малявалі схемы, знаёміліся з параметрамі і характарыстыкамі радыёэлементаў, уносілі змены, часта спрачаліся. Усім было цікава. І вось з гэтага часу і бярэ пачатак, калі можна так сказаць, сумесная навуковая дзейнасць. З цягам часу на базе школы пачалі працаваць гурткі ад раённага цэнтра тэхнічнай творчасці. Цяпер, акрамя вучняў СШ №16, нас наведваюць юныя тэхнікі і з іншых устаноў адукацыі горада, каледжаў, ліцэя.

Асаблівы гонар і педагогу, і ўдзельнікам гуртка, безумоўна, прыносяць іх перамогі. Будучыя фізікі прымаюць удзел у спаборніцтвах рознага ўзроўню. Так, у мінулым годзе васьмікласнік СШ №16 Антон Лысенка з праектам “Устройства для дэмантажу і пайкі SMD-дэталей на мікракантролеры” заняў першае ў вобласці і трэцяе месца ў рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі «ТэхнаІнтэлект”, які праходзіў на базе БНТУ.

– Каля сарака маіх вучняў пасля заканчэння школы так або інакш звязалі жыццё з фізікай, – кажа Вяслаў Часлававіч. – Папярэднік Антона, Дзмітрый Сакалоўскі, – студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Будучы маім падапечным, ён змайстраваў зварачны апарат інвертарнага тыпу з цудоўнымі тэхнічнымі характарыстыкамі. І цяпер хлопец не бачыць будучае без фізікі, а яго навуковыя вопыты, а таксама напрацоўкі здзіўляюць выкладчыкаў адной з вышэйшых устаноў адукацыі краіны.

– Ці можна сёння гаварыць аб тым, што сучасная моладзь ахвотна ідзе ў навуку? – пытаюся ў героя артыкула.

– Тут як сказаць: ёсць дзеці, безумоўна, вельмі разумныя, якія яшчэ не ведаюць, куды падацца, – адказвае педагог. – А ёсць – сапраўдныя аматары (такіх, на жаль, меншасць) і дзеці, якім проста цікава нешта збіраць, канструяваць – так праводзіць вольны час.

Па словах Вяслава Ярмака, такія секцыі, як радыёэлектроніка, сёння маюць права на існаванне. Па-першае, у час вялікіх тэхналогій за навукай людзі бачаць будучае. А па-другое, яшчэ ніхто ніводнага разу не адмаўляўся ад сяброўскіх зносін. Пасля заняткаў дзеці з ахвотай наведваюць гурток, дзе не толькі займаюцца любімай справай, але і адпачываюць пасля працоўнага дня ў школьным калектыве.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться