Двое адораных лідчан сталі лаўрэатамі прэміі імя Аляксандра Дубко. Хто яны?
19 Декабря 2020
1302
Лаўрэатамі прэміі сталі 39 вучняў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і студэнтаў універсітэтаў. Усе яны дасягнулі выдатных поспехаў у вучобе, творчасці і спорце, з'яўляюцца актывістамі ў грамадскім жыцці. З абласнога бюджэту для іх прэміравання выдзелена больш за 20 тысяч беларускіх рублёў. У ліку лаўрэатаў прэміі імя Аляксандра Дубко названы і двое лідчан – навучэнка Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа Паліна Абрамава і навучэнец ліцэя №1 Артур Янкоўскі.
Домра, музыка і любоў
Паліна Абрамава вучыцца на чацвёртым курсе музычнага каледжа, і выкраіць вольную хвіліну, знайсці фортку ў сваім плотным графіку для сустрэчы з карэспандэнтам ёй сапраўды было вельмі няпроста. Выпускны год, напружаны вучэбны графік, заняткі, рэпетыцыі (Паліна вучыцца на спецыяльнасці “Інструментальнае выканальніцтва, домра”). Але на твары яе ні ценю стомленасці – усмешка і бляск у вачах. Маю здагадку дзяўчына пацвярджае: музыка робіць цудоўным кожны яе дзень. Займацца ёю – вялікае задавальненне.– Я люблю выконваць музыку, слухаць яе, чытаць ноты, – прызнаецца дзяўчына. – Нібыта пераношуся ў іншы свет, іншую рэальнасць… Дарэчы, музыка дапамагла мне раскрыцца, пераадолець сарамлівасць.
Паліна скончыла СШ №16 і Лідскую дзіцячую музычную школу мастацтваў. Сямікласніцай вызначылася з выбарам прафесіі. Вядома ж, гэта была музыка. “Палюбіла яе з дзяцінства і зараз люблю. І нічога, акрамя музыкі, у сваім будучым не бачу, – гаворыць Паліна. – Мяне падтрымала мама. У мяне былі выдатныя педагогі – Галіна Мечыславаўна Агарак (у музычнай школе), Валянціна Уладзіміраўна Кміт (у каледжы). Увогуле, мне ў жыцці вельмі пашанцавала”.
Пра поспехі Паліны Абрамавай на працягу апошніх год не раз пісала “Лідская газета”. Крок да вяршынь дзяўчынка зрабіла яшчэ ў музычнай школе. Будучы навучэнкай каледжа, штогод выступала на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Заўсёды паспяхова: у капілцы яе перамог – дыпломы другой і першай ступеней. На шматлікіх канцэртных пляцоўках Беларусі і замежжа Паліна выступае таксама ў складзе аркестра рускіх народных інструментаў.
Узнагароджанне прэміяй імя Аляксандра Дубко стала чарговай заслужанай узнагародай і заахвочваннем лідчанкі да новых поспехаў. Першай павіншавала і падтрымала дзяўчыну мама, сказаўшы: “Разумнічка. Я ў табе не сумнявалася!”
Дарэчы, прафесійных музыкантаў у сям’і Паліны Абрамавай няма, але музычнасць ад прыроды была ўсласцівая бабулі. Яна спявала і мела прыгожы голас. Паліна верыць, што свае музычныя здольнасці атрымала ў спадчыну менавіта ад бабулі. Безумоўна, яна таксама парадавалася б за яе. Дарэчы, Паліна – выдатніца, ідзе на чырвоны дыплом.
Чэмпіён і робаты
Артур Янкоўскі – навучэнец 11 класа ліцэя №1 і выхаванец раённага цэнтра тэхнічнай творчасці – захапіўся рабататэхнікай некалькі год таму. Ён займаецца ў аб'яднаннях па інтарэсах «Праграмаванне С++» і «Камп’ютарны спорт».Пачынаючы з 2018 года, лідчанін удзельнічае ў рэспубліканскіх конкурсах профільнай накіраванасці па рабататэхніцы і праграмаванні і штогод становіцца пераможцам розных этапаў нацыянальных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў па праграмаванні і рабататэхніцы. Толькі за апошнія гады ён узнагароджаны дзевяццю дыпломамі. З іх пяць – III ступені (абласны этап рэспубліканскага конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “Патриот.by”, абласны этап рэспубліканскага конкурсу «Тэхнаёлка», абласны этап рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці «Тэхнаінтэлект», Сусветная алімпіяда робатаў WorldRobotOlympiad (WRO) (нацыянальны этап)), два – II ступені (абласны этап рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці «Тэхнаінтэлект», рэспубліканскі конкурс па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў Juniorskills Belarus у конкурснай кампетэнцыі “Сеткавае і сістэмнае адміністраванне”) і два дыпломы I ступені (рэспубліканскі турнір па рабататэхніцы «Дарога ў будучыню», абласны адукацыйны праект «Дзень Перамогі»).
На працягу 2019/2020 навучальнага года Артур паспяхова прадстаўляў каманду Лідскага раёна на ўсіх этапах Кубка па адукацыйнай рабататэхніцы, які праводзіцца Асацыяцыяй па садзейнічанні развіццю адукацыйных ініцыятыў у галіне дакладных навук і высокіх тэхналогій «Адукацыя для будучыні».
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.