У чаканні Віфлеемскай зоркі

24 Декабря 2017 1644

Зусім хутка католікі ўсяго свету раскладуць на стале крыху сена, засцелюць яго белым абрусам, а ў цэнтр пакладуць аплатку. І затрымціць агеньчык свечкі як сімвал яднання, сімвал Віфлеемскай зоркі, сімвал Божага Нараджэння.

Апошнія падрыхтоўкі да свята вядуцца ў хаце самага сталага парафіяніна Беліцкага касцёла Святога Юрыя – 91-гадовага Юрыя Кракулінскага з вёскі Чаплеўшчызна. Увіхаюцца па гаспадарцы, вядома, у асноўным дочкі – Галіна і Люцыя. Бацька хіба што дае парады ды нагадвае, што ў мітусні спраў надзённых нельга забываць пра духоўнае. Таму некалькі разоў у дзень усе работы ў доме спыняюцца і сям'я збіраецца на сумесную малітву. Дарэчы, так было заўсёды.

– Наша мама Марыя была вельмі веруючым чалавекам, яна і нас так выхавала, – расказваюць Галіна Енза (на здымку справа) і Люцыя Пянькова. – Добра адклалася ў памяці, як мы разам, усёй сям'ёй, хадзілі па нядзелях у касцёл… Мамы няма з намі ўжо амаль 12 гадоў, але мы па-ранейшаму захоўваем сшытак з перапісанымі ёй ад рукі малітвамі і цвёрдым наказам: расказваць пра міласэрнасць Бога сваім дзецям і ўнукам, выхоўваць іх у каталіцкіх традыцыях. І жаданне маці мы свята выконваем.

Юрый Юр'евіч слухаў дачок і па-добраму ўсміхаўся: галоўны жыццёвы ўрок засвоены добра. А потым 91-гадовы пенсіянер распавёў журналісту “Лідскай газеты”, што ў яго сям'і Каляды сустракалі заўсёды і што нават у гады Вялікай Айчыннай вайны на стале абавязкова ляжала белая аплатка.

– Былі таксама селя-дзец, хлеб – іх мы куплялі ў яўрэяў, якіх тады ў Беліцы жыло шмат, – успамінае Юрый Кракулінскі. – Пяклі абавязкова галушкі, варылі кісель, з салодкага – сушаныя грушы і яблыкі. Увогуле страў было 12 – па колькасці апосталаў.

Так будзе і ў гэты раз. Рыхтаваць стол будуць усе разам. Каторы год запар «абавязкам» Юрыя Юр'евіча з’яўляецца намалоць досыць маку, яго дачка Галіна напоўніць хату цяплом і вельмі прыемным водарам свежых булак, Люцыя насмажыць піражкоў і абавязкова лясных грыбоў з цыбуляй – любімай бацькавай стравы. Але перш-наперш усе возьмуцца не за відэльцы, а за ружанец...

У цэлым за вігілійнай вячэрай у бацькоўскай хаце Кракулінскіх збярэцца адразу пяць пакаленняў. У госці прыйдуць унукі з сем’ямі, праўнукі і нават прапраўнук 91-гадовага Юрыя Юр’евіча. І кожны будзе адчуваць радасць, душэўны спакой, вялікую падзяку Богу за тое, што яны ёсць адзін у аднаго.

Дом Юрыя Кракулінскага прыкметна вылучаецца сярод суседскіх. Але не столькі яркім жоўтым колерам, колькі ўстаноўленым у двары крыжам. Ён з'явіўся тут два гады таму, быў набыты і ўзведзены цалкам на сродкі Юрыя Юр'евіча. Душпастыр касцёла Святога Юрыя ксёндз Валянцін Хвядук асвяціў паклонны крыж, і сёння ён з’яўляецца адзіным у вёсцы Чаплеўшчызна. Вось такую спадчыну, успамін пра сябе вырашыў пакінуць самы сталы парафіянін Беліцкай парафіі Юрый Кракулінскі.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться