Равеснікі нашай дзяржавы. Пра жыхароў Ліды, якім у гэтым годзе таксама спаўняецца па 30 гадоў

03 Июля 2021 2119
3 ліпеня ў Беларусі адзначаецца галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці. Яго святкуюць па усёй краіне: і ў велічнай сталіцы, і ў вялікіх і маленькіх гарадах.

Гэты дзень у календары быў абраны нездарма: 3 ліпеня 1944 года горад Мінск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І для кожнага беларуса Дзень Незалежнасці – напамін аб тым, цаной якіх неймаверных страт была здабыта свабода нашай краіны. Разам з тым святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці з году ў год дэманструюць дасягненні суверэннай Беларусі, якая на працягу вось ужо 30 гадоў упэўнена ідзе ўласным шляхам развіцця.

Беларусь – гэта перш за ўсё людзі. Тыя, хто сваёй працай і ідэямі спрыяе развіццю розных сфер: эканомікі і кіравання, навукі і экалогіі, педагогікі і медыцыны, мастацтва і фізічнай культуры. Тыя, чыя дзейнасць накіравана на карысць Радзімы. Сярод тых, хто славіць дзяржаву сваёй працай, і мы – жыхары Лідчыны.

Аліцыя Дуброўская, Дзмітрый Рог, Марыя Мурашка і Дзяніс Свяцкевіч (на здымку) – равеснікі нашай дзяржавы: у гэтым годзе ім таксама спаўняецца па 30 гадоў. Маладыя людзі працуюць у ААТ «Лідаграпраммаш». 

Аліцыя Дуброўская ўладкавалася ў ААТ «Лідаграпраммаш» бухгалтарам пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Дзмітрый Рог – інжынерам-тэхнолагам пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога. Марыя Мурашка працуе інжынерам-канструктарам, таксама скончыла Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Усе трое прыйшлі на прадпрыемства маладымі спецыялістамі ды так на ім і засталіся. Прафесійныя навыкі Дзяніса Свяцкевіча – выпускніка Лідскага дзяржаўнага політэхнічнага ліцэя, які ўладкаваўся на завод тынкоўшчыкам-абліцоўшчыкам-плітачнікам, – таксама запатрабаваныя. Дарэчы, у ААТ «Лідаграпраммаш» працуюць яго бацькі і малодшы брат.

Кожны з маладых машынабудаўнікоў уносіць асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства, вытворчасць якога накіраваная на выпуск сельскагаспадарчай тэхнікі – вернага памочніка сучасных земляробаў. Тут выпускаюць мірную тэхніку, якая значна палягчае працу аграрыяў і дапамагае атрымліваць багаты ўраджай.

Адзначым, што вытворчасць ААТ «Лідаграпраммаш» на месцы не стаіць. Адна з апошніх распрацовак лідскіх машынабудаўнікоў – сеялка зерневая прычэпная СЗП-12. Днямі першы вопытны ўзор, да выпуску якога маюць дачыненне і вышэйназваныя маладыя людзі, вярнуўся з міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра», што праходзіла ў Індустрыяльным парку «Вялікі камень». Новая сеялка выклікала вялікую зацікаўленасць у прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Справа ў тым, што ў Беларусі аналагаў такому пасяўному агрэгату на сённяшні дзень яшчэ няма. Шырыня захопу зерневай сеялкі – 12 метраў. Яшчэ адна «фішка» навінкі ў тым, што машына выконвае дзве аперацыі адразу: сее і ўносіць угнаенне. А гэта не толькі дазваляе рабіць неабходныя сельскагаспадарчыя аперацыі ўдвая хутчэй, але і мае эканамічную выгаду: расход паліва таксама зніжаецца.

Лідскае машынабудаўнічае прадпрыемства ААТ «Лідаграпраммаш» – выдатная пляцоўка для рэалізацыі творчага патэнцыялу. І ў Аліцыі Дуброўскай, Дзмітрыя Рога, Марыі Мурашка і Дзяніса Свяцкевіча, асабліва калі ўлічыць, што работнікі са стажам ахвотна падтрымліваюць маладых калег слушнымі парадамі, ёсць выдатная магчымасць прафесійнага росту. 

Шчыра спадзяёмся, што маладыя людзі яе выкарыстаюць.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться