«Нам руку ціснуў сам Прэзідэнт!» У Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пецярым юным жыхарам Ліды Аляксандр Лукашэнка ўручыў пашпарты
Гэту падзею вучні лідскіх школ называюць першым крокам у дарослае жыццё. Нягледзячы на тое што каляндарны дзень 15 сакавіка прайшоў, эмоцыі ад сустрэчы з кіраўніком краіны па-ранейшаму вельмі свежыя.
Усё пачалося з парадных інтэр’ераў Палаца Незалежнасці. Сюды для ўрачыстай цырымоніі былі запрошаны 25 школьнікаў з розных куткоў краіны: прызёры алімпіяд, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, актывісты мясцовых моладзевых арганізацый. Прадстаўніцтва Гродзенскай вобласці было самым вялікім – адразу пяцёра школьнікаў, і ўсе – з Ліды. Для нашага рэгіёна гэта стала сапраўды гістарычнай падзеяй. Нават Прэзідэнт, па словах юных лідчан, станоўча звярнуў увагу на гэты факт.
Дарэчы, аб тым, што Аляксандр Лукашэнка сам уручыць пашпарты, стала вядома толькі за суткі да вызначанай даты. Хваляваліся вельмі! Вучаніца СШ №17 Паліна Паўленка распавяла, што напярэдадні разам з мамай яны карпатліва падбіралі прычоску і адзенне, спрабавалі ў дэталях уявіць, як гэта будзе. Дарэмна, бо прадказанні не спраўдзіліся – усё было нашмат лепей… і свабадней.
– Аляксандр Рыгоравіч адразу вельмі схіліў да сябе, і напружанне знікла, – адзначыла Паліна. – Адчування афіцыяльнасці не было зусім. Шкада толькі, што час так хутка праляцеў. Хацелася б пагаварыць з Прэзідэнтам і запрасіць яго наведаць наш горад, Лідскі замак. Але такой магчымасці, на жаль, не было. Можа, хто з урада гэта прачытае і перадасць яму нашыя запрашэнні?!
Паліна Паўленка – чалавек у сваёй школе вядомы. Сёлета яна стала пераможніцай абласной алімпіяды па біялогіі. Дзяўчынка ўдзельнічае ў валанцёрскім руху “Добрае сэрца”, займаецца рукадзеллем.
Пашпарт Аляксандр Лукашэнка ўручыў і вучаніцы СШ №1 Анастасіі Кузьміцкай. Яна прызёр алімпіяд па фізіцы. А яшчэ захапляецца танцамі, удзельнічае ў розных мастацкіх конкурсах. Вучыцца на выдатна і многае паспяваць – гэта і пра вучня гэтай жа школы Паўла Пазняка, пераможцу алімпіяды па біялогіі ў мінулым годзе, прызёра спартыўных спаборніцтваў.
– Я лічу, што атрымаць самы галоўны дакумент з рук Прэзідэнта вельмі пачэсна, – прызнаўся юнак. – І спраўдзілася мая мара – убачыць Аляксандра Лукашэнку і паціснуць яму руку. Ведаеце, у Аляксандра Рыгоравіча вельмі моцны, упэўнены поціск рукі. Ён вельмі таварыскі і... просты, напэўна. Падчас візіту ў Палац Незалежнасці я нават адразу загарэўся жаданнем у будучым працаваць пры Прэзідэнце – настолькі мне ўсё спадабалася. Але калі эмоцыі ўлегліся, вырашыў усё ж такі трымацца даўно абранага курсу: мару стаць стаматолагам. Лічу, што сустрэча з Прэзідэнтам – добры знак, што так яно і будзе. Бо адбор быў вельмі вялікі, а пашанцавала адзінкам. Цяпер я з вялікім гонарам магу сказаць: “Добры дзень! Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь, і мне руку ціснуў сам Прэзідэнт!”
– Сказаць, што я была здзіўленая, калі мне паведамілі пра паездку на сустрэчу з Прэзідэнтам, – нічога не сказаць, – падзялілася сваімі ўражаннямі Анастасія Кузьміцкая. – Атрыманне пашпарта – дакумента, які пацвярджае грамадзянства, – і без таго вельмі важная падзея, а тут уручаў яго галоўны чалавек краіны! Усё яшчэ лаўлю сябе на думцы: ці сапраўды гэта было са мною? Але гэта было, гэта факт, факт майго жыцця.
Усе, каму выпала магчымасць атрымаць пашпарт з рук Прэзідэнта, па праве гэта заслужылі. Ім усяго па 14 гадоў, а кожны з іх ужо ўмее і любіць добра працаваць і дакладна ведае: толькі так расцвітае талент, толькі так можна дасягнуць поспехаў.
– Прэзідэнт вельмі дабрадушны, прыветлівы і такі ж чалавек, як і ўсе мы – такое ўражанне пакінула ў мяне сустрэча з Аляксандрам Рыгоравічам, – расказвае вучаніца СШ №14 Мілана Касцюк. – Ён умела, хутка стварыў цалкам хатнюю абстаноўку. А яшчэ мне запомніліся ягоныя словы аб тым, што ў 2005 годзе, гэта значыць, у год нараджэння кожных прысутных у Палацы Незалежнасці юнака і дзяўчыны, споўнілася 14 гадоў нашай дзяржаве – Рэспубліцы Беларусь. Цяпер па 14 гадоў нам, і мы атрымалі пашпарты. Гэта сімвалічна. Аляксандр Рыгоравіч казаў таксама пра тое, што намі ганарацца нашы сваякі, а значыць, ганарыцца ўся краіна. І мы павінны дастойна несці званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Мілана добра спявае, не раз станавілася прызёрам вакальных конкурсаў. З асалодай Мілана Касцюк таксама іграе ў тэатры “Вясёлка” пры нядзельнай школе храма Усіх Святых. “Але ў будучым мару звязаць сваё жыццё не з мастацтвам, а з псіхалогіяй”, – агучыла свае планы вучаніца СШ №14.
А вось Вікторыя Горбач, васьмікласніца СШ №15, марыць стаць дызайнерам, а сваю актыўную жыццёвую пазіцыю рэалізаваць праз валанцёрства.
– У мяне ёсць яшчэ адна мара – пабываць у прэзідэнцкім кабінеце. Спадзяюся, яна здзейсніцца ў наступны раз? – усміхнулася Вікторыя.
А такая магчымасць можа з’явіцца. Гадоў гэтак праз 20. Менавіта ў 2039 годзе лідары БРСМ і БРПА прапанавалі хлопцам і дзяўчатам сустрэцца зноў, каб пагаварыць пра тое, як сустрэча з Прэзідэнтам паўплывала на жыццё кожнага, ці ўдалося дасягнуць вызначаных мэтаў.
…Размаўляючы з журналістам “Лідскай газеты”, школьнікі казалі, што сустрэча з Прэзідэнтам падзяліла іх жыццё на “да” і “пасля”. Казалі і пра тое, наколькі сустрэча паўплывала на іх успрыманне сябе беларусамі: любоў да Радзімы стала яшчэ мацнейшай. А яшчэ ўсе прызналіся, што часта гартаюць старонкі пашпарта, углядаюцца ў фотаздымкі і ўпэўненыя: дзень заўтрашні адкрые новую старонку ў іх жыцці.