Літаратурна-фальклорная гасцёўня “Добра працуеш – мір мацуеш”

15 Апреля 2023 880
Каму, як не нашым дзецям і ўнукам, наканавана зберагчы і захаваць багатую беларускую культуру для наступных пакаленняў?! Але так будзе пры адной умове: калі мы передадзім ім нашу спадчыну, выхаваем любоў і павагу да роднага краю, сваёй малой радзімы. Прыемна адзначыць, што праца гэта на Лідчыне вядзецца змалку, пачынаючы з дашкольных устаноў.

Адметна, што ў ДУА «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1 г. Ліды», акрамя заняткаў адукацыйнай галіны “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, арганізавана яшчэ і адукацыйная ініцыятыва “Цікава вучым родную мову”. У рамках яе юныя лідчане на пашыраным узроўні вывучаюць беларускую мову. Заняткі праходзяць у гульнявой форме два разы на тыдзень. Падчас іх выхаванцы старэйшых груп пазнаюць асаблівасці роднай мовы, спасцігаюць народныя традыцыі і фальклор. Свае веды дзецям перадае педагог Рома Францаўна Сцепаненка.


Адукацыйная ініцыятыва ў навучальнай установе працуе ўжо пяты год. Педагогі цэнтра развіцця дзіцяці выкарыстоўваюць розныя педагагічныя напрамкі: аўдыраванне, моўныя хвілінкі і хвілінкі адкрыццяў, суразмоўніцтва і разважанне на роднай мове, дзіцячую журналістыку – і нават ставяць лінгвістычныя эксперыменты. Выхавальнікамі дашкольнай адукацыі навучальнай установы назапашаны багаты вопыт работы ў дадзеным напрамку. Ім педагогі ахвотна дзеляцца з калегамі з іншых гарадоў краіны падчас семінараў і фестываляў.

Акрамя таго, авалоданне беларускай мовай у дашкольным узросце з'яўляецца выдатнай падрыхтоўкай дзяцей да школы.

Штогод выхаванцы старэйшых груп ладзяць мерапрыемствы на роднай мове з удзелам выхавальнікаў дашкольнай адукацыі цэнтра развіцця дзіцяці, настаўнікаў СШ №1 горада Ліды, бацькоў. Сёлета для гасцей, у ліку якіх была запрошана і член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік па друкаваных СМІ дырэктара-галоўнага рэдактара ДУ «Рэдакцыя «ЛідаМедыяКампанія» Кацярына Серафіновіч, была падрыхтавана літаратурна-фальклорная гасцёўня пад сімвалічнай у Год міру і стварэння назвай “Добра працуеш – мір мацуеш”.

Падчас мерапрыемства гучала сакавітая родная мова: прыказкі і прымаўкі пра працавітасць, вершы, загадкі, народныя гульні. Дарослыя разам з дзецьмі здзейснілі падарожжа ў мінулае, зазірнулі ў таямніцы нашых продкаў і адчулі гонар за наш працавіты, міралюбівы беларускі народ. 

























Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться