Прадпрыемствы Лідчыны чакаюць маладых ды годных
Работа з маладымі спецыялістамі, іх прыцягненне на прадпрыемствы, заахвочванне, замацаванне і існуючыя праблемы былі ў цэнтры ўвагі ідэалагічнага актыву Лідчыны падчас круглага стала, што адбыўся на базе Лакаматыўнага дэпо “Ліда”. Абмеркаванне праходзіла пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Віктара Пранюка, а ўдзел у ім прынялі намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце, супрацоўнікі кадравых службаў прадпрыемстваў горада і раёна.
Гаспадары пляцоўкі, супрацоўнікі дэпо, напачатку правялі экскурсію па прадпрыемстве. Удзельнікі пабывалі ў цахах, дзе вядзецца рамонт і падрыхтоўка да выхаду ў шлях лакаматываў, наведалі музей, дзе перапляліся гісторыя і сучаснасць і дзе сабраны ўнікальныя экспанаты з гісторыі чыгункі, зазірнулі ў вучэбныя класы, дзе вядзецца падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі дэпоўцаў, і кабінет псіхолага, дзе праходзяць тэсціраванне на профпрыгоднасць не толькі маладыя спецыялісты, але і ўвогуле супрацоўнікі.
Лакаматыўнае дэпо было абрана пляцоўкай для падобнага круглага стала невыпадкова: арганізацыя працы з маладымі спецыялістамі тут адна з лепшых у горадзе. Маладымі кадрамі даражаць, але да іх і прад’яўляюць патрабаванні. Усё ж такі чыгунка – сфера асобага прызначэння, выпадковых людзей тут няма і быць не можа. А тыя, хто застаецца, маюць і ўмовы для працы, і перспектывы росту, і прывілеі. За прыкладам далёка хадзіць не трэба. Аднаго з маладых спецыялістаў, Ігара Ванюка, запрасілі паўдзельнічаць у круглым стале і самому падзяліцца ўражаннямі аб працы. Ігар з Лунінецкага раёна, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт траснпарту ў Гомелі. Па спецыяльнасці інжынер, але ў лідскім дэпо пакуль працуе слесарам. Гэта не засмучае, бо, як кажа сам малады чалавек, трэба ўсё паспрабаваць сваімі рукамі, вопыт патрэбен. Ігар працуе ў цэху №12 і вельмі рады, што апынуўся менавіта ў гэтым калектыве. Яму дапамаглі адаптавацца, і зараз падтрымліваюць, падказваюць, дапамагаюць. У вольны час наведвае спартыўную залу, займаецца гіравым спортам. Любіць хакей і ў выхадныя ходзіць на матчы ў Лядовы палац. На пытанне, ці ёсць жаданне застацца ў лідскім дэпо пасля адпрацоўкі, малады чалавек адказвае: “Час пакажа. Ліда падабаецца, калектыў таксама, ёсць перспектывы... Чаму б не?”
Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Лакаматыўнага дэпо “Ліда” Ігар Гурэцкі пацвердзіў: сапраўды, на прадпрыемстве вельмі шмат робіцца для моладзі. Створаны ўсе ўмовы і для павышэння кваліфікацыі, і для далейшай вучобы, і для кар’ернага росту. Вядома, гэта і сацыяльныя гарантыі: выдзяляюцца пакоі у інтэрнаце, кампенсуецца арэнда жылля і г.д. Працуюць спартыўныя гурткі, мастацкая самадзейнасць, клуб інтэлектуальных гульняў.
Дадатны вопыт работы з моладдзю ёсць і ў іншых прадпрыемстваў і арганізацый. Напрыклад, у Лідскай ЦРБ. Такі факт: пры размеркаванні ў Гродзенскім медуніверсітэце маладыя ўрачы часта самі імкнуцца менавіта ў Ліду. Ведаюць: тут добрая школа практыкі. Трэба аддаць належнае, і ў самой Лідскай ЦРБ распрацавана сістэма мер па прыцягненні і замацаванні маладых медыкаў. Намеснік галоўнага ўрача Алена Дапіра адзначыла: “Сёлета на працу прыйшло 77 маладых медыкаў: 35 урачоў і 42 прадстаўнікі сярэдняга медыцынскага персаналу. Выдадзены загад галоўнага ўрача аб замацаванні за імі настаўнікаў і складзены план работы”.
– Арганізацыя работы з маладымі спецыялістамі – адзін з найважнейшых ідэалагічных накірункаў работы прадпрыемстваў і арганізацый, – адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Ірына Рабец. – Штогод аддзелам ажыццяўляецца маніторынг работы з маладымі спецыялістамі ў калектывах. Сёлета паказчык замацоўваемасці маладых спецыялістаў ў арганізацыях Лідскага раёна склаў 64,4 працэнта, што вышэй абласнога. Найбольш высокі ён на працягу шэрагу год ва ўстановах адукацыі і ва ўстановах аховы здароўя. У параўнанні з папярэднімі гадамі дадатная дынаміка ў прамысловых прадпрыемствах, а самы нізкі працэнт у сельскагаспадарчых арганізацыях.
Так, у ЛРСУП “Мажэйкава” зараз працуе 18 маладых спецыялістаў, шасцёра з іх прыйшлі на працу сёлета. Аб гэтым расказала падчас круглага стала заатэхнік гаспадаркі Ганна Клімовіч. Безумоўна, моладзь тут запатрабаваная. Дзеля іх імкнуцца стварыць ўмовы: прадстаўляюць інтэрнат, нават пакоі з мэбляй, аказваюць матэрыяльную дапамогу... Першае, што хвалюе маладых, гэта, як і ў цэлым у сельскай гаспадарцы, заработная плата. У любым выпадку, варта звяртацца да кіраўніцтва – кожнаму пойдуць насустрач.
Падчас абмеркавання тэмы прагучала шмат меркаванняў наконт працы маладых спецыялістаў. Канешне, для маладых варта ствараць належныя ўмовы, але не рэдкасць сёння і такія выпадкі, калі ў прадпрыемстваў шмат нараканняў на моладзь, узровень яе падрыхтоўкі ва ўніверсітэтах і каледжах, адказнасць, даросласць, самастойнасць і іншыя маральныя якасці. Ад удзельнікаў круглага стала прагучалі канкрэтныя факты (не факты нават, а галаўная боль, з якой кіраўнікі часам не ведаюць, што рабіць), калі на прадпрыемствы прыходзяць маладыя “спецыялісты”, якія не ўмеюць уключыць станок, не тое што працаваць на ім. А бывае, і жадання працаваць няма, або амбіцыі зашкальваюць. Тут ужо не дапаможа ні настаўнік, ні заахвочванне. Адным словам, сітуацыю трэба ацэньваць рэальна, так жа паступаць з падобнымі “спецыялістамі”. Гэтую думку падкрэсліваў у сваім выступленіі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Францавіч Пранюк:
– Міф аб тым, які б малады спецыяліст не прыйшоў, яму будуць усе прывілеі, трэба развенчваць! На жаль, ёсць і такія, якія пападаюцца на парушэннях працоўнага, антыалкагольнага заканадаўства. І гэты бок медалі трэба бачыць. Частка маладых спецыялістаў дрэнна вучылася ва ўніверсітэтах і дрэнна выконвае свае абавязкі. Калі прадпрыемства стварае ўмовы для маладых спецыялістаў, то яно прад’яўляе і патрабаванні. Не ўсе могуць іх выканаць. Не ўсе разумеюць, што інфанцільнае дзяцінства скончылася. Экзамен на першым працоўным месцы складаны і не кожны гатовы яго выканаць на выдатна. Прадпрыемству нічога не застаецца, як з імі развітвацца.
Гэта не норма, а выключэнне з правіла. Але ведаць яго трэба. І тым маладым, хто заўтра прыйдзе на працу з дыпломам, і нават іх бацькам, якія чакаюць ад прадпрыемства вельми многага.