Суседзі вырашылі адразу: «Бабулю прыцягнуць да адказу!»

24 Декабря 2017 2662

Пажылыя людзі, якія маюць жыццёвае крэда: “Варушыцца трэба, іначай мохам пойдзеш” – і снуюць як тыя электравенікі, выклікаюць захапленне. А калі яшчэ заняты справамі, што прыносяць карысць, дык ім наогул цаны няма. Хвароб у такіх людзей бывае не менш чым у каго з аднагодкаў, але падчапурацца – і наперад. Бо лічаць: калі рух, тады і жыццё.

Сямідзесяціпяцігадовая лідчанка, якая будзе сёння гераіняй нашага артыкула, з той жа кагорты. Дакладней, гутарка пойдзе не пра яе саму, а пра сітуацыю, якая склалася вакол гэтай кабеты паважанага ўзросту.

Яшчэ ў час работы ў адной з арганізацый раёна жанчына, як і іншыя работнікі, атрымала ў дачным кааператыве дачны ўчастак. На адведзеным кавалку зямлі былі змайстраваны два хлеўчыкі, разбіты градкі, пасаджаны дрэвы. Словам, усё як ва ўсіх на тыя часы.

Мінаў год, другі, дзясяты – будаваць на ўчастку гмахі ў гаспадыні не было на што, ды і рукі не даходзілі. Бо спраў як да пенсіі, так і на ёй было “выше крыши”. (Аб тым, што карыснага рабіла, можна было б расказваць многа, ды зараз, як кажуць, не пра гэта.) Таму стаялі гэтыя хлеўчыкі больш за трыццаць год. І стаялі б далей, але недзе пачула кабета, што добрая хата ў выміраючай вёсцы суседняга раёна, у якой даўно ўжо ніхто не жыве, можа пайсці пад нож бульдозера. Агарнутая ўспамінамі дзяцінства і юнацтва, жанчына вырашыла перавезці “бацькоўскае гняздо” ў дачны кааператыў. Маўляў, карысць ад гэтага будзе вялікая: спадчына, якая засталася ад продкаў, не заваліцца ў адзіноце без чалавечага цяпла, а яшчэ паслужыць некаторы час ёй самой, а затым яе нашчадкам.

Жанчына актыўна ўзялася за справу. Хату ў вёсцы разабралі па бярвеннях і прывезлі на дачны ўчастак у Лідскі раён. Знайшліся майстры, каб удыхнуць новае жыццё ў будыніну. І работа закіпела. Безумоўна, у будаўнічых работах спатрэбіліся новыя дошкі, брусы і іншае. І вось аднаго разу, прыехаўшы на дачу, работнікі і сама гаспадыня выявілі, што не хапае часткі новых брусоў. Калі сказаць, што жанчына, якая прывыкла лічыць кожную капейку, прыйшла ў роспач, дык гэта, лічы, нічога не сказаць. У хваляванні звярнулася ў міліцыю. А потым, калі эмоцыі трохі схлынулі, пачала і сама прыкідваць, куды маглі дзецца тыя брусы. На ўчастку суседзяў таксама ішло будаўніцтва. Той-сёй ёй і падказаў, што трэба пільней зірнуць на суседскія піламатэрыялы – а раптам брусы сярод іх зацясаліся…

Тое, што бабуля магла ўсумніцца ў іх сумленнасці, суседзі старой не даравалі. І пачалося. Ты нас кусь? А мы цябе кусь-кусь ды яшчэ раз кусь-кусь.

Паляцелі скаргі ў розныя інстанцыі. Маўляў, участак старой суседкі завалены драўлянымі будматэрыяламі. Але прабачце, а як жа іначай, калі ідзе будаўніцтва і на месцы былых хлеўчыкаў ладзіцца з бярвення старой хаты новая будыніна? Гэта ж вам не з поўнымі кішэнямі грошай заказаць майстроў, каб з еўраматэрыяламі прыехалі. (Хаця, шчыра кажучы, ладны ў старой кабеты атрымаўся дом – паглядзіце на здымак. Непатрэбнае вакол прыбярэцца, будынак зайграе сваёй прыгажосцю.)

Не мінула скарга ад суседзяў і зямельную службу. Маўляў, агароджа дачнага ўчастка бабулі з боку вуліцы неапраўдана пасунута да праезджай часткі. І хаця не ў адной старой жанчыны агароджа ўсталявана такім чынам, а і ў некаторых іншых па вуліцы платы ідуць наўкос, менавіта ад старой кабеты патрабавалі змясціцца ў глыбіню ўчастка, нягледзячы на тое што такім чынам уразаюцца яе запаветныя шэсць сотак. Новая, ужо купленая агароджа з надыходам цяпла павінна стаць на вызначанае месца. Што тычыцца скаргі на “не такое” месцазнаходжанне самога дома, дык ён, дарэчы, стаіць на ўзроўні іншых дачных домікаў гэтай лініі.

Нарэшце, на чарговы “выпад” у свой адрас жанчына зрабіла ход у адказ: калі сусед пачаў сыпаць лаянкай з брыдкімі, абражаючымі словамі, звярнулася ў міліцыю. Мужчыну за адміністрацыйнае правапарушэнне аштрафавалі.

Новая скарга з боку суседзяў не прымусіла сябе доўга чакаць. Цяпер яны патрабавалі, каб хата старой не была абіта шалёўкай. Маўляў, драўлянае ж можа загарэцца! Вось толькі пры гэтай прэтэнзіі здзіўляе: як жа жылі раней нашы продкі, у якіх у вёсках хаты былі толькі драўлянымі? Дарэчы, і дачныя хаткі раней многія будавалі з дрэва, і ніхто не фанабэрыўся: “Ты нам не раўня, мы цябе да ногця”.

“Што ж мне рабіць? Ну як жа ад іх адбіцца?” – пытаецца бабуля. Ну сапраўды, не з палкаю ж ганяць! Тут хутчэй дапаможа, калі закрануць маральны бок. Таму і хочацца звярнуцца да суседзяў. Вы значна маладзейшыя, зрабіце добрую справу: падніміцеся вышэй сітуацыі. Не такі ж ужо дрэнны чалавек гэта старая кабета. Хоча жыць у ладзе і міры. Суседам з аднаго боку ад дачнага ўчастка яна не нахваліцца, на другога – лічы, ледзьве не моліцца… Ну а вы што, горшыя?

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться