А ў нас на Лідчыне так гавораць
07 Декабря 2025
1502
“Чyю твaю жaўpyкoвyю мyзыкy ў cкoшaныx тpaвax мypoжныx. Мoвa! Як coнцa мaё бeлapycкae, ты cвeцiшcя cлoвaм кoжным”, – так прыгожа сказала пра нашу мову беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц. Сапраўднымі зярняткамі народнай мудрасці і дасціпнасці з’яўляюцца дыялектныя словы – лескемы, якімі карыстаюцца не ўсе носьбіты мовы, а толькі жыхары пэўнай мясцовасці. Кожны куток Беларусі багаты на свае дыялекты. Не выключэнне і наша малая радзіма – Лідчына. У яе лексіцы яскрава адлюстроўваецца мясцовы каларыт, побыт, асаблівасці жыцця мясцовасці і характар людзей. У гэтым годзе разам з навучэнцамі Ёдкаўскай сярэдняй школы (на фотаздымку вучні 9 класа Анастасія Жыгадла (злева) і Яна Крывальцэвіч (справа) мы вырашылі “падслухаць” народна-дыялектную мову нашых бабуль і дзядуль, суседзяў, сяброў і скласці свой невялікі дыялектны слоўнік, у якім занатаваць адметныя лідскія дыялектызмы, бо, на вялікі жаль, народная мова вымірае, забываецца. А пакуль жыве старэйшае пакаленне, наш абавязак запісаць і захаваць гэтую духоўную спадчыну, каб затым перадаць яе нашчадкам. Некаторымі цікавымі слоўцамі мы вырашылі падзяліцца з чытачамі “Лідскай газеты”. Упэўнены, што не толькі ў аграгарадку Ёдкі, але і ў іншых кутках Лідчыны так гавораць.
Да прыкладу, у нас існуе цэлы шэраг мясцовых слоў, якія характарызуюць знешні выгляд, характар або заняткі чалавека.
Жанчыну, якая заўсёды нешта мые, называюць кашарылка, асобу, якая любіць мыцца, – плюскалка, чалавека, які чым-небудзь стукае, – пляскалка. Гарэзлівае дзіця называюць гіза, а вельмі спакойнае – цялемкала. Чалавека, што празмерна лезе ў вочы, клічуць дзяркач ці надаяда. Знайшлося ў народзе слова для характарыстыкі гультая, такога чалавека на Лідчыне называюць лымар. Пра малаважную асобу кажуць ройста, а значнага чалавека называюць вогір. На дзяўчыну ці жанчыну з доўгімі нагамі часам гавораць цыба, на тоўстага мужчыну – бурвалэк.
Ёсць у нашай народнай мове некаторыя цікавыя назвы насякомых: блашніца – гэта клоп у лясных ягадах, ежы: галярэтка – гэта халадзец, традыцыйная страва з загуслага пры ахаладжэнні мяснога адвару з дробнымі кавалачкамі мяса, солянка – адвараная бульба, якую звычайна елі гарачай, папярэдне паклаўшы на драўляны стол і расціснуўшы кулаком. Многія з’явы і паняцці таксама называюцца адметна. Напрыклад, прыгаршчы (абедзве далоні з прыгнутымі пальцамі складзеныя так, каб імі можна было што-небудзь набраць, зачэрпаць) на Лідчыне называюць прэшчы, прыстасаванне для біцця мух – пытка, падпіхач – гэта палена, якое падкладалі пад бок кабана падчас яго смалення, бэта – месца, з якога цяжка выйсці, кольчыкі – завушніцы, кудзярка – невялікае возера, лабузенне, лабузы – галінкі без лістоў, лахмыткі – лахманы, асмалак – згарэлая ежа, дубэльты – акуляры, жучкі – чарнасліў, карта – поле для пашы кароў, картачка – фотаздымак, кружок – дошка для раздзелу чаго-небудзь, полка – кавалак тканіны, прыблуда – згубленая рэч, якая знайшлася праз некаторы час, сілос – вінегрэт, скалка – тлушч у выглядзе невялікіх кружочкаў у ежы, венцерка – падвешаная на шнурок ці палку нізка каўбас або рыбы, наморднік – павуціна, павук – шышка якой-небудзь расліны.
Цікавае слоўца нам падказаў знаёмы жыхар з вёскі Навіцкія-2. Ён любіць распавядаць жарт, які дапамагаў у свой час яго бацькам хутка пакласці дзіця спаць, калі тое яшчэ не жадала адпраўляцца ў ложак, а па-мясцоваму – у ложкаўцы.
Бацька ўгаворвае сына:
– Еш, сынок, хутчэй. Паедзем у “ложкаўцы”!
– А што гэта за ложкаўцы такія? Горад, а мо вёска? Ці далёка ехаць туды трэба? – распытвае малы.
– Вёска, вёска, – смяецца бацька.
Сын вырас. Яму дайшло, што “ложкаўцы” – гэта ніякая не вёска, а іх драўляны ложак. І клікаў бацька сына спаць.
Для жывой народнай мовы жыхароў Лідскага раёна характэрна ўжыванне вялікай колькасці дзясловаў, звязаных з дзеяннямі чалавека: выдзічацца – гарэзаваць, весяліцца, дурэць, ганэшыцца – свавольнічаць, насіцца, закапыліцца – задацца, захандохацца – стаміцца, збыткавацца – дарэмна пераводзіць ежу, згараваць – набыць што-небудзь з вялікімі цяжкасцямі, зварганіць – прыгатаваць штосьці з ежы вельмі хутка, падшпэціць – дагадзіць, панравіць – спадабацца, папратаць, прытуліць – прыбраць у хаце, прашарудзіць – разведаць, пэртацца – калупацца, неахайна перамешваць, пераварочваць што-небудзь у талерцы, спрудзіцца – здолець штосьці зрабіць, цвічыць – павучаць, дакараючы, чарэпкацца – залезці недзе высока, злажыць – надзець, змучыць – асіліць, надыбаць – набыць нешта з рэчаў, падкідаць – трывожыцца, падзюбаць – вельмі мала паесці, пахрабустаць – разбіць, пераабуцца – памяняць думкі, светапогляд, перапрасіць – вярнуць назад штосьці са старых рэчаў, якія былі ўжо непатрэбныя, перацерці – перагаварыць, прасіцца – дрэнна сябе паводзіць, нарывацца на непрыемнасці, прылажыць – распаліць у печы, прыняцца – расчуліцца, прыскварыць – дапячы каго-небудзь, сапнуць – адпачнуць пасля доўгай працы, стаптацца – стаць меншым ростам з узростам, скінуць – падагрэць штось з ежы, сцягнуць – схуднець, уварваць – уцячы, угрызці – перакусіць, уступіцца – абуцца, усенаваць – здабыць штосьці з рэчаў, хукаць – вельмі даглядаць каго-небудзь.
Мы таксама змаглі “падслухаць” (у паліклініцы, на вуліцы, у транспарце, у школе) і запісаць мясцовыя дыялектныя фразеалагізмы, якія даюць трапную ацэнку чалавеку, з’явам ці прадметам. Напрыклад, усім вядомы выраз туды-сюды ў нас у Ёдках мае цікавы працяг – туды-сюды, курам вады, сабакам сена і травы. Калі на стале няма свабоднага месца, бо ўсё застаўлена і закладзена нейкімі рэчамі, кажуць толькі бацькі з маткай не хапае. Пра чалавека, які займаецца некалькімі справамі адначасова, але ў яго не вельмі атрымліваецца, у народзе гавораць так: “За сем спраў бярэцца, а ні адна не ўдаецца”. А ў нас у Ёдках кажуць па-свойму: “То ў соль, то ў муку, то ў кішэню руку”. Выраз “і добры вечар” гаворыць чалавек, у якога здарылася нейкая неспадзяванка. Пра залішне самаўпэўненую асобу кажуць, што пух на сябе пускае, а пра сквапнага – што не відно, тое жадно. Асабліва нам спадабаўся мясцовы дыялектны фразеалагізм сарокін блін, які мае значэнне ”апошні блін”. Узнікненне выразу звязана з традыцыяй вырабу бліноў, калі ў канцы застаецца невялікая частка цеста, з якой атрымліваецца маленькі блінчык, які здольна панесці нават такая цікаўная птушка, як сарока, што любіць заглядаць на падворак да гаспадара.
Можна зрабіць вывад, што дыялектныя словы Лідскага раёна адлюстроўваюць мясцовы каларыт, побыт, падкрэсліваюць, што маўленне жыхароў Лідчыны – гэта нязмушаная сяброўская гутарка, перасыпаная жывымі народнымі словамі, якія без сумнення прыцягваюць увагу субяседніка.
Сабраны матэрыял мы асэнсоўваем на вучэбных, факультатыўных занятках, пры падрыхтоўцы да алімпіяды, падчас музейных урокаў. Гэта свайго роду помнікі моўнай культуры народа, якія заслугоўваюць увагі і шанавання.
Таццяна Марцэвіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна, кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.




