Прымай, стары Нясвіжскі замак, юных мажэйкаўскіх спартсменаў!
Свайго роду ўзнагародай лепшым спартсменам Мажэйкаўскай СШ стала ў канцы навучальнага года паездка ў Нясвіж. Ініцыятарам паездкі выступіў настаўнік фізкультуры згаданай школы Іосіф Аркадзьевіч Лісоўскі. А перадгісторыя паездкі наступная…
Настаўнік фізкультуры з вялікім вопытам Іосіф Лісоўскі перайшоў працаваць з сярэдняй школы № 16 у Мажэйкаўскую ў 2015 годзе. На той час у плане спартыўных дасягненняў школа ў Мажэйкаве была далёка не лепшай. Новаму настаўніку фізкультуры ўдалося абудзіць у вучнях пачуццё гонару за сваю школу, імкненне годна прадстаўляць яе на спартыўных спаборніцтвах, здольнасць перажываць за спартыўныя дасягненні школы. Пры значнай падтрымцы з боку школьнай адміністрацыі была палепшана фізкультурна-спартыўная база Мажэйкаўскай СШ, а гэтай вясной у двары школы “вырас” спартыўны гарадок. Спартыўнае жыццё Мажэйкаўскай школы за апошнія пару гадоў значна актывізавалася, сталі больш прыкметнымі дасягненні юных мажэйкаўцаў у раённых спаборніцтвах. Найбольш актыўных мясцовых спартсменаў адміністрацыя школы і вырашыла заахвоіціць паездкай у Нясвіж, а заадно і азнаёміць іх са славутасцямі гэтага горада, пашырыць іх веды ў галіне гісторыі роднай краіны. Да таго ж, Нясвіжскі раён – малая радзіма Іосіфа Аркадзьевіча. Расходы на дарогу ўзяў на сябе спонсар, якому ўдзельнікі паездкі вельмі ўдзячныя.
І вось 20 мая, каля васьмі гадзін раніцы, жоўты школьны аўтобус адправіўся ў дарогу. У салоне аўтобуса – больш за дваццаць вучняў і вучаніц розных класаў, з 4-га па 11-ы, – лепшыя юныя спартсмены Мажэйкаўскай СШ. З настаўнікаў разам з імі, акрамя Іосіфа Лісоўскага, у паездку адправіліся настаўніца геаграфіі Ларыса Саўрас і настаўніца пачатковых класаў Лілія Радкевіч. І, канешне ж, паехаў разам з экскурсійнай групай Мажэйкаўскай школы і аўтар гэтага артыкула (мяне Іосіф Аркадзьевіч запрасіў з’ездзіць у Нясвіж як свайго колішняга вучня).
Наш шлях у Нясвіж ляжаў праз Навагрудскі, Карэліцкі і Стаўбцоўскі раёны (апошні – ужо ў Мінскай вобласці). Па дарозе асабліва ўрэзаліся ў памяць гарыстая мясцовасць Навагрудчыны і яе веліканы ветракі, прыгожы Мірскі замак са старым ставам, пах лугавых кветак на Стаўбцоўшчыне і ўвешанае рознакаляровымі абгорткамі “дрэва жаданняў” там жа. Ужо ў Нясвіжскім раёне мы праехалі праз родную вёску Іосіфа Аркадзьевіча – Вужанку. Дзесьці апоўдні наша група прыбыла ў Нясвіж.
***
І ў першую чаргу мы накірааваліся ў знакаміты Нясвіжскі замак – палацава-замкавы комплекс у паўночна-ўсходняй частцы горада, абкружаны ставамі ракі Вушы. На працягу чатырох стагоддзяў, да 1939 года, замак з’яўляўся рэзідэнцыяй уладальнікаў Нясвіжа з роду Радзівілаў – найбагацейшага княжацкага роду ў Вялікім княстве Літоўскім (на працягу стагоддзяў Радзівілы ігралі важную ролю ў палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці княства). Будаваўся замак у канцы XVI – пачатку XVII стагоддзяў, дабудоўваўся ў XVIII стагоддзі. Некаторы час у палацава-замкавым комплексе размяшчаўся санаторый, у 2004-2012 гадах праведзены вялізны аб’ём работ па рэстаўрацыі замка.
Ідучы ў замак, праходзім каля помніка воінам-вызваліцелям горада з Вечным агнём. І вось мы ступаем па мосціку, уваходзім у арку – і як бы трапляем у мінулае. У прасторным двары замка трапляецца на вочы калодзеж, каля якога любяць фатаграфавацца турысты. Згодна з паданнем, у гэтым калодзежы ў 1812 годзе французскія салдаты ўтапілі замкавага вартаўніка, які не хацеў прызнавацца, дзе Радзівілы пры адыходзе схавалі скарб. У замкавым двары шмат турыстаў: выхадны дзень – экскурсій праводзіцца многа.
Уражвае веліч палацавага ансамбля і – ужо ў ходзе экскурсіі – саміх шматлікіх памяшканняў. Кожная з адрэстаўраваных залаў замка мае сваю назву, сваё непаўторнае аблічча. Усё тут калісьці адлюстроўвала ўклад жыцця магутных і ўплывовых Радзівілаў:плафоны з роспісамі і ляпнінай, шыкоўная мэбля, карціны, раскошныя люстры і люстэркі, посуд, знакамітыя слуцкія паясы і г. д. На жаль, многія рэчы, якія захоўваліся ў замку, з цягам часу былі знішчаны альбо вывезены захопнікамі. У час рэстаўрацыі гісторыю Нясвіжскага замка прыходзілася збіраць па крупінках з розных гарадоў і краін.
Экскурсавод праводзіць нас па княжых пакоях, шматлікіх залах: каміннай, сталовай, шахматнай, бальнай, паляўнічай і інш. Радзівілы любілі, акрамя раскошы, тэхнічныя навінкі свайго часу. Згадала экскурсавод, напрыклад, пра більярдны стол з музычным механізмам (загнаў шар у лузу – і як узнагарода гульцу іграла музыка), пра скрыні-сейфы з музычнай сігналізацыяй, пра механізм, з дапамогай якога стравы скрозь падлогу падымаліся ў сталовую залу. На свае вочы ўбачылі мы складаныя тэатральныя машыны, з дапамогай якіх у час спектакляў у тэатральнай зале ствараліся гукавыя і зрокавыя спецэфекты: шум дажджу, выццё ветру, эфект марскіх хваль. (Дарэчы, Нясвіж – родапачынальнік тэатральнага мастацтва Беларусі, першы стацыянарны тэатр “Камедзіхаўз” адкрыўся менавіта тут.) Паказалі нам і памяшканне, дзе захоўвалася зброя (спачатку ў якасці арсенала, а пазней – калекцыі). Варта адзначыць, што пушкі вагой ля паўтары тоны некалі адліваліся тут жа, на тэрыторыі замка. Пад канец экскурсіі па замкавых памяшканнях трапілі мы і ў палацавую капліцу.
***
Пасля экскурсіі наша група прагулялася па парку, які знаходзіцца каля замка. Гэта самы велічны ў Беларусі паркавы ансамбль, на тэрыторыі якога растуць больш за трыста відаў дрэў і кустоў. У парку мы пабачылі скульптуру ў выглядзе русалкі на адным са ставаў, помнік сабаку ў самым пачатку ліпавай алеі (гэты сабака выратаваў жыццё аднаму з Радзівілаў у час палявання на мядзведзя). Сустрэлі мы ў парку і конны экіпаж (прагулкі на іх практыкуюцца тут як разнавіднасць адпачынку жыхароў і гасцей горада на Вушы).
Сярод іншых славутасцей Нясвіжа – Фарны касцёл Божага цела, дзе знаходзіцца магільны склеп нясвіжскай галіны роду Радзівілаў. Мы пабывалі ўнутры касцёла, які цяпер знаходзіцца на рамонце, за невялікае грашовае ахвяраванне нам дазволілі спусціцца ў магільны склеп. Недалёка ад храма стаіць помнік вядомаму беларускаму асветніку Сымону Буднаму, які арганізаваў у Нясвіжы друкарню: бронзавы асветнік трымае ў паднятай руцэ кнігу. Убачылі мы і знакамітую Нясвіжскую ратушу – найстарэйшую з захаваных ратуш у Беларусі. Высокая вежа ратушы з гадзіннікам сімвалізуе Магдэбургскае права, дараванае гораду ў 1586 годзе. Пахадзілі мы ўздоўж рамесных радоў, набылі сувеніры ў памяць аб паездцы, зайшлі ў кафэ.
Назад наша група ехала поўная новых уражанняў. Некаторыя з вучняў падзяліліся імі з карэспандэнтам.
Лізавета Лісіца: – У Нясвіжы да гэтага ні разу не была, не ведала, што там можна ўбачыць столькі ўсяго цікавага. Асабліва ўразіў сваёй веліччу і раскошай Нясвіжскі замак. Я нібыта пабывала ў гасцях у князёў Радзівілаў. Гэта ж колькі патрэбна было сродкаў і намаганняў, каб аднавіць у замку веліч і раскошу радзівілаўскіх часоў!
Дзіяна Пац: – Так, у гэтым замку варта пабываць. Варта прагуляцца і па парку, падыхаць чыстым паветрам, пранікнуцца духам даўніны. Уразілі і помнікі і скульптуры: Сымон Будны, воін-вызваліцель, русалка, сабака. Шмат у Нясвіжы такіх месцаў, дзе можна сфатаграфавацца на памяць, якія дыхаюць гісторыяй. Хочацца падзякаваць адміністрацыі школы за прадастаўленую магчымасць пабачыць славутасці Нясвіжа.
Такой вось яркай падзеяй адзначыўся канец навучальнага года для лепшых спартсменаў Мажэйкаўскай школы. Упэўнены: школу чакаюць новыя спартыўныя дасягненні і новыя цікавыя і пазнавальныя экскурсіі.