Вывучэнне роднага краю – шлях да самога сябе

03 Февраля 2023 1377
Перад сучасным настаўнікам стаіць важная задача – фарміраванне ў вучняў пачуцця любові да тых месцаў, дзе яны нарадзіліся і выраслі, паважлівага стаўлення да гісторыі Радзімы, да традыцый свайго народа. Вывучэнне роднага краю – гэта не толькі пазнанне сваёй мінуўшчыны, але і грамадзянскае выхаванне моладзі. 

Краязнаўства спрыяе выхаванню патрыятызму маладых людзей, годнасці і адказнасці за сваю Радзіму, садзейнічае фарміраванню разумення нацыянальнай культуры, яе каштоўнасцей.

З мэтай вывучэння роднага краю вучні 7-х класаў СШ №5 г. Ліды разам з класнымі кіраўнікамі наведалі гісторыка-краязнаўчы музей “Час. Падзеі. Людзі”, які знаходзіцца ў Крупаўскай сярэдняй школе.

На школьнай пляцоўцы гасцей сустрэў кіраўнік музея, настаўнік гісторыі Іван Барысавіч Гівойна, які расказаў цікавыя звесткі пра вёску Крупава і яе жыхароў, пра касцёл Святой Тройцы. 

Далей Іван Барысавіч запрасіў нас у памяшканне, дзе размешчаны экспазіцыі музея. І першым, з чым сустрэліся вучні, быў этнаграфічны куток “Сялянская хатка”. Кіраўнік музея паказаў цікавыя прадметы побыту беларускіх сялян. І не толькі паказаў, але і расказаў, для чаго выкарыстоўвалі калаўрот, страхару, бязмен і іншыя прылады.

Адзін з аддзелаў музея прысвечаны нашаму земляку, імя якога сёння вядома ва ўсім свеце, – Ігнату Дамейку. Вучні з захапленнем слухалі Івана Барысавіча, які расказаў пра дзейнасць Ігната Дамейкі ў Рэспубліцы Чылі. У экспазіцыі прадстаўлены кнігі з аўтографамі славутых вучоных, калекцыя мінералаў, навуковыя працы. 

Зацікавіла ўсіх і экспазіцыя “Нашы землякі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”. Вучні даведаліся, што былы настаўнік Крупаўскай школы В. А. Волчак прайшоў дарогамі вайны, быў удзельнікам партызанскага руху на Віцебшчыне. 

Шмат цікавага расказаў кіраўнік музея пра сваю школу, яе настаўнікаў, выпускнікоў, даследчую дзейнасць, векавыя традыцыі.

Прыемна было слухаць Івана Барысавіча, чалавека, адданага сваёй працы, Бацькаўшчыне, для якога жыццё – гэта пошук, адкрыццё новага.

Нашы вучні прыйшлі да высновы: вывучэнне гісторыі роднага краю, веданне традыцый свайго народа, імён славутых землякоў  – гэта шлях да пазнання самога сябе.

Текст: Лілія УГЛІЦКІХ, класны кіраўнік 7 “Б” класа, Ларыса ПАЎЛЮКЕВІЧ, класны кіраўнік 7 “А” класа СШ №5 г. ЛідыЛілія УГЛІЦКІХ, класны кіраўнік 7 “Б” класа, Ларыса ПАЎЛЮКЕВІЧ, класны кіраўнік 7 “А” класа СШ №5 г. Ліды
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться