«Клянуся быць адданым сваёй Айчыне, народу, сям'і»: у СШ №6 г. Ліды адбылося прысвячэнне ў кадэты
Калі б вечарам мінулай пятніцы вы пераступілі парог СШ №6, то, напэўна, сумеліся б: ці не ў кадэтскае вучылішча патрапілі?! У холе іграў ваенны аркестр Лідскага пагранічнага атрада, у калідоры роўным строем, у ваеннай форме, берэтах, белых пальчатках, выцягнуліся хлопцы і дзяўчаты, а ў актавай зале хваляваліся шчаслівыя і ганаровыя бацькі. А яшчэ – навокал было мноства фотакамер, прызваных увасобіць урачысты момант, бадай, адной з самых галоўных падзей жыцця школы і асабліва дзесяцікласнікаў – прысвячэння ў кадэты.
Сярэдняя школа №6 – пачынальніца кадэтскага руху ў Лідзе. Першы кадэтскі клас, згодна з дамовай з Ваеннай Акадэміяй Рэспублікі Беларусь, быў адкрыты тут у 1997 годзе. Ініцыятарам з’яўлялася тагачасны дырэктар школы Людміла Чарнічэнка, справу якой сёння працягвае цяперашні кіраўнік Галіна Прапляска. Гэта ўжо пасля падобныя класы рознай накіраванасці пачалі адкрывацца ў іншых школах. Але першай была менавіта шостая. За дваццаць два гады навучанне ў кадэтскіх класах прайшлі 443 вучні. Амаль палова з іх вучыліся і вучацца зараз у Ваеннай Акадэміі, Інстытуце пагранічнай службы, на ваенных факультэтах грамадзянскіх вну Беларусі.
Кадэты шостай школы на павышаным узроўні вывучаюць фізіка-матэматычныя, хіміка-біялагічныя, філалагічныя дысціпліны. Кадэтства – гэта не абавязкова паступленне ў ваенныя вну. Галоўнае тут – адпаведнае выхаванне, высокі ўзровень самасвядомасці, дысцыпліны і самадысцыпліны, дух калектывізму і згуртаванасці.
– Вучні кадэтскіх класаў сапраўды адныя з лепшых у школе, – пацвярджае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Лапко. – Яны актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці школы, у гарадскіх, раённых патрыятычных мерапрыемствах. Яны добра вучацца. Напрыклад, адзінаццацікласнік, кадэт Ігнат Ільюшонак сёлета стаў пераможцам трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Эдвард Урбановіч – кандыдатам у майстры спорту па дзюдо. Не ўступаюць адзінаццацікласнікам дзесяцікласнікі, якіх зараз мы і прымаем у кадэты. Дзесяць з вучняў – пераможцы другога і трэцяга этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Цімафей Аўсейчык, напрыклад, – пераможца трэцяга этапу алімпіяды па гісторыі.
– Дзясяты кадэтскі клас – гэта трынаццаць хлопчыкаў і шаснаццаць дзяўчынак, – расказвае класны кіраўнік Ала Ганчарык. – Не кожны мог у гэты клас папасці. Патрэбна была добрая паспяховасць і адпаведныя паводзіны. Сюды ішлі асэнсавана. Дзесяць чалавек з класа намераны паступаць у ваенныя вну.
Міхаіл Сукач адзін з іх. Прызнаецца, што рашаючую ролю ў выбары прафесіі на яго аказаў сябар таты, ваенны. “З яго бяру прыклад як з чалавека і сам хачу быць ваенным”, – кажа Міхаіл.
Урачыстую клятву даў кожны з дваццаці дзевяці дзесяцікласнікаў: “…абяцаю любіць сваю Радзіму, быць адданым сваёй Айчыне, народу, сваёй сям'і, быць сумленным, справядлівым, дысцыплінаваным, ветлівым, добрасумленна вывучаць школьныя прадметы і ваенную справу, выконваць патрабаванні выкладчыкаў, беражліва ставіцца да школьнай маёмасці і сваёй формы, выконваць традыцыі і звычаі роднай школы… Клянуся”.
Павіншаваць кадэтаў з урачыстай падзеяй прыйшлі шматлікія ганаровыя госці: сярод іх член Савета Рэспублікі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, камандзір батальёна курсантаў агульнавайскавога факультэта Ваеннай Акадэміі Дзмітрый Кабановіч, вядучы спецыяліст аддзела прызыва на тэрміновую службу райваенкамата Наталля Роўба, намеснік камандзіра Лідскага пагранатрада Алег Вашкевіч, камандзір батальёна сувязі і РТЗ 116 штурмавой авіябазы Аляксандр Пуціла, член прэзідыума раённага Савета ветэранаў Анатоль Піманавіч Траццякоў, начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі райвыканкама Ірына Лобан, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ганна Кенць, а таксама протаіерэй Аляксей Глінскі.
У адрас юных кадэтаў прагучала мноства пажаданняў. “Пасля прысвячэння чалавек поўнасцю мяняе сваё жыццё, становіцца іншым, – казаў айцец Аляксей. – Даўшы клятву быць годным, сумленным, справядлівым, трымайце яе навечна ў вашых сэрцах. І памятайце, што перамога на поле бітвы дабываецца з дапамогай зброі. А вось перамога над злом адбываецца ў сэрцы чалавека. Перамагайце зло дабрынёй і чалавечнасцю”. “Кадэтскі корпус мае вялікую гісторыю, – адзначаў, віншуючы рабят ад імя ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, раённага Савета ветэранаў Анатоль Піманавіч Траццякоў. – Кадэтамі былі такія выбітныя асобы як фельдмаршалы Аляксандр Сувораў і Міхаіл Кутузаў, адмірал флота Павел Нахімаў, мастак Васіль Верашчагін, пісьменнікі Аляксандр Купрын і Фёдар Дастаеўскі. Яны праслаўлялі Айчыну сваімі поспехамі. Нясіце і вы званне кадэт з гонарам”. “Беражыце жыццё – сваё і ўсіх, бо гэта найвялікшая каштоўнасць”, – вучыла кадэтаў іх “другая мама”, дырэктар школы Галіна Прапляска. “Жадаю, каб кожны з вас нёс сваё імя і прозвішча з годнасцю на жыццёвым шляху, – звярталася да кадэтаў член Савета Рэспублікі, старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш. – Каб вамі ганарыліся не толькі бацькі і шостая школа, але і малая радзіма, і Рэспубліка Беларусь”.
З нагоды святочнай падзеі вучнямі і педагогамі школы была падрыхтавана канцэртная праграма. Яна ўключала фрагменты гістарычнай рэканструкцыі, якая плаўна пераходзіла ў сучаснасць. На сцэну выйшлі вучні і творчыя калектывы школы. Паказальныя выступленні далі каманда “Інфанта” клуба эстэтычнай гімнастыкі “Грацыя”, а таксама выхаванцы спартыўнага класа па дзюдо СШ №6. Надзвычай уразілі і прайшлі на адным дыханні выступленні саміх кадэтаў: плац-канцэрт і рамантычны вальс.