Вольны час – у працоўны стаж. У Ёдкаўскай школе Лідскага раёну працуюць вытворчыя брыгады

20 Июня 2017 2052

Чым заняць дзяцей у вольны час, як далучыць іх да працы і што рабіць, каб нашчадкі ведалі кошт грошай? Гэтыя пытанні турбуюць многіх сучасных бацькоў, і адказы на іх ведаюць у Ёдкаўскай сярэдняй школе, дзе вось ужо другі год працуюць вытворчыя брыгады.

Перад сучаснай школай ставяцца задачы – навучыць, выхаваць, а летам – і заняць вольны час. Ды яшчэ – каб з карысцю і цікава. Падчас працы над вырашэннем гэтых задач у ёдкаўскіх педагогаў і нарадзілася ідэя – арганізаваць вытворчую брыгаду, у якой дзеці змаглі б чамусьці вучыцца, працаваць і зарабляць грошы (усё гэта адначасова). Калі наконт апошняга, то дзеці сёння хаця ні ў чым і не маюць патрэбы, але хочуць мець уласныя грошы. Гэта – правільна: з дзяцінства трэба ведаць, як яны дастаюцца, і ўмець траціць ашчадна.

Ідэя вытворчай брыгады была прадумана да дробязяў. Тэарэтычна гэта выглядала прыкладна так... Школа падае заяўку ў дзяржаўную службу занятасці. У заяўцы ўказвае патрэбу ў выкананні тых ці іншых работ (азеляненні, пашыве рэчаў, рамонце і інш.), прадстаўляе каштарыс матэрыялаў, аб’ём работы і колькасць працуючых чалавек. Служба занятасці ў сваю чаргу набірае на працу ў якасці падсобных рабочых школьнікаў. Абавязковая ўмова – дзеці павінны быць не малодшыя за 14 год і мець пашпарты. З кожным асабіста заключаецца дагавор, кожнаму выдаецца працоўная кніжка, прысвойваецца страхавы нумар. Набраная брыгада працуе па тры з паловай гадзіны ў дзень і выконвае заказ. Створаныя рэчы рэалізуюцца праз аддзел адукацыі (як правіла, ва ўстановах адукацыі). Пасля заканчэння дзеяння дагавора дзеці атрымліваюць заработную плату.

Ёдкаўская СШ спецыялізуецца на працоўным навучанні. Майстэрні для хлопчыкаў і дзяўчынак тут адны з лепшых, узорныя ў раёне. Ёдкаўскія вучні штогод займаюць прызавыя месцы на раённых і абласных алімпіядах. Таму і было вырашана арганізаваць працэс пераважна на базе майстэрняў. Летась быў узяты адпаведны заказ – на пашыў пасцельнай бялізны і выраб драўляных прыналежнасцей.

12

Кіраўнікамі вытворчых брыгад сталі настаўнікі працоўнага навучання Уладзімір Васько і Тэрэза Бутурля. І настаўнікі, і вучні – “падсобныя рабочыя” – надзвычай сур’ёзна падышлі да арганізацыі працэсу. Так, нягледзячы на тое, што настаўніца працоўнага навучання сапраўдны прафесіянал у сваёй справе і падрыхтавала не аднаго прызёра алімпіяды, дзеля пашыву пасцельнай бялізны была запрошана прафесійная закройшчыца. Ужо па гатовых выкрайках юныя швачкі шылі бялізну.

Гатовыя камплекты ў большасці былі рэалізаваны ў дзіцячы сацыяльны прытулак, часткова пайшлі на патрэбы самой школы (у вучняў 1 класа ў школе ёсць дзённы сон). За працу “рабочыя” атрымалі неблагія грошы (каля пяцідзесяці дэнамініраваных рублёў за дзесяць рабочых дзён, па тры з паловай гадзіны ў дзень).

45

3

Сёлета практыка вытворчай брыгады была працягнута. Праўда, з некоторымі зменамі. Па-першае, працавала яна ў маі. Пасля ўрокаў дзеці заставаліся ў школе і працавалі. Па-другое, змяніўся пералік работ. Дарэчы, ужо з першых крокаў па тэрыторыі школы нельга не адзначыць яе прыгожае азеляненне і добраўпарадкаванасць. Усё гэта – праца вытворчай брыгады. У спіс яе сёлетніх работ увайшлі азеляненне тэрыторыі і рамонт мэблі. Вынікі – відавочныя: школьная тэрыторыя змянілася звонку і ўнутры. Самі дзеці задаволеныя – заработнай платай.

7

Дарэчы, практыка вытворчых брыгад – далёка не адно добрае пачынанне Ёдкаўскай школы ў працоўным выхаванні. Сёлета ўпершыню па ініцыятыве БРСМ у рамках студатрада навучэнцы школы будуць працаваць на замене адпачынку штатных супрацоўнікаў: паловы стаўкі сакратара і столькі ж – дворніка. Кандыдатаў шукаць не прыйшлося: жадаючыя – з ліку “вопытных” работнікаў вытворчай брыгады.

Практыка падобных вытворчых брыгад існуе ў шэрагу школ Лідчыны. Але на прыкладзе Ёдак відаць: у вясковае асяроддзе яны ўпісаліся найбольш арганічна. Ды і дзеці тут асаблівыя, здатныя да навучання і да працы.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться