Урок роднай мовы для вучняў Ганчарскай школы
19 лютага я наведала сваю родную Ганчарскую сярэднюю школу Лідскага раёна, куды мяне запрасілі на сустрэчу з вучнямі 5-11 класаў. Сустрэча была прысвечана Дню роднай мовы, таму больш гадзіны я вяла аповед на беларускай мове, нягледзячы на тое, што ўжо 27 гадоў працую настаўніцай рускай мовы і літаратуры.
Падчас сустрэчы я падзялілася ўспамінамі пра тыя гады, калі сама з'яўлялася вучаніцай, расказала пра сябе, пра тое, як стала настаўніцай, як займалася даследчай дзейнасцю і пачала выдаваць кнігі. Сёння ў мяне выйшла з друку пяць кніг. Кожнае выданне - гэта асобная гісторыя, асобныя ўспаміны.

Другой часткай сустрэчы сталі пытанні вучняў. Іх было шмат, я маю на ўвазе пытанні. Для мяне гэта было вельмі прыемна. А патлумачыць магу ўсё проста: дзеці зразумелі, аб чым я гаварыла, што хацела данесці, пранікліся маім аповедам і пачалі задаваць пытанні рознага зместу. Я, у сваю чаргу, змагла не проста адказаць на пытанні, а нават здзівіць суразмоўцаў. Юных слухачоў цікавілі і гісторыі з школьнага жыцця, і мае ўласныя хобі, і тое, што б я сказала сабе ў першым класе, над якой кнігай я працую зараз, ці падтрымліваю сувязь з аднакласнікамі, мой любімы пісьменнік і літаратурны персанаж, хто быў любімым настаўнікам.... Усіх пытанняў не пералічыць...

Вельмі прыемна было і тое, што сустрэча праходзіла ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры, дзе я вучылася з 5 па 11 клас, а таксама што на сустрэчы прысутнічалі мае настаўнікі Марына Валяр'янаўна Кумпяк, Святлана Зыгмунтаўна Купчык, Ганна Аляксандраўна Ярмантовіч.
Вялікі дзякуй, маі шаноўныя настаўнікі, за магчымасць наведаць школу! Вялікі дзякуй, мае юныя суразмоўцы, за цікавыя пытанні і магчымасць падзяліцца з вамі ўспамінамі.
Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ, выпускніца 1994 года Ганчарскай сярэдняй школы Лідскага раёна












